Радаслаў Сікорскі: Украіна выцягне яшчэ тры гады вайны, а вось Пуцін — не

Міністр замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі заявіў, што Украіна можа ваяваць яшчэ тры гады, а вось Пуцін гэтага не вытрымае. У той жа час прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі лічыць, што вайна ва Украіне можа змяніцца вайной у Еўропе. Ідуць 1359-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. 

580994058_1190331406613269_1902406819201128314_n.jpg

Цягам мінулых сутак ва Украіне зафіксавана 226 баявых сутыкненняў, паведамляе Генштаб УСУ ў зводцы 13 лістапада.

На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 81 атаку расіян у раёнах Шахава, Маяку, Новаэканамічнага, Радзінскага, Чырвонага Ліману, Мірнаграду, Зялёнага, Котліна, Удачнага, Філіі, Дачнага і іншых.

На Ліманскім кірунку расійцы атакавалі 32 разыкаля Рэдкадубу, Грэкаўкі, Карпаўкі, Зарэчнага, Навасёлаўкі і іншых.

На Канстанцінаўскім кірунку армія РФ здзейсніла 24 атакі ў раёнах Александра-Шульціна, Плешчыеўкі, Шчарбінаўкі, Канстанцінаўкі, Яблонаўкі, Русінага Яру.

На Паўднёва-Слабажанскім кірунку адбылося 18 боесутыкненняў у раёнах Ваўчанска, Сінельнікавага і ў бок Дварычанскага і Рыгораўскі.

На Аляксандраўскім кірунку Сілы абароны Украіны адбілі 15 штурмаў паблізу Андрэеўкі-Кляўцова, Студзеньскага, Сасноўкі, Вербава і іншых.

На Купянскім і Славянскім кірунках зафіксавана па дзевяць атак расіян на кожным.

* * *

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў інтэрв'ю Bloomberg Television прызнаў, што сітуацыя ў Пакроўску на ўсходзе Данецкай вобласці застаецца «вельмі складанай», але заўважыў, што любое рашэнне аб вывадзе войскаў з горада з'яўляецца справай ваенных камандзіраў на месцы.

«Ніхто не прымушае іх гінуць дзеля руін. Я буду падтрымліваць нашых салдат, асабліва камандзіраў, якія там знаходзяцца, у тым, як яны могуць кантраляваць сітуацыю. Калі гэта занадта дорага для нас — самае важнае для нас — гэта нашы салдаты», — сказаў Зяленскі.

Ён адзначыў, што Расія імкнецца дасягнуць перамогі ў Пакроўску, каб стварыць выгадную пазіцыю ў магчымых перамовах з ЗША. 

«Расія імкнецца да перамогі ў Пакроўску, каб паспрабаваць пераканаць Трампа, што Украіна павінна выйсці з усяго ўсходняга Данбаса, які складаецца з Данецкай і Луганскай абласцей, каб спыніць вайну», — растлумачыў кіраўнік Украіны.

У той жа час Зяленскі заявіў, што Украіна не адмовіцца ад абароны ўсходніх тэрыторый. «Мы не можам пакінуць усход Украіны. Ніхто гэтага не зразумее. І галоўнае, што ніхто не гарантуе вам, што калі яны захопяць той ці іншы горад, яны не прасунуцца далей. Няма ніводнага стрымліваючага фактару», — падкрэсліў прэзідэнт Украіны.

* * *

У ноч на 13 лістапада Расія атакавала Украіну адной балістычнай ракетай Іскандэр-М і 138 ударнымі БПЛА тыпу Shahed, Гербера і беспілотнікамі іншых тыпаў. Супрацьпаветранай абаронай збіта/падаўлена 102 БПЛА.

Расійскія войскі ўначы атакавалі энергетычную інфраструктуру ў трох абласцях. Ёсць пашкоджанае абсталяванне і абясточаныя спажыўцы ў Днепрапятроўскай і Запарожскай абласцях, таксама былі атакаваны энергааб'екты ў Адэскай вобласці.

«Укрэнерга» паведамляе, што ўсюды, дзе гэта дазваляе сітуацыя з бяспекай, працягваюцца аварыйна-аднаўленчыя работы.

Расійская армія рана раніцай чацвярга, 13 лістапада, ударнымі беспілотнікамі атакавала Нікалаеў. У выніку ўдару па грамадзянскім прадпрыемстве раненні атрымалі шэсць чалавек, трое ў цяжкім стане.

* * *

581485788_1190174333295643_6333379687025163492_n.jpg

* * *

Расійская Федэрацыя рыхтуецца да вялікай вайны на еўрапейскім кантыненце, каб быць здольнай пачаць баявыя дзеянні ў 2029 ці 2030 годзе, заявіў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі.

«Трэба больш ціску на Расію. Улічваючы сітуацыю на полі бою, мы не бачым, каб Расія хацела спыніцца. Калі мы глядзім на ваенную прамысловасць РФ, мы бачым, што яны павялічваюць сваю вытворчасць. І, па нашых ацэнках, яны хочуць працягваць гэтую вайну», — адзначыў ён Зяленскі.

Па словах прэзідэнта Украіны, варта прызнаць, што РФ хоча вялікай вайны, каб быць здольнай у 2029, ці 2030 годзе пачаць баявыя дзеянні на Еўрапейскім кантыненце.

«Мы разглядаем гэта як сапраўды вялікі выклік. Я лічу, што мы павінны думаць пра тое, як спыніць іх цяпер ва Украіне. Але таксама зрабіць усё, каб паменшыць іх здольнасці. Не даваць ім грошай, якія яны ўсё яшчэ могуць атрымаць з энерганосьбітаў. І не даваць ім зброі», — дадаў кіраўнік Украіны.

* * *

Украіна атрымала ад Еўрапейскага Саюза 5,9 млрд еўра, якія павінны дапамагчы захаваць макрафінансавую стабільнасць краіны ва ўмовах выклікаў вайны, напісала ў Telegram прэм'ер-міністр Украіны Юлія Свірыдзенка.

З іх 4,1 млрд еўра Украіна атрымала ў рамках механізму ERA Loans — завяршальны транш у рамках праграмы на 18 млрд еўра, прафінансаванай з даходаў ад замарожаных расійскіх актываў.

Гэтыя сродкі павінны дапамагчы захаваць макрафінансавую стабільнасць нават ва ўмовах выклікаў вайны — найбуйнейшай у Еўропе з часоў Другой сусветнай, адзначыла Свірыдзенка.

«Гэтыя сродкі аб выратаваных жыццях, адноўленай інфраструктуры, умацаванай эканоміцы. Гэта азначае, што больш унутраных рэсурсаў мы можам накіроўваць на галоўнае — абарону. Еўропа стаіць побач з Украінай. Агрэсар абавязкова заплаціць. Справядлівасць пераможа», — дадала прэм'ер-міністр.

* * *

Дзяржаўны сакратар ЗША Марка Рубіё заявіў, што Вашынгтон практычна дасягнуў мяжы па ўвядзенні новых санкцый супраць Расіі, адзначыўшы, што ўжо накладзены абмежаванні на найбуйнейшыя нафтавыя кампаніі, і што наступныя крокі хутчэй будуць тычыцца забеспячэння выканання існуючых санкцый, чым увядзення новых.

Падчас зносін з журналістамі пасля сустрэчы міністраў замежных спраў краін G7 у Канадзе, адказваючы на пытанне журналіста аб узмацненні санкцыйнага ціску на Маскву, Рубіё сказаў, што «фактычна, амаль не засталося нічога, што мы маглі б падвергнуць санкцыям».

«Мы ўдарылі па іх найбуйнейшых нафтавых кампаніях — менавіта гэтага ўсе і патрабавалі», — адзначыў Рубіё.

Асобна дзяржсакратар спыніўся на праблеме так званага «ценявога флоту», які Расія выкарыстоўвае для абыходу нафтавых абмежаванняў. Ён ахарактарызаваў барацьбу з ім як «механізм забеспячэння выканання санкцый», а не як нагоду для новых. Рубіё выказаў меркаванне, што еўрапейскія партнёры павінны адыгрываць больш актыўную ролю ў гэтым працэсе, паколькі значная частка судоў праходзіць бліжэй да іх тэрыторый.

На пытанне, ці сапраўды Расія імкнецца да міру, Рубіё адказаў, што ацэньваць можна толькі па дзеяннях, а Масква «выразна заявіла, чаго яны хочуць — яны хочуць астатнюю частку Данецкай вобласці, і такія патрабаванні недапушчальныя для ўкраінскага боку».

* * *

Міністр замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі ў падкасце The Rest Is Politics: Leading заявіў, што Украіна можа ваяваць яшчэ тры гады, а Пуцін дэманструе правальныя ваенныя вынікі.

«Украіна плануе трохгадовую вайну, а гэтыя каланіяльныя войны звычайна доўжацца прыкладна 10 гадоў. Я не думаю, што Пуцін зможа вытрымаць яшчэ тры гады», — адзначыў ён.

Паводле яго, падчас вядзення вайны супраць Украіны расійскі дыктатар Уладзімір Пуцін паказаў сябе няўдала. Таму што яго «другое войска ў свеце» ўжо больш за 10 гадоў ваюе на Данбасе, і гэта нельга назваць перамогай.

Кіраўнік МЗС Польшчы таксама заклікаў ЕС больш актыўна ўдзельнічаць у садзейнічанні перамовам адносна будучага мірнага ўрэгулявання.

«Спадзяюся, ЗША працягнуць забяспечваць Украіну разведданымі. Вядома, Польшча аплачвае тэрміналы Starlink, боепрыпасы для амерыканскай зброі, прызначанай для супрацьпаветранай абароны і дальніх удараў, таксама важныя», — дадаў Сікорскі.