Хронікі рэпрэсій у Беларусі за 11 ліпеня: Зміцер Дашкевіч не выйшаў на волю, Алесь Пушкін загінуў за кратамі

На Змітра Дашкевіча завялі новую крымінальную справу. У Гродне ў шпіталі хуткай дапамогі памёр знакаміты мастак, палітвязень Алесь Пушкін. Увечары ў розных краінах свету беларусы зладзілі акцыі ўшанавання памяці мастака.

photo_2023_07_11_23_35_24.jpg

Палітзняволены Зміцер Дашкевіч не выйшаў на волю 

На яго завялі новую крымінальную справу за «злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы, якая выконвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі» (арт. 411 КК).

Нагадаем, актывіста затрымалі 23 сакавіка 2022 года пасля ператрусу ў кватэры. Спачатку яго арыштавалі на 15 сутак па адміністрацыйным артыкуле, а затым перазатрымалі ўжо па крымінальнай справе. Яго разам з жонкай Настай абвінавацілі ва ўдзеле ў акцыі пратэсту 23 жніўня 2020 года. 

14 ліпеня ў судзе Маскоўскага раёна Мінска Змітру прызначылі паўтара года калоніі, а Насце — тры гады «хатняй хіміі».

Памёр палітзняволены мастак Алесь Пушкін

Алеся Пушкіна даставілі ў шпіталь хуткай дапамогі ў Гродне непрытомнага. Яму рабілі аперацыю. Падчас яе сэрца Алеся Пушкіна спынілася.

Глядзіце таксама

Увечары ў розных краінах свету беларусы зладзілі акцыі ўшанавання памяці Алеся Пушкіна.

photo_2023_07_11_23_35_34.jpg
photo_2023_07_11_23_35_56.jpg

Палітзняволены Мікалай Казлоў патрапіў у шпіталь з бранхітам

Пра гэта «Народнай волі» распавялі ягоныя паплечнікі. «Па нашай інфармацыі, Мікалай з бранхітам патрапіў у шпіталь, — кажуць паплечнікі Казлова. — Няма падрабязнасцей, дзе ён мог так захварэць, як невядома і тое, дзе Мікола на гэты момант знаходзіцца: ці то ў калоніі, ці то пакуль яшчэ застаецца на лячэнні».

Напачатку траўня ў Мікалая памерла маці — палітвязня не адпусцілі з калоніі на пахаванне.

Новае папаўненне спісу «экстрэмісцкіх матэрыялаў»

Інфармацыйная прадукцыя рэсурсу «Брэсцкі кур'ер» прызнаная «экстрэмісцкімі матэрыяламі». Адпаведнае рашэнне прынятае судом Ленінскага раёна Брэста 7 ліпеня.

Таксама «экстрэмісцкі» спіс папоўнілі:

  • Telegram-каналы і чаты «Вожык. Самиздат», «Bellа Fox».
  • Старонкі ў «Аднакласніках» «Хватит Бояться!», «Протесты в Беларуси», «Онлайн-платформа Голос», «Белсат Админ»;
  • Instagram-старонкі «bssf.tеam», «SOS by».
  • Facebook-старонка «SYMPA»;
  • Старонкі ва «Укантакце» «Мои Чашники», «Беларускае Радыё Рацыя».


У Гомелі за абразу Лукашэнкі асудзілі былога іераманаха

У судзе Чыгуначнага раёна Гомеля абвешчаны прысуд палітзняволенаму Аляксандру Тарасенку, якога абвінавацілі ў абразе Аляксандра Лукашэнкі паводле арт. 368 КК. Справу разглядаў суддзя Ігар Свірыдаў.

Аляксандр — былы іераманах гомельскага Свята-Нікольскага кляштару. Яго затрымалі ў сакавіку. На «пакаяльным» відэа Тарасенка казаў пра тое, што размясціў на сваёй старонцы ў Facebook абразлівы пост у бок Лукашэнкі.

Суд пастанавіў пакараць яго пазбаўленнем волі тэрмінам на два гады ва ўмовах агульнага рэжыму.

Палітвязня Алега Канавалава будуць судзіць за злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі

Уладальніка ютуб-канала "Третий регион Беларусь" затрымалі па вяртанні ў Беларусь з Украіны 10 студзеня 2022 года. Палітвязня абвінавацілі ў тым, што ён дэананімізаваў сілавікоў і ўжо пасля ад'езду ва Украіну публікаваў інфармацыю пра іх. Таксама яму ў віну паставілі "цынічныя каментары" пра загінулага супрацоўніка КДБ Дзмітрыя Федасюка і абразу прэзідэнта.

У Гомельскім абласным судзе 7 верасня Алега асудзілі да пяці гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Адбываць тэрмін яго накіравалі ў шклоўскую калонію № 17.

Цяпер стала вядома, што ў судзе Шклоўскага раёна 18 ліпеня разгледзяць справу палітвязня паводле ч. 2 арт. 411 КК (Злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы). Працэс будзе весці суддзя Аляксандр Тараканаў.

За вымпел з «Пагоняй» кіроўцу-дальнабойшчыка арыштавалі на 10 сутак

Стала вядома, што 31 сакавіка суддзя суда Верхнядзвінскага раёна Таццяна Кукліна арыштавала на 10 сутак дальнабойшчыка Аляксандра Каваленку, у віну якому было пастаўлена правядзенне масавага мерапрыемства.

Паводле версіі суда, Каваленка размясціў на пярэдняй панэлі кабіны аўтамабіля вымпел з выявай сцяга бел-чырвона-белага колеру і гербам «Пагоня». Паведамленне ў міліцыю аб правапарушэнні паступіла з Віцебскай мытні — з пункта пропуску Грыгароўшчына.

Пра тое, што «забароненая» сімволіка знаходзіцца ў кабіне аўтамабіля Аляксандр не ведаў. На судзе ён паведаміў, што супраць дзейнай улады ён ніколі не выступаў. Тым не менш на думку суддзі Куклінай кіроўца правёў не дазволенае ўладамі пікетаванне, якое было звязана з выказваннем грамадска-палітычных інтарэсаў і праходзіла з выкарыстаннем пратэснай сімволікі.

Пасля 13 сутак арышту ізноў затрыманая Людміла Слуцкая

У Мінску супрацоўнікі міліцыі паўторна затрымалі і склалі адміністрацыйны пратакол на 53-гадовую Людмілу Слуцкую. У той дзень жа дзень адбыўся суд, вынікі якога пакуль невядомыя.

Першы раз Слуцкую затрымалі ў Мінску 27 чэрвеня. На другі дзень у судзе Фрунзенскага раёна Мінска ёй прызначылі 13 сутак арышту паводле арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў). Справу разглядаў суддзя Кірыл Палулех.

САХР затрымаў чатырох жыхароў Фаніпаля за пратэсты 2020-га

САХР у поўным абмундзіраванні затрымаў чатырох жыхароў Фаніпаля за ўдзел у акцыі пратэсту амаль тры гады таму.

«Пакаяльнае відэа» з імі апублікавалі праўладныя тэлеграм-каналы. Праваабаронцам вядома, што сярод затрыманых Аляксандр Маргун і Алег Абцэшка.

Нагадаем, у жніўні 2022-га года сілавікі ўзбудзілі крымінальную справу паводле ч. 1 арт. 342 КК за ўдзел у акцыях пратэсту ў жніўні 2020-га года ў Фаніпалі. Лічба фігурантаў гэтай справы ідзе на дзясяткі — шмат каго па ёй ўжо асудзілі да пазбаўлення або абмежавання волі.