Уладзімір Зяленскі: Пуцін можа напасці на Еўропу, не чакаючы заканчэння вайны ва Украіне
Пуцін знаходзіцца ў тупіку з пункту гледжання рэальнага поспеху ва Украіне, і, каб адцягнуць увагу ад сваіх няўдачаў, ён можа пачаць яшчэ адну вайну, лічыць прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі. Тым часам у ЕС думаюць, як разблакаваць сродкі для Украіны. Ідуць 1356-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Цягам мінулых сутак ва Украіне адбылося 265 баявых сутыкненняў, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 10 лістапада.
На Пакроўскім кірунку нашы абаронцы Украіны спынілі больш за траціну ад усіх атак — 97 штурмаў расіян у раёнах Шахава, Ніканораўкі, Бяліцкага, Чырвонага Ліману, Радзінскага, Новаэканамічнага, Мірнаграду, Зялёнага, Лісоўкі, Пакроўску, Котліна, Удачнага, Філіі, Дачнага і іншых.
На Канстанцінаўскім кірунку расійцы здзейснілі 29 атак паблізу Александра-Шульціна, Белай Гары, Шчарбінаўкі, Плешчыеўкі, Русінага Яру.
На Аляксандраўскім кірунку Сілы абароны адбілі 27 штурмаў у раёнах Ялты, Іванаўкі, Зялёнага Гаю, Аляксандраграду, Навасёлаўкі, Арэстопалю, Стэпавага і іншых.
На Паўднёва-Слабажанскім кірунку адбылося 26 баявых сутыкненняў у раёнах Ваўчанска, Сінэльнікавага, Ціхага, Каменкі, Балагоўкі.
На Ліманскім кірунку расійцы атакавалі 20 разоўкаля Бароўскай Андрэеўкі, Цвёрдахлебава, Рэдкадубу, Дзерылава, Навасёлаўкі, Карпаўкі, Торскага і іншых.
На Славянскім і Гуляйпольскім кірунках зафіксавана па 13 боесутыкненняў на кожным.
* * *
Паводле звестак аналітычнага праекта DeepState, расійскія войскі акупавалі вёску Успенаўка Запарожскай вобласці. Паводле даных аналітыкаў, расіяне таксама прасунуліся паблізу Стэпавай Навасёлаўкі, Згоды, Салодкага і Паляўнічага.
Успенаўка размешчана каля Паўлаўкі, пра захоп якой 6 лістапада паведамлялі аналітыкі DeepState, але ў Сілах абароны Украіны аспрэчвалі гэтую інфармацыю.
* * *
Сітуацыя ў Пакроўску Данецкай вобласці застаецца кантраляванай, нягледзячы на пастаянныя спробы расійскіх войскаў прарваць абарону. Горад ператварыўся ў магутны ўмацаваны раён, а лагістычныя шляхі ўжо адноўлены, заявіў галоўнакамандуючы УСУ Аляксандр Сырскі ў каментары ТСН.
Ён адзначыў, што ёсць некалькі ўчасткаў, дзе вораг здолеў прайсці праз інжынерныя загароды, але камандаванне ведае аб гэтых месцах і трымае сітуацыю пад кантролем.
«Маем і план "Б", і план "В" на ўсе магчымыя сцэнары. Інтэнсіўнасць атак ворага знізілася, але гэта не азначае, што яны адмовіліся ад намеру ўзяць Пакроўск. Цяпер расіяне засяродзілі (на гэтым кірунку) каля 50 тысяч ваенных, але з кастрычніка нашы воіны ліквідавалі амаль 30 тысяч акупантаў», — адзначыў галоўнакамандуючы УСУ.
Паводле яго слоў, сітуацыю ў горадзе ацэньваюць тройчы ў суткі, а ўмовы надвор'я спрыяюць аднаўленню лагістыкі. «Маем дастаткова сіл і сродкаў, каб упэўнена сказаць — падстаў для панікі няма», — заявіў ён.
* * *

* * *
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі расказаў, што кароль Вялікабрытаніі Чарльз ІІІ дапамог наладзіць яго адносіны з прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампам пасля бурлівай сустрэчы ў Авальным кабінеце, якая адбылася ў лютым перад камерамі, калі Трамп публічна запалохваў Зяленскага і выгнаў яго з Белага дома. Ён таксама апісаў брытанскага манарха як «вельмі лаяльнага» да Украіны ў інтэрв'ю The Guardian.
Падчас дзяржаўнага візіту ў Вялікабрытанію ў верасні Трамп правёў сустрэчу з каралём. «Я не ведаю ўсіх падрабязнасцей, але, як я разумею, Яго Вялікасць паслаў прэзідэнту Трампу некалькі важных сігналаў», — сказаў Зяленскі.
Ён адзначыў, што Трамп паважае караля і лічыць яго «вельмі важнай» асобай, што, на яго думку, з'яўляецца шчырым кампліментам, які не робяць «многім людзям».
«Яго Вялікасць вельмі адчувальны да нашага народа. Магчыма, "адчувальны" – не зусім правільнае слова. Ён вельмі падтрымлівае нас», — сказаў Зяленскі.
* * *
У Нарвегіі абмяркоўваюць прапанову надання «рэпарацыйнай пазыкі», якая магла б разблакаваць выкарыстанне замарожаных у Бельгіі расійскіх актываў. Размова ідзе пра больш чым 100 млрд еўра, якія краіна магла б даць у якасці закладу са свайго Суверэннага фонду дабрабыту, паведамляе The Sunday Times.
Адзначаецца, што паколькі Кіеў востра мае патрэбу ў грошах і крэдыторах, гатовых працягваць даваць фінансаванне, кіраўніцтва Еўрапейскага Саюза распрацавала план пазыкі 140 млрд еўра пад заклад замарожаных расійскіх дзяржаўных актываў. Супраць гэтай схемы выступае Бельгія, дзе знаходзіцца фінансавая ўстанова, што кіруе расійскімі актывамі. Брусель асцерагаецца юрыдычных і фінансавых наступстваў, у прыватнасці магчымых іскаў ад Расіі.
У цяперашні час у Осла вывучаюць, як краіна можа далучыцца да стварэння так званай «рэпарацыйнай пазыкі» для Украіны. Нарвегія валодае магутнымі фінансавымі рэсурсамі, паколькі яе Суверэнны фонд з'яўляецца найбуйнейшым у свеце і ацэньваецца прыкладна ў €1,8 трыльёна. За 2022–2023 гады дзяржава атрымала больш за 109 мільярдаў еўра прыбытку дзякуючы высокім цэнам на газ пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання РФ ва Украіну.
* * *
Расійскі дыктатар Уладзімір Пуцін заграз у ваеннай кампаніі супраць Украіны. Таму можа вырашыцца на яшчэ адзін напад, сказаў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў інтэрв'ю для The Guardian.
Паводле яго, цяпер Крэмль вядзе гібрыдную вайну супраць Еўропы, а таксама правярае на трываласць натаўскія «чырвоныя лініі». Не выключана, што Расія можа адкрыць другі фронт супраць іншай еўрапейскай краіны яшчэ да заканчэння вайны ва Украіне.
«Я веру ў гэта. Ён можа гэта зрабіць. Нам трэба забыць пра ўсеагульны еўрапейскі скептыцызм, што Пуцін спачатку хоча акупаваць Украіну, а затым можа пайсці кудысьці яшчэ. Ён можа рабіць і тое, і іншае адначасова», — сказаў Зяленскі.
«Пуцін знаходзіцца ў тупіку з пункту гледжання рэальнага поспеху. Для яго гэта хутчэй патавая сітуацыя. Таму гэтыя няўдачы могуць заахвоціць яго шукаць іншыя тэрыторыі», — сказаў ён.
Ён таксама дадаў, што цяперашняму рэжыму ў Расіі патрэбны знешні вораг, каб згуртаваць краіну вакол Пуціна, які заўсёды лічыў ворагамі Захад і ЗША.
* * *
Украіна не пагодзіцца на замаскіраваную пад мірныя дамоўленасці капітуляцыю, заявіў былы галоўнакамандуючы УСУ, а цяпер пасол Украіны ў Вялікабрытаніі Валерый Залужны. Яго артыкул у выданні The New York Post быў апублікаваны ў нядзелю, 9 лістапада.
Залужны адзначыў, што Украіна імкнецца да міру, але справядлівым завяршэннем вайны будзе аднаўленне тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны, пакаранне Расіі за здзейсненыя ва Украіне ваенныя злачынствы і атрыманне гарантый, што «ніводзін агрэсар больш ніколі не будзе пагражаць Еўропе з Масквы».
«Усё меншае будзе здрадай не толькі ўкраінцаў, але і прынцыпаў, якія забяспечваюць бяспеку і свабоду свабоднага свету», —падкрэсліў ён.
Паводле яго, Украіна будзе працягваць змагацца на фронце, а таксама ў палітычнай і дыпламатычнай плоскасці для забеспячэння справядлівасці і бяспекі.
«Наша сіла заключаецца не толькі ў нашых салдатах, але і ў выразнасці нашай мэты: мір праз перамогу, а не ілюзію», — заявіў Залужны.
Пры гэтым ён падкрэсліў, што заклікі да паспешнага заключэння мірнага пагаднення з'яўляюцца небяспечнымі.
«Сапраўднага міру немагчыма дасягнуць, падпісваючы дакументы, пакуль расійскія ракеты забіваюць мірных жыхароў», — напісаў Залужны, дадаўшы, што гэта патрабуе часу, сілы і «непахіснага разумення таго, з кім мы маем справу».