Маці беларускіх спартсменаў: самыя адданыя заўзятаркі і самыя суровыя крытыкі

Да Дня маці, які адзначаецца ў Беларусі 14 кастрычніка, «Трыбуна» зрабіла падборку гісторый пра зорак беларускага спорту і іх матуль.

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Кацярына Сныціна

«Можна сказаць, у баскетбол я прыйшла з нараджэння. Мой тата з Беларусі, мама — з Казахстана, а сустрэліся яны ў Кішынёве, куды прыехалі вучыцца ва ўніверсітэце і гуляць у баскетбол. Я расла, гледзячы на тое, як мае бацькі з задавальненнем займаюцца любiмай справай. У мяне не было сумневаў, чым бы заняцца: толькі баскетбол», — расказвала Кацярына пра сям'ю.


1_807.webp

Яе бацькі падтрымлівалі асабіста на шматлікіх матчах — на бронзавым для зборнай Беларусі ЧЕ-2007 былі ледзь не адзінымі заўзятарамі каманды на італьянскіх трыбунах. Калісьці мама Сныцінай выратавала сабаку дачкі, на самалёце даставіўшы жывёлу да добрага лекара. Як кажа баскетбалістка, сям'я да гэтага часу падтрымлівае яе ва ўсіх пачынаннях, а маме яна нярэдка тэлефануе яшчэ і для кансультацый па кулінарных справах.

Максім Салаш

Маму найлепшага баскетбаліста Беларусі апошніх гадоў клічуць Надзея. Яна навучыла маленькага Максіма гуляць у шахматы, пасля чаго ён чатыры гады хадзіў у профільную секцыю. Потым захапіўся футболам, але праз высокі рост адчуваў цяжкасці. Тады яго запрасілі ў баскетбол. Хлопец не хацеў зноў мяняць від спорту, але, як згадваў, «угаварылі бацькі». А ўжо ў 16 гадоў Салаш паехаў гуляць у Іспанію. Паводле яго слоў, «мама і тата з разуменнем паставіліся да гэтага рашэння і заўсёды верылі».


2_744.webp

Павел Савіцкі

Маму найлепшага па «гол+пас» футбаліста ЧБ-2023 клічуць Ала. Бацька Паўла, таксама футбаліст, сустрэў жонку ў Лідзе, дзе гуляў за мясцовы «Абутнік» на пачатку 1990-х. Павел вырас ужо ў Гродне. У дзяцінстве ён вучыўся ігры на баяне, але ў 12 гадоў сказаў маме, што футбол — гэта яго жыццё, і заняткі музыкай спыніліся. Мама ж стала пастаяннай глядачкай на матчах сына і вельмі ганарылася, калі ўжо ў 16 гадоў ён дэбютаваў у вышэйшай лізе за «Нёман».


3_660.webp

Вікторыя Азаранка

Маму тэнісісткі клічуць Ала. Яна працавала метадысткай у мінскім Палацы тэніса — і, уласна, прывяла дачку ў гэты від спорту. Зусім нядаўна Вікторыя прызналася, што адчувала тады сур'ёзны ціск. «Мама была вельмі строгай са мной. Яна моцна хвалявалася праз мае паразы. Я баялася яе расчараваць. Я да гэтага часу адчуваю віну, калі прайграю», — заявіла тэнісістка.


4_613.webp

Ала нярэдка суправаджала Вікторыю на турнірах — брала на сябе ўсё бытавое абслугоўванне, нават калі дачцэ было ўжо за дваццаць. У студзені 2016-га ў маці Азаранка выявілі рак грудзей, пра што яна не хацела расказваць дачцэ (Вікторыі паведаміў брат), але яе змаглі вылечыць. Цяпер Ала часта прыязджае да Вікторыі ў Амерыку і няньчыцца з унукам Леа. А тэнісістка аднойчы напісала ў сацсетках, што «чалавек ніколі не перастане мець патрэбу ў сваёй маці».


Глядзіце таксама

Арына Сабаленка

Маці прарэжымнай падпісанткі клічуць Юлія. Відавочцы дзіцячых трэніровак і матчаў Арыны згадвалі, што маці не раз выбачалася перад іншымі бацькамі за паводзіны дачкі: з вытрымкай у яе было дрэнна з самага ранняга ўзросту. Першая трэнерка Сабаленкі Алена Вяргеенка згадвала, што, калі Арыне было 11 гадоў, сказала Юліі, што тэнісістцы лепш растацца з коўчам, калі яна не збіраецца выконваць указанні. «Але яе бацькі не маглі на яе паўплываць, хутчэй, яна ўплывала на іх, любіла даваць указанні», — дадавала Вяргеенка.


5_575.webp

Юлія расказвала, што ў дзяцінстве «толькі і паспявала» заказваць дачцэ новыя пломбы — яна занадта любіла разгрызаць смактальныя цукеркі. Арына згадвала, што маме не спадабалася татуіроўка тыгра — Юлія спытала: «Што гэта за хрэнь?» — і не размаўляла з дачкой тыдзень. Але ўвогуле ў тэнісісткі добрыя адносіны з маці, ёй часта прыходзяць падарункі ад дачкі. «Мама ўсё яшчэ маладая і можа сама пра сябе паклапаціцца. Мы будзем праводзіць больш часу разам, калі я завяршу кар'еру», — зусім нядаўна заявіла Арына.

Дзінара Смольская

Маці прарэжымнай падпісанткі клічуць Ірына, яна нарадзілася ў Казахстане — яе бацькі адправіліся туды «падымаць цаліну». Там жа жанчына сустрэла бацьку будучай дачкі — казаха Талгата Алімбекава. Як расказвала Дзiнара, напярэдадні родаў урачы памылкова прадказвалі, што дзяўчынка не зможа хадзіць.


6_428.webp

Калі дзяўчынцы было тры гады, Ірына разам з дачкой пераехала ў Беларусь. Як расказвала маці, Дзiнара ў дзяцінстве паспела паспрабаваць мноства гурткоў і секцый, а выбар біятлона Ірыне спачатку не спадабаўся, яна спрабавала адгаварыць дачку, але потым усё ж прыняла яе захапленне пасля ўгавораў. Першыя поспехі Дзiнары пераканалі, што так і павінна быць, а пазней Ірына стала пастаяннай глядачкай гонак — і па тэлевізары, і асабіста. «Я заўсёды верыла і веру ў сваю дачку. Мы з ёю вельмі блізкія. Пасля няўдалых гонак мы гутарым, я імкнуся яе падтрымаць», — у 2019-м расказвала маці біятланісткі.

Ягор Шаранговіч

Маму хакеіста НХЛ клічуць Таццяна. На канькі Ягора ставіў бацька на катку на мiнскай Кастрычніцкай плошчы — мама ў гэты момант пільнавала рэчы. Хакейныя практыкі ў Ягора былі дома. «Браў драўляную клюшку, шайбу і абводзіў у прыхожай чаравікі. На лінолеуме заставаліся сляды, і мама сварылася. А часам з бацькам проста ў кватэры пачыналі пасавацца. Бывала, трапім шайбай у халадзільнік, і нам ужо абодвум ад мамы прылятае», — згадваў хакеіст.


7_307.webp

Тым не менш Таццяна заахвочвала заняткі сына: вазіла на трэніроўкі, якія часам пачыналіся і а шостай раніцы. Таксама Ягор павінен быў паказаць маці выкананыя хатнія заданні са школы, каб атрымаць дазвол схадзіць на трыбуну на матчы «Дынама» ў КХЛ. Цяпер Шаранговіч называе бацькоў сваімі галоўнымі заўзятарамі.


Глядзіце таксама

Аляксей Протас

Маму хакеіста клічуць Таццяна. Як сказаў Аляксей, яна любіла тэніс, але захапленню сына дапамагала як магла. Сама Таццяна згадвала: «Лёшу на хакей прывяла я, тата тады быў у ад'ездзе. Патрапіўшы ў "лядовы" адзін раз, больш з яго мы не выйшлі. Трэніроўкі а шостай раніцы, баулы — па-мойму, гэта не самае цяжкае, цяжэй калі ў дзіцяці нешта не атрымліваецца». Паводле слоў Протаса, бацькі нават некалькі разоў пераязджалі дзеля кар'еры сыноў (у Аляксея ёсць брат Ілля).


8_203.webp

У 14 гадоў Аляксей паляцеў развівацца ў Амерыку — згадваў, што пра такую магчымасць яму паведаміла якраз мама. Яна называла гэта вельмі складаным рашэннем, але ўсё ж адпусціла сына за акіян. У выніку ўсё было не дарма: у 2021-м Протас дэбютаваў у НХЛ, пасля чаго сказаў, што мама нават расплакалася ад шчасця.

Арцём Каралёк

Топавы беларускі гандбаліст гаварыў, што бацькі былі «за» яго заняткі спортам, але маці не хацела адпускаць у спартыўны клас (трэба было пераязджаць у Гродна з Верцялішак — аграгарадка ў 15 км ад аблцэнтра). Аднак бацька здолеў настаяць, і далей кар'ера Каралька ішла па ўзыходнай. У 2020-м гандбаліст згадваў, што маці займаецца «цяжкай фізічнай працай на прадпрыемстве, груба кажучы, пяць дзён на тыдзень з дзявятай да дзявятай і зарабляе 300 долараў».


9_155.webp

«У нашым доме не было душа, зімой даводзілася калоць дровы — сапраўдная вёска. Але бацькі імкнуліся даць нам тое, чаго мы жадалі, не забаранялі нічога. Калі б не яны, мяне б тут сёння не было. Таму, як толькі я стаў больш зарабляць, вырашыў пабудаваць для бацькоў новы дом у Беларусі», — расказваў гандбаліст пра сваю падзяку сям'і.