Bloomberg: Украіна атрымала партыю ракет Storm Shadow
Пакуль Трамп думае над наданнем Украіне крылатых ракет Tomahawk, еўрапейскія саюзнікі даюць ёй іншую дальнабойную зброю. Еўропа таксама падтрымае Украіну гэтай зімой, і паглядзіць на яе поспехі ў набліжэнні да стандартаў ЕС. Ідуць 1350-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Цягам мінулых сутак ва Украіне зафіксавана 163 баявыя сутыкненні, паведамляе Генштаб УСУ ў зводцы 4 лістапада.
На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 55 штурмаў расіян ў раёнах Шахава, Уладзіміраўкі, Іванаўкі, Ніканораўкі, Новаэканамічнага, Мірнаграду, Радзінскага, Чырвонага Ліману, Новапаўлаўкі, Пакроўску, Котліна, Удачнага і іншых.
На Аляксандраўскім кірунку расійцы здзейснілі 19 атак у раёнах Студзеньскага, Ворана, Стэпавага, Аляксееўкі, Вербовага і іншых.
На Канстанцінаўскім кірунку армсія РФ 17 разоў атакавала ў раёнах Александра-Шульціна, Плешчыеўкі, Сафіеўкі, Русінага Яру.
На Купянскім кірунку адбылося 14 боесутыкненняў у кірунку Пясчанага, Новаасінавага і Курылаўкі.
На Ліманскім кірунку расійцы атакавалі 11 разоў каля Мірнага, Навасёлаўкі і ў бок Дробышава, Стаўкоў, Каровінага Яру.
* * *
Галоўнае упраўленне разведкі Украіны паведамляе, што працягвае спецаперацыю ў Пакроўску, разам з дадатковымі сіламі спецпадраздзялення спыняюць спробы расіян пашырыць агнявое ўздзеянне на лагістыку ў зоне адказнасці.
«Сіламі "Спецпадраздзялення Цімура" ГУР МА Украіны працягваецца аперацыя ў адным з важных з пункту гледжання франтавой лагістыкі раёнаў горада Пакроўск Данецкай вобласці. Ідуць жорсткія баі з расійскімі акупантамі», —адзначаецца ў паведамленні.
Паведамляецца, што пасля паспяховай дэсантнай аперацыі да спецназаўцаў ГУР, якія занялі пэўныя рубяжы, прабілі наземны калідор і далучыліся дадатковыя сілы спецпадраздзялення.
* * *
У ноч на 4 лістапада Расія атакавала Украіну адной балістычнай ракетай Іскандэр-М, шасцю зенітнымі кіраванымі ракетамі С-300, а таксама 130-цю ўдарнымі БпЛА тыпу Shahed, Гербера і беспілотнікамі іншых тыпаў.
Паводле даных Паветраных сіл Украіны, супрацьпаветранай абаронай збіта/падаўлена 92 варожыя БпЛА тыпу Shahed, Гербера і іншых тыпаў.
У ноч на 4 лістапада расійскія дроны ў дзве хвалі атакавалі Адэскую вобласць. Пад ударамі акупантаў знаходзілася партовая і энергетычная інфраструктура рэгіёну.
У Расіі пасля атакі дронаў адразу два нафтаперапрацоўчыя заводы, — нафтахімічны завод у Башкірыі і Ніжагародскі НПЗ, — спынілі сваю працу.
Таксама расіяне паведамляюць пра перабоі з электрычнасцю ў асобных раёнах Курскай вобласці.
* * *

* * *
Пасол ЗША пры NATO Мэцью Уітакер прыбыў з афіцыйным візітам у Кіеў у аўторак, 4 лістапада. Уітакер ужо сустрэўся з прэзідэнтам Уладзімірам Зяленскім і зрабіў пасля гэтага заяву адносна вайны ва Украіне.
«Я выказаў меркаванне, што гэтая бессэнсоўная вайна павінна скончыцца і што мір, дасягнуты дзякуючы намаганням прэзідэнта Трампа, з'яўляецца адзіным магчымым шляхам наперад», — напісаў Уітакер у Твітэр.
Варта нагадаць, што напярэдадні Уітакер упершыню прыбыў ва Украіну. Падчас свайго візіту ён узначаліў дэлегацыю Паўночнаатлантычнага альянсу.
* * *
Bloomberg, спасылаючыся на крыніцы, адзначае, што ва Украіну была ажыццёўлена пастаўка ракет Storm Shadow (колькасць не называецца), каб забяспечыць Украіну запасамі на зімовыя месяцы, падчас якіх, на думку Вялікабрытаніі, Крэмль узмоцніць атакі на ўкраінскіх цывільных.
Гэты крок брытанскім урадам зроблены пасля таго, як прэзідэнт ЗША Дональд Трамп зноў адхіліў магчымасць пастаўкі ракет Tomahawk ва Украіну.
* * *
Еўрапейскі Саюз аказвае экстраную энергетычную дапамогу Украіне, а таксама працуе над варыянтамі забеспячэння неабходнай устойлівай фінансавай падтрымкі Кіева, напісала прэзідэнт Еўрапейскай камісіі Урсула фон дэр Ляен у сацсетцы Х.
Урсула фон дэр Ляен правяла тэлефонную размову з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім напярэдадні публікацыі пакета пашырэння — справаздач Еўракамісіі аб руху краін-кандыдатаў у ЕС.
Кіраўнік Еўракамісіі адзначыла, што «Украіна не будзе самотнай гэтай зімой», а Еўрасаюз надасць энергетычную дапамогу, каб дапамагчы Кіеву ў найбліжэйшыя месяцы.
«У той жа час мы працуем над варыянтамі забеспячэння неабходнай устойлівай фінансавай дапамогі Украіне», — дадала яна.