«Я адчуваў сябе пралетарыем-творцам…»
Цішку Гартнага даволі высока цанілі адны сучаснікі, іншыя цярпець не маглі, а сам ён быў надзвычай пладавітым аўтарам. Пісаў вершы, прозу, крытыку, публіцыстыку і адначасова працаваў рабочым на заводзе. У дзень памяці гэтага дзеяча прыгадваем некаторыя цікавосткі з яго жыцця і творчасці.
Зміцер Жылуновіч зрабіў у літаратуры сабе даволі хуткую кар’еру. Дэбютаваўшы ва ўзросце 21 года, у 1908-м на старонках «Нашай Нівы», ён за нейкія 5 гадоў стаў прызнаным аўтарам.
На гэты час прыпалі не толькі яго творчыя пошукі, але таксама і жыццёвыя. Паэт шмат вандраваў па абшарах Расійскай імперыі ў пошуках працы. Жыў у Кіеве, Вільні, Вількаміры і іншых гарадах.
Родны Капыль не мог задаволіць патрэбаў, яго вабіў шырокі свет. Маладога чалавека, які так і не паступіў у Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю, дзе раней адвучыўся Якуб Колас, а пазней будзе навучацца Кузьма Чорны, не ўзялі праз нядобранадзейнасць. Ужо ў пачатку ХХ стагоддзя ён быў захоплены рэвалюцыйнымі ідэямі і займаўся адпаведнымі справамі.
Непрыняццё ў семінарыю адыграла важную ролю ў ягоным лёсе. Жылуновіч цягам жыцця займаўся самаадукацыяй. Шмат чытаў, многа пісаў, спрабаваў сябе ў розных жанрах. Імідж суворага пралетарскага паэта, які апісвае быт рабочых, прыдумалі яму потым, калі ён ужо адбыўся як паэт. Цішка Гартны і сам падтрымліваў яго, успамінаючы пра свае маладыя гады:
«Я адчуваў сябе пралетарыем-творцам... Праца, якой я заняўся, была страшэннай. Але яна з першых крокаў здалася мне маім прызваннем. Я адразу ўбачыў у працэсе яе многа той красы, якая чакае свайго песняра. З аднаго боку, чад, дзёгаць, смурод, закасаныя да плеч мускулістыя рукі рабочых, з другога — сонца за сцяной, чыстае паветра — усё гэта кантрасты — кантрасты двух светаў...»
Насамрэч у гэты час ён яшчэ не вырашыў канчаткова стаць беларускім «Буравеснікам». У яго лірыцы таго часу прысутнічае і апісанне прыроды, і эстэтыка сімвалізму, і нават містыка з народным фальклорам. Пры жаданні можна нават адшукаць «філасофію жыцця», якая ў той час усё яшчэ была ў модзе. Для прыкладу дастаткова будзе хіба адной цытаты з апавядання «Думкі беларуса» 1909 года:
«Няма нічога мацнейшага за жыццё — яно цячэ ўпорнай, сільнай хваляй і пакідае за сабой новае, лепшае, а зніштожвае старое, аджыўшае».
У маладыя гады ён карыстаўся вялікай колькасцю псеўданімаў, якія, па ўсім відаць, далёка не заўжды нешта азначалі. Авадзень, Беларус, Беларус-Камуніст, Паўлюк Вартавы, Сымон Гляк, Габрусь Друк, Зьміжыла, Знаёмы, Янка Кліч і нават Стручок — усё гэта Зміцер Жылуновіч. Пералічаныя — толькі частка, яго творы падпісаныя вагонам іншых падобных псеўданімаў.
Туляючыся па чужых гарадах, ён цяжка працаваў у гарбарнях, а потым садзіўся пісаць. Такое спалучэнне, магчыма, было ідэальным увасабленнем аўтара, які дбае аб класавых інтарэсах. Жылуновіч ніяк не нагадваў модных еўрапейскіх пісьменнікаў, якія за кубкам кавы разважалі ў дарагіх кавярнях аб цяжкой долі пралетарыяту. Ён усё гэта бачыў і адчуваў на сабе.
Змітрок Бядуля так апісваў тую пару: «Свае вершы, карэспандэнцыі і апавяданні пісьменнік пісаў у дарозе, вагонах, на вакзалах, у цесных і брудных каморках, у начлежках і г. д.»
Прынёс яму славу дэбютны зборнік «Песні» 1913 года. У арыгінале ён, дарэчы, называўся «Pieśni» — на беларускай лацінцы. Такі быў час, што нават беларускія выданні выходзілі, як кірыліцай, так і лацінкай. Нават «Наша Ніва» мела доўгі час 2 версіі, пакуль рэдакцыя канчаткова не вырашыла пакінуць толькі адну — кірылічную. З мэтай аб’яднання беларускай грамады…
У той час Гартны працаваў на заводзе «Вулкан» у Санкт-Пецярбургу. На выхад кніжкі прыхільна адгукнуўся Янка Купала, які таксама быў у сталіцы Расійскай імперыі. Тады там віравала беларускае жыццё — ставіліся п’есы, ладзіліся вечарыны, моладзь, што прыехала вучыцца і працаваць трымалася разам. Застаўшыся без працы, Жылуновіч некалькі месяцаў жыў пры дапамозе тамтэйшых беларусаў.
Другі зборнік Цішкі Гартнага пабачыць свет амаль праз 10 гадоў і будзе называцца «Песні працы і змагання». Яго Жылуновіч выпусціць у Берліне, дзе ў 1922 годзе будзе займацца друкаваннем беларускіх кніг. Чамусьці прынята лічыць, што ён ледзь не гуляючы наладзіў гэтую справу, але ў сапраўднасці сутыкнуўся з неймавернымі цяжкасцямі.
Перад тым, як запусціць кнігадрук трэба было абмяняць старыя царскія грошы, якія нікому ўжо не былі патрэбныя. Да ўсяго колькасць найменняў і асобнікаў была даволі абмежаваная. Таму і грандыёзнай гэтую справу ніяк не назавеш. Першымі былі надрукаваныя «Беларускі лемантар» Сцяпана Некрашэвіча і «Беларуская граматыка для школ» Браніслава Тарашкевіча, без якіх нельга было арганізаваць навучанне дзяцей у школе.
Берлін, дарэчы, быў любімым горадам Гартнага — прынамсі, сам ён пісаў менавіта так. Кожны раз трапляючы ў гэты горад, ён з цікавасцю аглядаў кавярні і бары, дзе збіраўся рабочы клас. Слухаў, аб чым размаўляюць, як выглядаюць, як трымаюцца. Потым пісаў падрабязныя травелогі аб убачаным у «Савецкую Беларусь».
На гэты час ён быў ужо прызнаным пісьменнікам, жывым класікам, які працаваў на адказных пасадах, але ніколі не забываўся на сваё паходжанне. Мяркуючы па тых артыкулах, Жылуновіч дзіву даваўся з нямецкіх пралетароў — пасля працы рабочыя не ідуць дамоў, чытаюць газеты і горача абмяркоўваюць палітыку за куфлем піва.
Змітрок Бядуля на 15-годдзе творчай дзейнасці Жылуновіча так адгукнуўся і аб ім самім, і аб яго творах:
«Творчасць Цішкі Гартнага займае ў беларускай літаратуры асаблівае і пачэснае месца. У той час калі ўсе іншыя беларускія паэты пісалі аб сялянах, малявалі настроі бунтарскай сялянскай беднаты, Цішка Гартны ў большасці сваіх вершаў апявае беларускі пралетарыят.
Яго песні аб гарбарах, кавалях, шаўцах і г. д. пранікнуты вялікім натхненнем і выкуты, загартаваны нейкай надзвычайнай бунтарскай сілай. Шум рабочага станка, шэлест сярпоў на полі, звон касы на лузе чуваць у яго творах.
Цішка Гартны цяпер у поўным росквіце сваёй творчасці. Беларуская літаратура ад яго яшчэ шмат-шмат чакае».
Такога самага меркавання быў і Максім Гарэцкі, які ў сваёй літаратуразнаўчай «Гісторыі беларускае літаратуры» адвёў пальму першынства менавіта Гартнаму. Пасля яго ўжо былі іншыя паэты і пісьменнікі «станка і плуга», але першым быў менавіта ён.