Алесь Пушкін: «Мы прэцэдэнт для нашай краіны. Нас можна задзьмуць у адзін момант, як свечку»
Вечна жывы і радасны Алесь Пушкін з гарачым сэрцам прамаўляў пра роднае мястэчка Бобр, сваю каханую жонку і дзетак, пра свята 25 сакавіка. Ён заўважаў прыгожае і спрыяльнае нават там, дзе іншыя бачылі толькі цемру. У страшны дзень, калі сэрца творцы спынілася, звернемся да яго светлых словаў.

Алесь Пушкін
«Праз уласны боль спазнаваць гісторыю свайго народа»
Пра пачатак сваёй творчасці Алесь Пушкін распавёў у далёкім 2009 годзе журналістам украінскага выдання «Вголос»:
«Усё пачалося з таго, што я аднойчы, на канікулах, ляжаў на печы і чытаў пра Беларускую Народную Рэспубліку. Гэта мяне вельмі ўразіла, бо пра наш бел-чырвона-белы сцяг я даведаўся толькі ў 1988 годзе, а мне тады было ўжо 23 гады. Пасля арміі я ўжо нічога не баяўся, бо служыў у Афганістане.

Алесь Пушкін (злева). Кабул, 1985
Таму я вырашыў намаляваць беларускі сцяг і акрываўленую руку. Узяў 300 грамаў уласнай крыві. Канцэпцыя заключалася ў тым, каб толькі праз уласны боль спазнаваць гісторыю свайго народа. На палотнішча памерам 2 метры на 1, стандарт дзяржаўнага сцяга, я паклаў акрываўленую руку, а потым падняў палотнішча, пацякла кроў. Гэтая работа была прызнана самай смелай на першай незалежнай выставе часоў Перабудовы».

Сцяг з крывёю. Алесь Пушкін
«Маё мастацтва — мастацтва жыцця.
Я мастак-правакатар, што жыве ў мястэчку, гадуе дзяцей, моліцца Богу, піша карціны і мае сваю грамадзянскую пазіцыю. Раз на год раблю нейкі перформанс у цэнтры горада. І па рэакцыі міліцыі можна вызначыць узровень свабоды і дэмакратыі ў краіне.
Летась я паставіў 5 шпакоўняў і змог прастаяць толькі 42 хвіліны ў невялікім беларускім горадзе з бел-чырвона-белым сцягам, а што ўжо казаць пра Мінск.
У нейкай глухой вёсцы я прастаяў 42 хвіліны з двума сцягамі (Беларускага і Еўрасаюза) і 5 шпакоўнямі. Прыехалі дзве міліцэйскія машыны, на мяне надзелі кайданкі і павезлі ў пастарунак. Рашэннем суда мяне тады аштрафавалі на 400 долараў», — тлумачыў Алесь Пушкін беларускія рэаліі.

Алесь Пушкін, 1989
«Мы прэцэдэнт для нашай краіны, пасля раскулачвання, пасля сусветных войн, рэпрэсій. Нас можна задзьмуць у адзін момант, як свечку, мы лёгка можам знікнуць, як знікла шмат палітыкаў, як могуць у нашай краіне зрабіць з любым чалавекам. Так і нашая сям'я можа знікнуць», – казаў спадар Алесь у 2009-м.
«Я збіраюся жыць доўга…»
Сям’я — дом, дзеці, каханая жонка — былі для мастака галоўнай апорай, падмуркам.

Алесь Пушкін з жонкай Янінай
«Чым больш старэйшым станаўлюся – мне 53 гады – думаю, што, калі б не сям’я, не мае дзеці, якіх у мяне чацвёра… Прызнанне як мастака – гэта такая эфімерная рэч. Ты можаш быць хвалёны, і будуць хлопаць табе, а потым ты ў самоце сядзіш з гэтымі мёртвымі карцінамі. А тут дзеткі жывыя радуюць поспехамі, жоначка пячэ піражкі. Вось сям’я. Дом. Супольнасць родных, блізкіх, якіх ты любіш», — разважаў Алесь Пушкін у эфіры «Еўрарадыё».

Алесь Пушкін з жонкай Янінай
«Я збіраюся жыць доўга. Дзеткі мае любяць беларускую мову. Над хатай бел-чырвона-белы сцяг. Купалле, Каляды ладзім. Вось гэтымі стваральнымі рэчамі нам бы проста пажыць паболей, парадаваць людзей нейкімі творамі.
І тады пасля мяне нехта будзе святкаваць БНР. Можа быць нават і не мае дзеці, можа быць вучні з’явяцца ў Яніны Аляксандраўны [жонка Алеся – заўв. рэд.] у школе. Можа быць у бобрскай школе вучні ўбачаць, як я малюю, і нешта таксама захочуць маляваць. Узгадаюць, чаму дзядзя менавіта 25 сакавіка рабіў выставу», – так вызначаў сэнс свайго жыцця Алесь Пушкін ў эфіры «Радыё Свабоды» 10 гадоў таму.

Алесь Пушкін з дзецьмі
Рэжым Лукашэнкі прыклаў шмат намаганняў для таго, каб суайчыннікі бачылі Алеся Пушкіна як дзівака, каб яго дзейнасць маргіналізавалася. Але гэта не надта цікавіла мастака, бо ён заўсёды верыў у сілу актыўнай меншасці.

Алесь Пушкін
«Адзін раз у год я раблю выставу, для свайго народа, у сваім мястэчку. У мінулым годзе, калі я пісаў карціну свабоды, было два хлопца, што прыехалі з Барысава і таксама дапамагалі мне маляваць. Іх мамы гатавалі нам ежу, насілі гарбату… А так збольшага толькі падыходзяць людзі, якія бачаць, што дзівак стаіць на плошчы, мажа гэтую карціну, пытаюцца, што гэта. Я кажу: «Сёння была абвешчаная Беларуская народная рэспубліка, памятаем, думаем пра гэта, і ў творчым плане нешта робім». Яны адыходзяць. Ні дырэктар школы, якая ідзе на працу, ні эліта мястэчка не падыходзяць да мяне. Я не ведаю, чаму. Можа праз тое, што заўсёды побач са мной дзяжурыць міліцэйская машына?».
«Ніколі не сумняваўся, што буду шчаслівы»
«Што да мяне, я ніколі не сумняваўся, што буду шчаслівы. Што паступлю ў Акадэмію. Што стану вядомым мастаком. У Віцебску, набываючы мальберт, сказаў: «Дайце мне мальберт і я праслаўлю гэты горад!» Вось такі быў самаўпэўнены, 24 гады мне было.
Чытаю свае дзённікі: там асноўная тэма – да таго, як ажаніўся, – тэма самоты. Самоты й непадзеленасці. Гэта было пытаньне №1, якое мяне хвалявала. Пасля шлюбу стала найперш хваляваць і мучыць іншае: так, я шчаслівы… але ці патрэбны я свайму народу – прынамсі там, дзе я жыву?
Шмат бывае цяжкіх дэпрэсіўных дзён, калі бачыш заняпад, співаньне людзей, якім не да мастацтва… І як цешыцца душа, калі які-небудзь чалавек, столяр, замаўляе напісаць партрэт сваёй жонкі і вешае яго з любасцю, пяшчотай і пры гэтым вялікай пашанай да мастака. Ці як, да прыкладу, пайшоў дачушцы пашпарт выпісваць, і начальнік аддзелу пашпартоў, маёр міліцыі, кажа: «Ну, Аляксандр Мікалаевіч, мы вас усё пасвім, усё арыштоўваем, а карцін вашых так і ня бачылі. Прынясіце хоць карціны, можа, купім». І я з задавальненнем прынёс ім карціны, і яны казалі: «Ну во, дзесяць гадоў мы вас пасвім, і ўсё даказваем, і на сутках вы ў нас сядзелі, а вось толькі цяпер убачылі вашыяработы». Мне было вельмі прыемна, што на-рэш-це мастак заўважаны, а ня проста чалавек, які стаіць у іх на ўліку ў кампутары як рэвалюцыянер, звадыяш і агент НАТА і ЦРУ». (Часопіс «Дзеяслоў», Гутарка Галіны Дубянецкай з Алесем Пушкіным)
«Я за проста любоў да мастацтва, праўды — выбраў сядзець у турме»
Алесь Пушкін быў затрыманы 30 сакавіка 2021 года. У партрэце беларускага антысавецкага партызана Яўгена Жыхара, які напісаў Пушкін, рэжым убачыў «здзяйсненне наўмысных дзеянняў, накіраваных на рэабілітацыю і апраўданне нацызму».

Алесь Пушкін з партрэтам Яўгена Жыхара
Вось што Алесь Пушкін пісаў з-за кратаў пра абвінавачванне:
«Пачынаць крымінальную справу супраць мастацкага твора і выказванняў, дакладна зафіксаваных журналістамі (маецца поўны відэазапіс адкрыцця выставы 19 сакавіка); хуткія асуджальныя і непраўдзівыя высновы экспертнай дзяржаўнай камісіі па экстрэмізме пры Гродзенскім аблвыканкаме ў складзе Вадзіма Хілюты і Сняжаны Сямернік (нібыта я экстрэміст і рэабілітую сваімі дзеяннямі і выказваннямі нацызм) — гэта і ёсць пераслед мяне з боку дзяржаўных інстытуцый цяперашняй улады за творчую дзейнасць, іншадумства, неабыякавае стаўленне да гісторыі свайго краю».
Паводле гэтага абсурднага абвінавачвання мастак быў асуджаны на 5 гадоў зняволення ў калоніі строгага рэжыму.

Алесь Пушкін. Аўтапартрэт з-за кратаў
За кратамі Алесь Пушкін не страціў сваёй веры не толькі ў Бога, але і ў чалавека. У сваіх сукамерніках, бандытах, ён таксама стараўся заўважаць нешта чалавечае, і нагадаць ім пра гэта.
«...Малюю розных бедалаг, жулікаў, бандытаў, злодзеяў, вымагальнікаў, наркаманаў і раздаю ім, — пісаў з-за кратаў мастак. — І яны, дасылаючы гэтыя партрэты сваім родным, радуюцца».
Ён спадзяваўся, што на волі гэтыя людзі «раптам, убачыўшы на сцяне свой партрэт, што мастак маляваў іх добрымі, харошымі, прыгожымі людзьмі, вырашаць — да старога жыцця і былых грахоў вяртання няма! І завяжуць!».

Алесь Пушкін. "Сукамернікі"
А ў лісце да сябра, напісаным у лістападзе 2021 года, Алесь Пушкін пісаў пра сукамернікаў наступнае:
«Яны ўсур’ёз лічаць, што я збег ад жонкі, ад дзяцей — у турму схаваўся, бо надакучыла, і хачу быць ці то прэзідэнтам у будучыні, ці, на крайні выпадак, — хоць міністрам культуры РБ!!! Я ім падтакваю (дурасць — спрачацца, аднеквацца, казаць, што я за проста любоў да мастацтва, праўды — выбраў сядзець у турме — а не застаўся ў Кіеве, бо не павераць! Бо людзі ўсё больш прагматычныя, за грошы і наркотыкі сядзяць). Ну, і канвойныя ім падтакваюць, бо, маўляў, за кожны дзень тут, у вязніцы, капаюць грошыкі на швейцарскі рахунак!!! Таму ўсе зэкі хочуць быць у мяне вадзіцелямі, калі я стану міністрам культуры, ці хаця б целаахоўнікамі!».
У кастрычніку 2021 года Алесь Пушкін намаляваў за кратамі карціну, у якой перадаў, якім бачыць свята свайго вызвалення. 11 ліпеня 2023 года ён памёр у рэанімацыі, пад наглядам канваіраў.
Вечная памяць выбітнаму мастаку і сумленнаму чалавеку.

Так Алесь Пушкін бачыў дзень свайго вызвалення