Камісія ААН: удары па энергетыцы Украіны — злачынствы супраць чалавечнасці
Незалежная міжнародная камісія ААН па расследаванні падзей ва Украіне кваліфікавала сістэматычныя ўдары па энергетычнай інфраструктуры Украіны як злачынствы супраць чалавечнасці. У Алешках пачалося «перамір'е Меланіі Трамп», а ў ЗША рыхтуюць новае расследаванне ў дачыненні да Дональда Трампа. Ідуць 1707-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.
Напрацягу мінулых сутак ва Украіне зафіксавана 196 баявых сутыкненняў, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 27 кастрычніка.
На Канстанцінаўскім кірунку зафіксавана 22 атакі ў раёне населенага пункта Канстанцінаўка і ў бок Аляксеева-Дружкоўкі, Навасёлаўкі, Райскага, Навапаўлаўкі, Вольнага і Кучарава Яру.
На Пакроўскім кірунку адбылося 26 атак арміі РФ у бок населеных пунктаў Новы Данбас, Дабраполле, Вольнае, Святагораўка, Светлае, Мірнае, Сяргееўка, Маладзецкае, Новамікалаеўка і Філія.
На Гуляйпольскім кірунку расійцы 15 разоў атакавалі пазіцыі УСУ ў бок населеных пунктаў Цернаватае, Ягораўка, Раждзянка, Ваздвіжаўка, Новае Запарожжа, Верхняя Тэрса, Горкае і Чароўнае.
На Ліманскім кірунку расіяне правялі сем штурмавых дзеянняў, на Паўднёва-Слабажанскім кірунку — шэсць.
* * *
У выніку двух ракетных абстрэлаў Кіева вечарам 26 кастрычніка ў сталіцы Украіны загінуў 1 чалавек і яшчэ 14 атрымалі раненні. Пашкоджаны шматпавярховыя і прыватныя жылыя дамы, медыцынскія ўстановы, станцыя метро, інтэрнат універсітэта, бізнес-цэнтр, адміністрацыйны будынак.
Вечарам 26 кастрычніка расіяне нанеслі ўдары па Новабаварскім раёне Харкава, загінулі два чалавекі.
Незалежная міжнародная камісія ААН па расследаванні падзей ва Украіне кваліфікавала сістэматычныя ўдары па энергетычнай інфраструктуры Украіны як злачынствы супраць чалавечнасці, гаворыцца ў паведамленні камісіі.
Сабраныя камісіяй доказы сведчаць пра тое, што ўдары былі часткай дзяржаўнай палітыкі, накіраванай на пазбаўленне грамадзян электрычнасці і іншых жыццёва неабходных паслуг і прычыненне пакут.
Па ацэнцы камісіі, расійскія камандзіры ўсведамлялі жыццёвую неабходнасць аб'ектаў цеплазабеспячэння для грамадзянскага насельніцтва. Наўмысныя атакі на грамадзянскія аб'екты яна таксама кваліфікавала як ваенныя злачынствы.
* * *
* * *
Амбудсмен Украіны Дзмітрый Лубінец пацвердзіў увядзенне рэжыму спынення агню з 3 гадзін ночы 27 кастрычніка ў раёне часова акупаванага горада Алешкі Херсонскай вобласці. У Мінабароны РФ таксама пацвердзілі ўвядзенне «рэжыму цішыні».
«Бакі выконваюць дамоўленасці, якіх мы дасягнулі як кіраўнікі перамоўных груп з расійскай упаўнаважанай па правах чалавека Янай Лантратавай», — сказаў Лубінец.
Украінскі амбудсмен падкрэсліў, што спыненне агню адбываецца ў рамках гуманітарнай місіі, якую Украіна праводзіць сумесна з Лантратавай і пры пасрэдніцтве і каардынацыі першай лэдзі ЗШАМеланіі Трамп.
Часова акупаваны РФ горад Алешкі пакутуе ад гуманітарнай катастрофы. Туды доўгі час не прывозіліся прадукты і медыкаменты, украінскія ваенныя скідвалі людзям прадукты з дронаў. Жыхары не могуць з'ехаць з-за мінных палёў і баявых дзеянняў.
* * *
Экс-лідар рэспубліканцаў у Сенаце ЗША Мітч Маконэл раскрытыкаваў амерыканскага прэзідэнта Дональда Трампа за яго палітыку ў дачыненні да РФ і спробы дамовіцца з расійскім дыктатарам Уладзімірам Пуціным. Саступкі Крамлю і абмежаванне дапамогі Украіне не скончаць вайну, а толькі ўзмацняць пазіцыі Масквы, напісаў ён у калонцы для The Wall Street Journal.
Маконэл абурыўся словамі Трампа пра тое, што РФ нібыта «паводзіць сябе цалкам нармальна па адносінах да Украіны». Ён назваў гэтыя словы «фактычна няправільнымі, стратэгічна наіўнымі і маральна неабгрунтаванымі», а змякчэнне санкцый будзе заахвочваць Пуціна да далейшай агрэсіі.
Сенатар заявіў, што пагрозы спыніць ваенную і разведвальную дапамогу Украіне могуць дазволіць расіянам дабіцца новых поспехаў на фронце.
Маконэл раскрытыкаваў дамоўленасць Трампа з Пуціным пра пастаўкі ў ЗША сотняў тысяч тон расійскага дызельнага паліва, паколькі перамога Масквы створыць значна больш сур'ёзныя пагрозы для эканомікі і нацыянальнай бяспекі ЗША, чым часова высокія цэны на паліва.
Сенатар нагадаў пра расійскія кібератакі на амерыканскія ўстановы, падтрымку Ірана і супрацоўніцтва Пуціна з лідарам Кітая Сі Цзіньпінам. А ўзмацненне расійскага ўплыву ў Еўропе наўпрост нашкодзіць інтарэсам Вашынгтона, падкрэсліў палітык.
* * *
Прадстаўнікі Дэмакратычнай партыі ЗША рыхтуюць расследаванне дамоўленасцей прэзідэнта Дональда Трампа з расійскім дыктатарам Уладзімірам Пуціным пра імпарт расійскага дызельнага паліва, піша Axios. Яны накіравалі найбуйнейшым амерыканскім банкам і адміністрацыям партоў лісты з патрабаваннем захаваць усе дакументы, звязаныя з магчымымі пастаўкамі.
Па даных выдання лісты атрымалі JPMorgan, Bank of America, Citi, Wells Fargo, Goldman Sachs, Morgan Stanley. Сярод адрасатаў таксама адміністрацыі партоў Х'юстана, Боманта, Корпус-Крысці ў Тэхасе, партоў Нью-Ёрка і Нью-Джэрсі.
Палітыкі заклікалі кампаніі не спрыяць куплі, транспартаванню, імпарту, разгрузцы, захаванню, фінансаванню і размеркаванню расійскага дызельнага паліва на тэрыторыі ЗША. Яны просяць не ўдзельнічаць і ў пастаўках такога паліва на іншыя рынкі.
* * *
Расія павялічвае колькасць завербаваных афрыканцаў, піша Bloomberg. Асаблівую ўвагу РФ надае найбольш бедным дзяржавам кантынента для прыцягнення рэсурсаў на вайну супраць Украіны. Сярод гэтых краін былі Зімбабвэ, Бурундзі і С'ера-Леонэ, піша выданне. Раней Кенія і Паўднёвая Афрыка паспрабавалі прыпыніць выезд мужчын для ўдзелу ў вайне Расіі супраць Украіны.
Незалежная міжнародная камісія ААН па расследаванні ў дачыненні да Украіны 26 кастрычніка заявіла, што расійскія ўлады «ажыццявілі гандаль людзьмі з 29 краін». Для гэтага РФ выкарыстала абман або прымус, каб завербаваць наёмнікаў у свае узброеныя сілы. Бедных грамадзян Афрыкі прыцягвалі ў Расію непраўдзівымі абяцаннямі грамадзянскай працы ў грамадскім харчаванні або транспарце.
Завербаваныя з Афрыкі выкарыстоўваліся «галоўным чынам для здзяйснення атак і прасоўвання на перадавой», гаворыцца ў паведамленні камісіі ААН. Для тых, хто адмовіўся, камандзіры прымянялі «пакаранне, уключаючы затрыманне, збіццё і пагрозы забіць».
У прэзентацыі гаворыцца, што паміж 1 студзеня і 30 верасня Расія завербавала 699 чалавек з Бурундзі па параўнанні з 30 за ўвесь 2025 год і 530 зімбабвійцаў па параўнанні з 65. У цэлым Украіна ідэнтыфікавала 45 959 замежнікаў з 151 краіны, якія падпісалі кантракты з расійскімі ваеннымі. З іх 5451 — афрыканцы.
Таксама Расія ўпершыню з пачатку вайны супраць Украіны пачала вербаваць байцоў на Мадагаскары. Ваенныя захапілі там уладу ў выніку дзяржаўнага перавароту 2025 года і наладзілі больш шчыльныя сувязі з Масквой, кажуць у Bloomberg.