«У чым беларуская ўлада захавала суверэнітэт, дык гэта ў суверэнным праве катаваць беларускі народ»

Аўтар тэлеграм-канала «Лісты да дачкі» разважае пра моц беларускай улады і прыходзіць да высновы, што яна «моцная» толькі тады, калі яе сапернікі заведама слабейшыя за яе. А на іншых апанентаў яна брэша, толькі калі яны далёка і не чуюць.

original_73.jpg

Ведаеш, што для мяне самае характэрнае ва ўчарашнім саміце NATO? Тое, чаго ў сувязі з гэтым самітам не здарылася.

Вось глядзі, сабралася NATO за трыццаць кіламетраў ад беларускай мяжы. Не проста ж так яны там сабраліся? Яны ж там сабраліся з гнюснымі намерамі. І заўваж, нават не спрабавалі гэтыя намеры схаваць. Паабяцалі прыняць у NATO Украіну, паставіць ёй знішчальнікі і вырашылі адправіць 300 000 салдат у напрамку саюзных меж. Гэта значыць, эскаліравалі, як маглі.

А што ў гэты час рабіў змагар з сусветным глабалізмам, магутны славянскі волат і вялікі стратэг? Вялікі стратэг прыкінуўся малочна-таварнай фермай і не адсвечваў.

Хоць вось жа ён, галоўны цэнтр прыняцця рашэнняў. Літаральна нейкіх трыццаць кіламетраў ад святых рубяжоў. Не трэба нават шукаць каардынаты на спецыяльных ваенных картах. А можна прама не сыходзячы з месца абрынуць бязлітасныя вербальныя інтэрвенцыі. Памахаць віртуальнай ядзернай бомбай. Задзейнічаць сельскагаспадарчыя апалчэнні і паляўніча-рыбалоўную брыгаду.

Але не. Неяк вось не склалася. Таму што брахаць на слана добра, калі слон далёка і не чуе. А калі слон побач, змагары з сусветным глабалізмам імкнуцца не ўтвараць гукаў. Раптам слон павернецца нязграбна і наступіць неспадзявана.

Таму што кошт сваёй непераможнай ваеннай моцы славянскаму волату вядомы лепш, чым нам з табой. З такой непераможнай ваеннай моцай добра перамагаць у тэлевізары ўяўнага саперніка. Ніводзін уяўны праціўнік супраць такой непераможнай моцы не вытрымае. А ад сапраўдных праціўнікаў гэтую моц лепш, вядома, трымаць падалей. Таму што страшна.

А страх магутныя героі спаганяюць на тых, хто дакладна не можа ім адказаць. Учора Змітра Дашкевічане выпусцілі з турмы і забілі ў турме Алеся Пушкіна. Таму што гэта было, вядома, забойства. Незалежна ад прычыны смерці.

Таму што беларускіх палітвязняў у турмах забіваюць. Праз катаванні, жорсткае абыходжанне і невыносныя ўмовы, якія самі па сабе з'яўляюцца катаваннем. Забіваюць наглядчыкі, турэмнае кіраўніцтва, суддзі, якія выносяць прысуд, пракуроры, якія падтрымліваюць абвінавачанне, следчыя, якія шыюць справы.

У чым беларуская ўлада дакладна захавала суверэнітэт, дык гэта ў суверэнным праве катаваць беларускі народ. Ва ўсім астатнім з суверэнітэтам не вельмі, але гэта суверэннае права старэйшы хаўруснік за беларускімі ўладамі пакінуў. Навошта самому пэцкаць рукі, калі ёсць тыя, хто гатовы запэцкацца добраахвотна і з радасным парохкваннем?

Праўда, і гэтага суверэнітэту хопіць датуль, пакуль яго будзе гарантаваць старэйшы хаўруснік усёй моцай другой арміі ў Расіі. А потым давядзецца застацца сам-насам з народам, у якога да беларускіх улад назапасілася шмат пытанняў…


Глядзіце таксама