Калі і ад чаго памёр Алесь Пушкін?

Крыніца, знаёмая з сітуацыяй са смерцю Алеся Пушкіна, распавяла «MOST», што адбылося ў гарадзенскім шпіталі, дзе памёр палітвязень.

pushkin_result.webp

Крыніца «MOST» паведаміла, што ў Алеся Пушкіна была прабадная язва, яму своечасова не аказалі дапамогу ў турме. Мастака ўжо ў несвядомым стане прывезлі ў бальніцу 11 ліпеня, на аперацыйным стале ў яго спынілася сэрца.

— Пушкіна прывезлі ў бальніцу фактычна паміраючага. У яго быў развіты перытаніт, быў септычны стан і паліорганная недастатковасць. Калі сказаць простай мовай, у яго была дзірка ў страўніку. Практычна не было шанцаў на выратаванне.

Прабадная язва выклікае востры боль. Таму пацыент адразу звяртаецца са скаргамі. Як правіла, у чалавека ёсць некалькі сутак для таго, каб ліквідаваць праблему аператыўна. Калі чалавеку своечасова аказаць дапамогу, ён будзе далей жыць. Пасля такіх аперацый пацыента, як правіла, ужо праз пару дзён адпускаюць дадому. Калі гэтага не зрабіць своечасова, то прабадзенне язвы выкліча перытаніт і пасля септычны шок.

Сітуацыя з Пушкіным? Яго проста забілі ў турме, па-іншаму я гэта не назаву. Проста не магло быць такога, каб ён не звяртаўся ў турме па дапамогу, таму што такая клінічная карціна выклікае востры боль. Ён павінен быў адчуваць моцныя пакуты, гэта як кінжал у жываце.

Суразмоўца адзначае, што язва ў Пушкіна магла запаліцца з-за турэмнага харчавання, а таксама неаказання медыцынскай дапамогі.

— Кормяць у гродзенскай турме не вельмі, таксама сітуацыя з аказаннем медыцынскай дапамогі там на нізкім узроўні. У выніку мы атрымліваем чарговую смерць палітвязня. Нельга замоўчваць такое бесчалавечнае стаўленне, беларусаў проста знішчаюць у турмах. Начальнік медыцынскай часткі гродзенскай турмы Віктар Лутцаў адказвае за своечасовае аказанне дапамогі зняволеным. У яго абавязкі ўваходзіць рашэнне аб шпіталізацыі. Але як паказвае сітуацыя, Пушкіна шпіталізавалі вельмі позна, — сказала крыніца «MOST».

Глядзіце таксама

Выданне нагадвае, што падобная сітуацыя была і ў палітзняволенай Марыі Калеснікавай. У лістападзе 2022 года яна трапіла ў рэанімацыйнае аддзяленне бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі Гомеля. Яна была шпіталізавана з перытанітам, які ўзнік з-за прабадзення язвы. Медыкі зрабілі ёй лапараскапію (аперацыю, выкананую з невялікім разрэзам).

Калеснікавай пашанцавала, яе ўдалося выратаваць.

Тым не менш раней «Радыё Свабода» паведамляла, што Алесь Пушкін трапіў у гарадзенскі шпіталь 10 ліпеня (а не 11-га, як паведамляе крыніца «MOST»). У ноч з 10 на 11 ліпеня, згодна інфармацыі «Свабоды», мастак памёр.

Нагадаем, Алеся затрымалі 30 сакавіка 2021 года ў вёсцы Жылічы супрацоўнікі МУС. Ноччу з 26 на 27 сакавіка ў доме Пушкіна адбыўся ператрус. Яго абвінавацілі ў здзеку з дзяржаўных сімвалаў (арт. 370 Крымінальнага кодэкса) і ў распальванні расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці ці варажнечы (ч.3 арт. 130 КК).

Падчас адного з судовых пасяджэнняў, 25 сакавіка 2022 года, Алесь Пушкін парэзаў сабе жывот у знак пратэсту. За гэта яго на 13 сутак змясцілі ў карцар.

30 сакавіка 2022 года Пушкіна асудзілі да 5 гадоў зняволення ў калоніі строгага рэжыму. Адміністрацыя калоніі №22 у жніўні таго ж года пакарала Пушкіна пяццю месяцамі ў ПКТ.

11 лістапада суд Івацэвіцкага раёна прыняў рашэнне ўзмацніць пакаранне Пушнкіну і перавесці яго ў турму. Рашэнне прыняў суддзя Аляксандр Кірыловіч, які ўзмацніў пакаранне і палітвязню Сцяпану Латыпаву.

Глядзіце таксама