Хронікі рэпрэсій за 13 кастрычніка
«BELPOL» апублікаваў інфармацыю пра стан палітвязняў Віктара Бабарыкі і Ігара Лосіка, МУС прызнаў «экстрэмісцкімі матэрыяламі» каля 26 рэсурсаў — навіны сённяшняга дня знутры Беларусі ў адным аглядзе.
***
Аўтары «Новага Часу» Мікола Дзядок і Дзяніс Івашын ужо каля тысячы дзён знаходзяцца за кратамі. Мікола ўтрымліваецца ў палоне рэжыму 1065 дзён, Дзяніс — 945.
***
«BELPOL» падзяліўся трывожнымі навінамі ад крыніц з Беларусі пра становішча ў Наваполацкай папраўчай калоніі № 1.
Віктар Бабарыка па-ранейшаму ізаляваны ад іншых зняволеных і ўтрымліваецца адзін у памяшканні камернага тыпу (ПКТ) ПК № 1, мае праблемы са здароўем — збоі ў працы сэрца.
Паводле звестак «BELPOL», «сур'ёзныя цялесныя пашкоджанні былі нанесеныя Віктару Бабарыку прадстаўнікамі карных структур рэжыму, якія не адносяцца да персаналу калоніі і спецыяльна прыязджалі ў ПК-1 для правядзення "прафілактычнай гутаркі", што перарасла ў жорсткую акцыю застрашвання».
Таксама паведамляецца, што Ігар Лосік усё яшчэ знаходзіцца ў ПКТ ПК-1. Яго, як і Віктара Бабарыку трымаюць у «інфармацыйным вакууме», наведванні адвакатаў і спатканні са сваякамі для абодвух палітвязняў забароненыя, карэспандэнцыю ім не перадаюць.
Стала вядома, як менавіта Ігар трапіў у ПКТ. Адміністрацыя калоніі зладзіла ў дачыненні да яго правакацыю: спрабавала прымусіць прыбіраць санвузел, што аўтаматычна цягне для зняволенага набыццё «нізкага сацыяльнага статусу».
— На знак пратэсту Ігар Лосік проста ў санвузле атрада парэзаў сабе шыю, але цяжкіх пашкоджанняў не атрымаў. І гэта ўжо не першая спроба суіцыду з яго боку. У пакаранне за «адмову ад работ» (г. зн. ад прыборкі санвузла) яго змясцілі ў ПКТ, аднак утрымліваецца ён не адзін, а разам з іншымі зняволенымі, якія за ім назіраюць, — паведамляе «BELPOL».
***
Праваабаронцы паведамляюць, што напярэдадні амапаўцы затрымалі ў Слоніме дваіх братоў. Чаму — пакуль невядома.
Акрамя таго, як стала вядома «Нашай Ніве», яшчэ ў панядзелак у Магілёве быў затрыманы экскурсавод і актывіст Алег Дзьячкоў.
Яго затрымалі 9 кастрычніка раніцай ва ўласнай кватэры, дзе «візіцёры» таксама правялі ператрус. Мужчына атрымаў 10 сутак арышту.
***
У судзе Кастрычніцкага раёна Гродна 25 верасня асудзілі Вольгу Куранчык паводле арт. 369 Крымінальнага кодэкса («Абраза прадстаўніка ўлады»). Суддзя Віталь Лабоцкі прызначыў Вользе абмежаванне волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хатнюю хімію»), а таксама штраф, піша «Вясна».
Вольгу абвінавацілі ў тым, што яна, паглядзеўшы ў тэлеграм-канале «Беларусь головного мозга» два відэароліка пра супрацоўнікаў міліцыі, пакінула ў іх бок каментары, якія суд палічыў абразлівымі. Каментары тычыліся маёра міліцыі, старшага ўчастковага інспектара У., а таксама маёра міліцыі, участковага інспектара Жодзінскага ГАУС Б. Вольга цалкам прызнала віну.
Да суду жанчына ўтрымлівалася пад вартай, пасля абвяшчэння прысуду яе вызвалілі ў зале суда.
Тэрмін пакарання і памер штрафа праваабаронцам невядомы.
Вольга Куранчык мае на ўтрыманні непаўнагадовае дзіця.
***
Былога гомельскага журналіста-фрылансера, дэмакратычнага актывіста Андрэя Толчына абвінавачваюць паводле крымінальнага артыкула аб «закліках да санкцый ці іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы» (арт.361 КК). Пра гэта паведамляе БАЖ.
Сілавікі затрымалі 63-гадовага Андрэя Толчына напрыканцы верасня і адправілі яго ў СІЗА. На наступны дзень пасля затрымання ў кватэры, дзе Андрэй жыве з жонкай, прайшоў ператрус. Следчыя канфіскавалі камп'ютарнае абсталяванне і іншыя лічбавыя носьбіты. Жонцы патлумачылі, што ператрус праводзіўся нібыта «ў рамках справы аб экстрэмізме».
На пачатку 90-х Андрэй Толчын удзельнічаў у незалежным прафсаюзным руху, быў абраны дэпутатам Гомельскага гарадскога савета, які ў жніўні 1991 года адкрыта выказаўся супраць камуністычнага путчу ў Маскве і вітаў абвяшчэнне незалежнасці Беларусі.
Толчын быў сябрам Аб'яднанай грамадзянскай партыі, цяпер ліквідаванай уладамі, доўгі час узначальваў гарадскую арганізацыю гэтай партыі. Курыраваў дзейнасць дэмакратычных дабрачынных фондаў.
Пасля выбараў 2010 года ён супрацоўнічаў з незалежнымі медыярэсурсамі ў якасці відэааператара, за што яго неаднаразова штрафавалі і нават адпраўлялі на «суткі». У 2020 годзе яго затрымалі разам з журналісткай Ларысай Шчыраковай за асвятленне пратэстаў, афіцыйна — «за ўдзел у масавых беспарадках».
***
У пятніцу, 13 кастрычніка, у Беларусі з’явілася адно новае «экстрэмісцкае фарміраванне», а таксама шэраг інтэрнэт-рэсурсаў былі прызнаныя «экстрэмісцкімі матэрыяламі», піша «Белсат».
«Экстрэмісцкім фарміраваннем» МУС прызнаў ініцыятыву «Беларусь за МКАДом».У рашэнні ведамства таксама пазначаны чалавек, які нібыта мае дачыненне да суполкі, — 33-гадовы грамадзянін Украіны Аляксандр Катовіч.
Міністэрства інфармацыі, у сваю чаргу, папоўніла спіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў». Дадалі:
- ютуб-канал «БЕЛСАТ LIFE»,
- ютуб-канал «Стоп таракан»,
- старонку ў «ВКонтакте» «Ольга Карач»,
- старонку ў «ВКонтакте» «Алеся Манкевiч»,
- старонку ў Інстаграме @margarita.levchuk.official,
- старонку ў Інстаграме @stachkomgrodnopromstroj.l,
- сайт, сацсеткі, электронную пошту і лагатып Волковыск.BY,
- сацсеткі «Наша мова»,
- супольнасць у «ВКонтакте» «Осиповичи исполком»,
- суполку ў «Одноклассниках» «Координационный совет»,
- акаўнты ў Tik-tok «Я. Салянкоў», «жизнь-малина», baj.by, «СТРАНА ДЛЯ ЖИЗНИ», «Настоящее время. Беларусь», mkbelarus, «Мая Краiна Беларусь», novy.kanal, 1863_х, Ksenia Mija,
- ютуб-канал «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ»,
- старонку ў Інстаграме @klopat_by,
- старонку ў Інстаграме @r_a_z_m_o_v_a,
- тэлеграм-чат «Слуцкая мясорубка-чат»,
- зварот палка Каліноўскага да беларусаў, апублікаваны на ютубе,
- тэлеграм-чат «ПОЛЬШЧА. ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ».
***
Як паведамляе ініцыятыва прадстаўніцы па сацыяльнай палітыцы Аб'яднанага пераходнага кабінета Вольгі Гарбуновай@klopat_by, на сённяшні дзень няма аніякіх звестак ад самых вядомых палітзняволеных: Марым Калеснікавай — 242 дні, Максіма Знака — 247 дзён, Мікалая Статкевіча — 243 дні, Ігара Лосіка — 237 дзён, Сяргея Ціханоўскага — 221 дзень, Віктара Бабарыкі — 170 дзён, Уладзіміра Гундара — 70 дзён.
***
Паводле звестак праваабаронцаў «Вясны», на дадзены момант у беларускіх турмах утрымліваюцца 1482 палітвязні. У спісах ініцыятывы «Dissidentby» знаходзяцца 1699 чалавек. Сярод іх — 183 жанчыны і 7 непаўнагадовых. 18 палітвязняў адпраўлены на прымусовае лячэнне.