Трамп: сустрэча паміж Пуціным і Зяленскім адбудзецца «ў найбліжэйшы час»
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп анансаваў сустрэчу паміж прэзідэнтамі Расіі і Украіны. Праўда, з боку Украіны і РФ пацвярджэнняў пакуль няма. Але бакі рыхтуюцца да перамоў, і выконваюць дамоўленасці — «перамір'е Меланіі Трамп» у Алешках. Ідуць 1708-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Калаж з newsmaker.md
Цягам мінулых сутак ва Украіне зафіксавана 191 баявое сутыкненне, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 28 кастрычніка.
На Канстанцінаўскім кірунку зафіксавана 15 атак у раёне населенага пункта Канстанцінаўка і ў бок Райскага, Паўлаўкі.
На Пакроўскім кірунку адбылося 32 атакі ў раёнах населеных пунктаў Сафіеўка, Вольнае, Вадзянскае, Васільеўка, Маладзецкае, Удачнае і ў бок населеных пунктаў Тарэцкае, Кучараў Яр, Дабраполле, Ганнаўка, Навагрышына, Гулівае, Сяргееўка.
На Гуляйпольскім кірунку расіяне 17 разоў атакавалі ў бок населеных пунктаў Цернаватае, Долінка, Горкае, Чароўнае і Ягораўка.
На Ліманскім кірунку расійцы праводзілі шэсць штурмаў, на Паўднёва-Слабажанскім кірунку зафіксавана пяць атак.
* * *
У ноч на 28 кастрычніка расійскія захопнікі атакавалі балістычнай ракетай Іскандэр-М/С-400 і 88 ударнымі БПЛА тыпу Shahed, 38 з якіх рэактыўныя, S8000 Бандэроль/Дань-Т, Гербера і дронамі-імітатарамі тыпу «Пародыя». Супрацьпаветранай абаронай збіта і задушана 71 БПЛА.
Вечарам 27 кастрычніка расійскія войскі атакавалі дронам жылы дом у Харкаве, 5 чалавек пацярпелі, у тым ліку дзіця.
У горадзе Навамаскоўск Тульскай вобласці РФ уначы 28 кастрычніка беспілотнікі атакавалі адзін з найбуйнейшых расійскіх вытворцаў азотных угнаенняў – хімзавод «Азот», на прадпрыемстве ўзнік маштабны пажар. Прадпрыемства мае важнае значэнне для расійскага ВПК, яно пастаўляла азотную кіслату на завод імя Свярдлова ў Дзяржынску, дзе вырабляюць выбуховыя рэчывы.
Уначы 28 кастрычніка расійскі Ліпецк атакавалі рэактыўныя мэты, па папярэдняй інфармацыі ў раёне Наваліпецкага металургічнага камбіната ўзнік пажар.
* * *
* * *
Упаўнаважаны Вярхоўнай Рады Украіны па правах чалавека Дзмітрый Лубінец паведаміў, што рэжым цішыні ў Алешках выконваецца ў поўным аб'ёме.
«Украіна і Расія выконваюць дамоўленасці пра рэжым цішыні на пэўных тэрыторыях, звязаных з правядзеннем гуманітарнай місіі… Рэжым цішыні працягнецца да 1 лістапада 22:59. Ніводнага парушэння рэжыму спынення агню з абедзвюх бакоў зафіксавана не было», — напісаў Лубінец у сацсетках.
Лубінец выказаў надзею, што ў далейшым усё будзе праходзіць у адпаведнасці з узгодненым планам.
Са свайго боку першая лэдзі ЗША Меланія Трамп адзначыла, што геаграфію перамір'я пашырылі за межы Алешкаў, каб забяспечыць бяспечны праезд гуманітарных канвояў.
* * *
Прэзідэнт Злучаных Штатаў Амерыкі Дональд Трамп заявіў, што ў найбліжэйшы час павінна адбыцца сустрэча паміж прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім і лідарам РФ Уладзімірам Пуціным.
«Неўзабаве адбудзецца сустрэча, і я думаю, што будзе дасягнуты значны прагрэс», — цытуе Трампа афіцыйны акаўнт Белага дома Rapid Response у Х.
Пасля гэтага ў адміністрацыі Трампа ўдакладнілі, паміж кім адбудзецца сустрэча. «З прэзідэнтам Пуціным і прэзідэнтам Зяленскім. І я думаю, што будзе дасягнуты значны прагрэс», — адказаў ён.
* * *
Прэзідэнт Фінляндыі Аляксандр Стуб і прэм'ер-міністр Нарвегіі Ёнас Гар Стэрэ правялі сумесную тэлефонную размову з Уладзімірам Пуціным.
Званок еўрапейскіх палітыкаў у Маскву звязаны з актывізацыяй дыпламатычных намаганняў і падрыхтоўкай да трохбаковай сустрэчы (Украіна, Расія, ЗША), якая чакаецца ў першай палове лістапада ў Абу-Дабі. Па словах Канцылярыі прэзідэнта Фінляндыі, званок адбыўся па ініцыятыве Стуба і Стэрэ, якія выступалі выключна як лідары сваіх краін, а не ад імя ўсёй Еўропы. У той жа час гэты крок узгадняўся з Украінай.
Стуб ахарактарызаваў размову як «адкрытую і змястоўную», падкрэсліўшы, што вайна наносіць каласальную шкоду, якую будуць адчуваць пакаленні, і для яе заканчэння неабходныя прамыя дыскусіі.
Лідары Фінляндыі і Нарвегіі падкрэслілі неабходнасць спынення вайны і важнасць рэальных крокаў па дээскалацыі, у прыватнасці па абароне ўкраінскай энергетыкі і інфраструктуры.
У Крамлі заявілі, што звярнулі ўвагу лідараў на «канфрантацыйную палітыку краін ЕС і НАТА, якая вядзе да зацягвання баявых дзеянняў». Па даных крыніц Reuters, Пуцін заявіў, што Расія не пойдзе на кампраміс у сваёй мэце захапіць увесь Данбас.
* * *
Адміністрацыя Дональда Трампа разглядае магчымасць адмены ўведзеных яшчэ ў 2022 годзе санкцый супраць флагманскага дзяржаўнага інвестыцыйнага фонду Расіі – Расійскага фонду прамых інвестыцый, які лічыцца адным з самых магутных інструментаў міжнароднага ўплыву Крамля, піша The New York Times са спасылкай на дасведчаныя крыніцы.
Расійскія чыноўнікі настойвалі на адмене санкцый супраць фонду ў рамках больш шырокіх перамоў пра яго ўдзел у пастаўках расійскага дызельнага паліва ў ЗША.
Адзін з амерыканскіх чыноўнікаў пацвердзіў, што адміністрацыя разглядае заяўку фонду на адмену санкцый у рамках намаганняў, накіраваных на «паляпшэнне адносін паміж ЗША і Расіяй і садзейнічанне спыненню вайны».
Урадавы чыноўнік высока ацаніў кіраўніка фонду Кірыла Дзмітрыева, уцягнутага ў перамовы пра заканчэнне расійска-украінскай вайны, як «карыснага пасрэдніка».
Адмена санкцый з шматмільярднага Расійскага фонду прамых інвестыцый стала б значным зрывам шматгадовых намаганняў ЗША, накіраваных на тое, каб з дапамогай эканамічнага ціску прымусіць Расію завяршыць сваю вайну супраць Украіны, падкрэслівае выданне.