Збіццё, вялізарныя тэрміны, помста. Як рэжым ваюе з беларускімі маці

Сёння ў Беларусі адзначаюць Дзень Маці. Неўзабаве кіраўнік рэжыму звернецца да беларусак з традыцыйнай прамовай пра «найвялікшае пакліканне – дарыць новае жыццё» і выкажа «асаблівую падзяку» шматдзетным маці. Ён не згадае пра дзясяткі гераічных жанчын, якія проста зараз зазнаюць страшэнныя пакуты па ягоным загадзе, і пра іх дзяцей, што пакутуюць не менш. 

Выява створаная з дапамогай штучнага інтэлекту

Выява створаная з дапамогай штучнага інтэлекту

Пераслед маці беларускіх добраахвотнікаў, што ваююць на баку Украіны

15 жніўня 2023 года стала вядома пра затрыманне Іны Калацкай, маці Ціхана Клюкача – былога палітвязня і добраахвотніка, што ваюе на баку Украіны. Затрыманнем пахваліўся берасцейскі тэлеграм-канал ГУБАЗіКа. Пачаткова жанчыне закідвалі «датычнасць да экстрэмізму», што можна было трактаваць надзвычай шырока.

Іна Калацкая

Іна Калацкая

Суд над спадарыняй Інай адбыўся 29 жніўня. У выніку яе абвінавацілі паводле арт. 24.3 КаАП («Непадпарадкаванне службовай асобе»). Як вынікае з тэкста адпаведнай судовай пастановы, «непадпарадкаванне» выявілася ў тым, што спадарыня Іна спрабавала выдаліць з асабістага тэлефона перапіску з сынам, зместам якой цікавіліся сілавікі. Маці добраахвотніка прысудзілі штраф у памеры 370 рублёў.

Глядзіце таксама

Наталля Суслава з Гомеля – кандыдат філалагічных навук. Раней яна выкладала рускую літаратуру ў Гомельскім дзяржаўным універсітэце, а ў 2020 годзе далучылася да мірных акцый пратэсту супраць гвалту і фальсіфікацый.

Спадарыня Наталля – маці Паўла «Волата», добраахвотніка, які загінуў на вайне супраць расійскай агрэсіі. Сёння Наталля жыве ва Украіне. Міністэрства абароны Украіны пасмяротна ўзнагародзіла Паўла медалём «Україна понад усё!». Маці атрымала медаль за сына.

Наталля Суслава

Наталля Суслава

А радзіма не спыняе вытворчасць новых крымінальных спраў, імкнучыся адпомсціць Наталлі. Так, у лістападзе 2022 года з’явілася крымінальная справа, у якой жанчыне закідвалі «садзейнічанне экстрэмізму» за інтэрв’ю тэлеканалу «Белсат», у якім яна распавядала пра сына.

Глядзіце таксама

У снежні таго ж года ГУБАЗіК ва ўласцівай яму манеры пахваліўся тым, што зладзіў пагром у гомельскай кватэры Наталлі. Але і на гэтым яны не спыніліся. Сёлета ў студзені з’явілася новае абвінавачанне – гэтым разам паводле арт. 361-3 УК («Удзел на тэрыторыі замежнай дзяржавы ў баявых дзеяннях»).

Няздольны да спачування да жанчыны, што страціла ўлюбёнага сына, рэжым бачыць перад сабой толькі бязлітасную і бессэнсоўную помсту.

Наталля Суслава і беларускія добраахвотнікі

Наталля Суслава і беларускія добраахвотнікі

Не менш вычварэнская практыка службоўцаў рэжыму састаіць у тым, каб запісваць відэа з маці беларускіх ваяроў, што змагаюцца ва Украіне, і выкарыстоўваць іх у прапагандысцкіх мэтах. Пад ціскам сілавікоў жанчыны вымушаныя запісваць відэа, у якіх нібыта публічна асуджаюць рашэнне сыноў ваяваць на ўкраінскім баку і заклікаюць іх вяртацца ў Беларусь (дзе сыноў, відавочна, чакае турма). Так улетку 2020 года на дзяржканалах з’явіўся зварот маці да добраахвотніка Палка імя Кастуся Каліноўскага Аляксея Вайцяховіча з пазыўным «Оскар».

«Мне здаецца, што яе прымусілі мяне абгаварыць. Першыя яе словы былі пра тое, што я «мамчын сынок». Пасля гэтага я выключыў відэа. У мяне не было жадання глядзець далей. Я ўсё зразумеў, бо ўвесь час намагаўся быць незалежны ад бацькоў, і мама пра гэта цудоўна ведае», — каментаваў відэа малады баец у інтэрв’ю.  

Пазней у тэлеграм-канале ГУБАЗіКа з’явілася аналагічнае відэа з маці яшчэ аднага добраахвотніка – Яраслава. У відэа жанчына прасіла хлопца «адумацца».

Бязлітасныя прысуды і збіццё шматдзетных маці

26 кастрычніка 2022 года ў Магілёўскім абласным судзе вынеслі прысуд маці трох дзяцей, палітзняволенай Анастасіі Ганчарэвіч. Яе пакаралі 4 гадамі і 6 месяцамі за кратамі. Так службоўцы рэжыму адпомсцілі шматдзетнай маці за «абразу» свайго начальніка і «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці».

Анастасія Ганчарэвіч

Анастасія Ганчарэвіч

Яшчэ больш жорсткім – 5 гадоў калоніі і штраф у памеры 2650 рублёў – быў прысуд Гродзенскага абласнога суда дляЮліі Лаптановіч. Спадарыня Юлія – актывістка з Пружанаў і таксама маці трох дзяцей.

Юлія і Ігар Лаптановічы з дзецьмі

Юлія і Ігар Лаптановічы з дзецьмі

Але для рэжыму жанчына, відавочна, прадстаўляе страшэнную небяспеку. У сілавікоў знайшлося для Юліі ажно 6 артыкулаў Крымінальнага кодэксу – яны пакрыўдзіліся на «стварэнне ўмоваў для здзяйснення абразы прадстаўніка ўлады», «стварэнне ўмоваў для здзяйснення пагрозы ў дачыненні да суддзі», «садзейнічанне да пагрозы гвалтам у дачыненні да службовай асобы», «незаконныя дзеянні ў дачыненні да персанальнай інфармацыі», «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці», «паклёп».

Адзін з пакрыўджаных пракурораў спагнаў са шматдзетнай маці яшчэ і 5000 рублёў «маральнай кампенсацыі». Пра гэта паведамляюць праваабаронцы «Вясны».

Мужа Юліі – палітвязня Ігара Лаптановіча – рэжым асудзіў таксама, па «народным» артыкуле 342 Крымінальнага кодэкса («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх»). У чэрвені 2023 года мужчына цалкам адбыў пакаранне (2 гады і 6 месяцаў за кратамі) і вярнуўся да трох дзяцей, якія ўвесь гэты час жылі без мамы і таты.

Апагеем бязлітаснасці рэжыму ў адносінах да шматдзетных маці стаў прысуд для маці 5 дзяцей Вольгі Залатар. ГУБАЗіКаўцы затрымалі спадарыню Вольгу 18 сакавіка 2021 года, калі яна везла дачку ў музычную школу.

Вольга Залатар з мужам і дзецьмі

Вольга Залатар з мужам і дзецьмі

«38-гадовая жыхарка пасёлка Ждановічы з'яўлялася адміністратарам мясцовага дваровага чата і арганізатарам несанкцыянаваных масавых мерапрыемстваў, так званых «чаяванняў», «шпацыраў», «канцэртаў». Гэтыя мерапрыемствы жанчына арганізоўвала з лета мінулага года і з'яўлялася іх актыўным удзельнікам», – адсправаздачыліся тады сілавікі.

Глядзіце таксама

Адвакат Вольгі Андрэй Малчанаўраспавядаў журналістам пра збіццё жанчыны:

«Адну з маіх кліентак, Вольгу Залатар, пасля арышту ў сярэдзіне сакавіка некалькі гадзін збівалі, каб прымусіць даць паказанні супраць сябе. Я ўбачыў сляды катаванняў на яе целе і адразу звярнуўся ў пракуратуру і Следчы камітэт. На сённяшні дзень, калі прайшло ўжо больш за восем месяцаў, яны так і не адказалі. Абавязковае медыцынскае абследаванне пасля арышту было адкладзенае, пакуль не зніклі сляды збіцця».

У дзень народзінаў Вольгі Залатар, 7 ліпеня 2022 года, сілавікі перавялі яе ў РНПЦ псіхічнага здароўя ў Навінках, для правядзення «псіхіятрычнай экспертызы».

3 снежня таго ж года шматдзетнай маці прысудзілі 4 гады зняволення. Верагодна, суддзя Мінскага гарадскога суда Анастасія Папко вельмі ганарыцца такім «мяккім» прысудам, таму што пракурорка Жанна Баранава прасіла для спадарыні Вольгі на год зняволення больш – 5 гадоў.

Глядзіце таксама

Чаяванні, шпацыры і канцэрты дзівосным чынам службоўцы рэжыму не пасаромеліся перакваліфакаваць у «арганізацыю і падрыхтоўку дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх» і нават у «стварэнне экстрэмісцкага фармавання або ўдзел у ім».

З «апошняга слова» Вольгі Залатар у судзе:

«Я тут, бо я неабыякавы чалавек. Я тут, бо жыву па Божаму запавету. Я тут, бо я — мама, якая хоча абараніць сваіх дзяцей. Як мама і каталічка я стаю на пазіцыі чалавечай годнасці і духоўных каштоўнасцяў. Усе мае дзеянні і выказванні падрыхтаваныя з любоўю да людзей і з нянавісцю да хлусні і гвалту».

Пераслед актывістак руху «Маці 328»

Рух «Маці 328» — гэта аб’яднанне беларускіх маці, чыя дзеці адбываюць пакаранне паводле наркатычнага артыкулу. Актывісткі руху спрабуюць дамагчыся зменаў антынаркатычнага заканадаўства і змагаюцца са звыклай практыкай беларускіх сілавікоў, пры якой зусім маладых людзей караюць вялізарнымі тэрмінамі зняволення, разам з тым сапраўдныя наркадылеры застаюцца на волі.

Таццяна Канеўская стала грамадскай актывісткай, змагаючыся за свабоду сына, якога асудзілі паводле наркатычнага артыкула. Перад прэзідэнцкімі выбарамі 2020 года спадарыня Таццяна стала даверанай асобай Святланы Ціханоўскай у Гомелі. Калі дагэтуль рэжым трываў актыўную грамадзянскую пазіцыю жанчыны, гэтага ён дараваць ёй не змог.

Таццяна Канеўская. Фота: ПЦ "Вясна"

Таццяна Канеўская. Фота: ПЦ "Вясна"

Таццяну затрымалі 7 жніўня 2020 года. Яе абвінавацілі ва «ўдзеле ў масавых беспарадках», а таксама ў (чым бы вы думалі?) «захопе будынкаў». Сілавікі палічылі, што Таццяна, разам з іншымі даверанымі асобамі Ціханоўскай у Гомелі, рыхтавала пратэсты з «захопам выканкама». Таццяне Канеўскай прысудзілі 6 гадоў зняволення ў калоніі.

Як паведамляла «Гомельская Вясна», у студзені 2022 года 55-гадовую Таццяну Канеўскую перавялі ў «крытую турму» ў Магілёве. Гэта адно з найбольш жорсткіх пакаранняў для зняволеных.

12 траўня 2022 года да чатырох гадоў абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову («хімія») асудзілі Марыну Кісялевіч. У 2017 годзе сына жанчыны асудзілі да 13 гадоў калоніі па наркатычным артыкуле.

Марына Кісялевіч

Марына Кісялевіч

Марыну Кісялевіч затрымалі 7 лютага 2022 г., як кажа сама Марына, па даносе. Яе абвінавацілі ў «абразе Лукашэнкі» і «паклёпе».

Да прысуду жанчыну доўгі час трымалі ў РНПЦ псіхічнага здароўя ў Навінках, а потым у СІЗА.

Маці-«экстрэмісткі»

Днямі з’явілася надзвычай абсурдная, нават па беларускіх мерках, навіна. Пільныя кэдэбісты прызналі «экстрэмісцкім фармаваннем» ініцыятыву «Союз матерей Беларуси».

sajuz_maci.jpg

Як паведамляецца на сайце ініцыятывы, створаная яна была 24 лютага 2022 года, у дзень пачатку паўнамаштабнай расійскай агрэсіі ва Украіне, «не дзеля славы і грошай, не дзеля забавы, а толькі таму, што чыноўнікі пачалі гаварыць ад нашага імя. Што мы, маці, падтрымліваем іх рашэнне пачаць гэтую братазабойчую вайну!»

«Але маці не можа быць за вайну! Маці не могуць дапусціць, каб іх дзеці забівалі іншых дзяцей, дзяцей нашых суседзяў і братоў, каб нашыя сыны паміралі ва ўгоду нечым палітычным амбіцыям. Мы нараджалі сыноў для кахання, а не для вайны!», — заяўляюць стваральніцы аб’яднання.

Дык у чым жа праяўляўся экстрэмізм?

Пра сваю дзейнасць жанчыны распавядаюць наступнае: «Мы раздавалі антываенныя ўлёткі. Мы тэлефанавалі тысячам жонак і маці вайскоўцаў у Беларусі, каб папярэдзіць іх пра бяду! Мы арганізавалі малітвы За Мір з маці ў храмах Беларусі, некалькі маці з нашага руху былі затрыманыя (прама на выхадзе з храма!). Рабілі акцыі з антываеннымі малюнкамі нашых дзяцей, налепкамі з голубам свету».