Не толькі генэрал: паэт, гісторык, асьветнік Кастусь Езавітаў

Вайсковы міністар Беларускае Народнае Рэспублікі Кастусь Езавітаў скончыў сваё жыцьцё ў камуністычных менскіх засьценках 23 траўня 1946 года. Узгадаем цікавыя факты пра легенду беларускага адраджэньня.

455326_original.jpg

Забіты ў Менску камуністамі

Як адзначае Ўладзімер Арлоў: «У ноч на 23 траўня 1946 году, ад камэры да камэры менскай турмы міністэрства ўнутраных справаў неслася вестка: «Вядуць на расстрэл беларускага генэрала Езавітава».

Афіцыйная савецкая прапаганда не шкадавала для яго самых страшных ярлыкоў: «отъявленный реакционер», «белогвардеец», «военный преступник», «изменник родины»... У іншых ён заслужыў азначэньні з процілеглым сэнсам: настаўнік, паэт і публіцыст, вучоны, палітык. Сучасныя дасьледнікі называюць яго найлегендарнейшай для свайго часу асобай беларускай гісторыі.

У 1945-м яго, дэлегата Другога Ўсебеларускага кангрэсу і кіраўніка ваеннага аддзелу Беларускай Цэнтральнай Рады, арыштавала савецкая контарвыведка «СМЕРШ». Паводле афіцыйнай версіі, памёр у час «следства» ад сухотаў і дыстрафіі 23 траўня 1946 году, паводле іншых звестак расстраляны ў засценках НКВД у Менску. Месца пахавання засталося невядомым.

Распрацаваў Полацкі беларускі крыж

Увосені 1919 году ў Рызе было вырашана стварыць нацыянальны беларускаі ордэн. Гэтае пытаньне ўзьняў палкоўнік Кастусь Езавітаў. Ужо 21 сьнежня 1919 году ён падаў на разгляд надзвычайным амбасадарам БНР у краінах Балтыі «Палажэньне пра Полацкі Беларускі Крыж», прызначаны для жаўнераў і афіцэраў. Да палажэньня быў далучаны фатаздымак, які не захаваўся. Згодна з палажэньнем, Крыж прызначаны для ўзнагароджаньня як у вайсковы, гэтак і ў мірны час.

Поруч з Клаўдзіем Дуж-Дужэўскім

Поруч з Клаўдзіем Дуж-Дужэўскім

26 студзеня 1920 году Рада БНР прынцыпова пагаджаецца з «Палажэньнем» Кастуся Езавітава.

Крыж з пяцьцю ступенямі (першая — найвышэйшая). Асобныя тыпы для грамадзянскіх і ваенных катэгорыяў. Для большай узнагароды паводле ступені — новы ордэн не выдаваўся. Замест гэтага стужкі альбо пяціканцовыя зоркі (для вайскоўцаў), альбо паўтарэньне мініятурнай формы ордэна (для мірных жыхароў) будуць размешчаныя на верхняй стужцы. Ордэн быў на стужцы гарызантальных нацыянальных колераў бел-чырвона-белай.

Ствараў беларускае войска

Ужо ў кастрычніку 1917 года ў Мінску адбыўся з’езд беларусаў, вайскоўцаў, на якім было заяўлена пра «неабходнасьць фармаваньня беларускіх вайсковых частак». 24 кастрычніка 1917 года была створаная Беларуская цэнтральная вайсковая рада (БЦВР). У яе складзе зьявілася Бюро па арганізацыі беларускага войска на чале з беларусам, камандуючым 75-й пяхотнай дывізіяй, генэралам Кіпрыянам Кандратовічам. Памочнікам гэтага афіцэра быў тагачасны паручнік Кастусь Езавітаў, адзначае гісторык Ігар Мельнікаў.

Хутка пасьля гэтага дэлегацыя БЦВР выехала ў Стаўку Вярхоўнага галоўнакамандуючага, генэрала Мікалая Духоніна, у Магілёў і пачала там перамовы, каб атрымаць дазвол на фармаваньне беларускага войска. Духонін сустрэў прапанову беларусаў без энтузіязму і адзначыў, што гэтае пытаньне павінна была вырашаць «вышэйшая дзяржаўная ўлада». Нягледзячы на гэта, генэрал Кандратовіч усё ж пачаў працаваць над фармаваньнем беларускага палка ў Менску і армейскага корпуса ў складзе Заходняга фронту.

Марка БНР

Марка БНР

Яшчэ адным беларускім вайковым злучэньнем у гэты час былі фармаваньні на чале з Станіславам Булак-Балаховічам. «Асобны атрад БНР» павінен быў мець аднастайнае абмундзіраваньне. Кіраўнік вайскова дыпляматычнай місіі БНР у Латвіі і Эстоніі Кастусь Езавітаў у сьнежні 1919 года ў лісьце на імя начальніка гарнізона Рыгі пісаў пра тое, што мундзір “Асобнага атрада БНР” складаўся з фуражкі звычайнага ўзору з брылем на якім разьмешчана “Пагоня”,  на аколышы была кукарда ў форме роўнабаковага трохкутніка ў нацыянальных бел-чырвона-белых колерах.

Пасьля вызваленьня Менска ад бальшавікоў у 1918 годзе Кастусь Езавітаў быў камендантам Менскага гарнізона, а пазьней выконваў абавязкі сакратара па вайсковых справах БНР. Падчас вайны Польшчы з камуністамі беларускі афіцэр актыўна займаўся дыпляматычнымі справамі. Дзякуючы яго высілкам войска Станіслава Булак-Балаховіча перайшло на службу БНР.

Дзед Зянона Пазьняка — Ян Пазьняк распавёў анэкдот пра ўзвышэньне па службе Езавітава за адну ноч з гарэлкай

Ян Пазьняк быў адным з лідэраў Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі, таму ягоныя анэкдоты тычыліся пераважна розных дзеячаў сацыялістычнага кірунку. Антон Шукелойць узгадвае адзін з такіх анэкдотаў пра тое, як "выдатнага нашага дзеяча, вядомага Кастуся Езавітава, за адну ноч сацыялістычны ўрад у Менску паднёс з паручніка да палкоўніка".

«Як вядома, Езавітаў прыняў актыўны ўдзел у стварэньні Рады БНР, быў заслужаным афіцэрам. Вельмі прыгожы ягоны нарыс ёсьць, як ён выгнаў бальшавікоў з Менску ў 1918 годзе. Ну і паколькі такі высоказаслужаны чалавек, то вось гэты першы ўрад Беларускай Народнай Рэспублікі вырашыў яго падняць да генэрала.

457004_original.jpg

Ноч цэлую сядзелі, згодна з вымогамі ваеннага Статуту, заўсёды падымалі яго на адзін чын вышэй, тады казалі тост і выпівалі. (Як вядома, сацыялісты, асабліва эсэры, любілі выпіць). Так вялі яго паступова: штабс-капітан, капітан, маёр, падпалкоўнік, палкоўнік.

Ужо пачало сьвітаць.

Давялі яго да палкоўніка, выпілі. Гарэлкі болей не было — скончылася, і Езавітаў застаўся палкоўнікам. Генэралам ужо яго не маглі менаваць: не хапіла гарэлкі. І сонца ўзышло, развіднела».

Антон Шукелойць згадвае далей: «І раптам, нават зь нейкім зьдзіўленьнем, прачытаў у аўтабіяграфіі Езавітава, напісаннай у 1944 годзе (таму Ян Пазьняк не мог карыстацца гэтым тэкстам як крыніцай для анэкдота) наступныя радкі:

«21.02.1918 г. пастановаю Народнага Сакратарыяту Беларусі зацьверджана падвышэньне ў штабс-капітаны, згодна прадстаўленьня ад 25.10.1917 г.

За выслугу чарговых чатырох месяцаў у абставінах бязупыннага змаганьня з бальшавікамі пастановаю Народнага Сакратарыяту Беларусі ад 21.02.1918 г. узьведзены ў чын капітана.

За падрыхтоўку арганізацыі беларускіх вайсковых фармаваньняў усіх франтоў і за кіраваньне Аддзелам Фармаваньняў Беларускай Вайсковай Цэнтральнай рады пастановай Народнага Сакратарыяту Беларусі ад 21.02.1918 г. узьведзены ў чын падпалкоўніка.

За арганізацыю захопу ўлады ў Менску і ўмелае кіраваньне беларускай камэндатурай пастановай Народнага Сакратарыяту Беларусі ад 21.02.1918 г. узьведзены ў чын палкоўніка».

Такім чынам, зь яго аўтабіяграфіі даведваемся, што ўсе свае чыны Езавітаў сапраўды атрымаў за адзін дзень — 21 лютага 1918 года.

Паэт

Кастусь Езавітаў праз усё жыцьцё пісаў вершы. Быў і рамантычным і рашучым. Пачытайце:

Каратка мая спадніца!..

Шэльма, шэльма вецер!..

Ён нічога не баіцца!..

Ніхто не замеціў?..

 

Пёс вясёлы — вецер майскі —

Трэ мае калені.

Што ні ноч, сьню сон я райскі…

Шчасьце ўзяла б жменяй!

 

Любы мой, прыйдзі! Ну што ж ты?

Я даўно чакаю!

Шчасьця, радасьці — хоць трошку! —

Ўзяць сабе жадаю!

 

Не шкадуй мяне! Ня трэба! —

Сама не шкадую!

Колькі вёснаў дало неба?..

Вазьмі! Я дарую!

 

Ня ный! Ня плач!

Ня дзіва сьвету сьлёзы:

Цэлы акіян праліў ён сам!

Тапор і нож вайстры

Рабі дубіну ты зь бярозы,

Гвалтоўнікаў забі і выкінь цела псам!

 

Ня ный! Ня плач!

Сьлязою не адхіліш рук зладзея.

Румзаку-сьлюнцяя ня будзе шкадаваць.

Дубіна, нож, тапор — вось дзе твая надзея!

Бі, рэж, палі!

Хай хаты ворагаў з гараць!

 

Ня ный! Ня плач!

У страху не крычы.

Вазьме жуда — маўчы!

У катаў выжмі плач!

Хай з дрожжу сьвету пракрычаць:

«Паўсталі крывічы!»

Тады пачнуць нас шанаваць.

Тады людзьмі нас будуць зваць!

Ня ный! Ня плач!


Кастусь Езавітаў пісаў успаміны пра гісторыю БНР

У 1933 годзе ён адзначыў:

«Хаця беларускія партыі і арганізацыі мелі ў Радзе большасьць, аднак з актам абвяшчэньня незалежнасьці Беларусі яны не сьпяшаліся, бо хацелі каб гэты акт быў вынесены як мага большаю лічбаю галасоў. З гэтай мэтай вяліся адпаведныя перамовы з партыямі іншых нацыянальнасьцяў у Радзе ды разам з тым чакаліся «беларускія рэзервы» з Заходняй Беларусі, якой таксама былі прадугледжаны 10 мандатаў у Радзе БНР.

1_kastus_ezavitau.jpg

24 сакавіка зьявіліся ў Раду прадстаўнікі Віленскай Беларускай Рады, лічба беларускіх галасоў павялічылася, апрача таго атрымана была згода на абвешчаньне незалежнасьці Беларусі ад некаторых расейскіх і габрэйскіх груповак. І пытаньне аб прыняцьці дэклярацыі з абвешчаньнем незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі было пастаўлена ў парадак дня. Пасьля доўгіх спрэчак з расейскімі сацыялістамі рэвалюцыянэрамі, польскімі сацыялістамі і некаторымі габрэйскімі групамі, пад самую раніцу быў зроблены перапынак, а на сьвітаньні пераважнай большасьцю галасоў была прынята «Трэцяя Устаўная Грамата» з абвешчаньнем незалежнасьці Беларускае Народнае Рэспублікі.

Калі абвешчаны былі вынікі галасаваньня, у зале запанаваў урачыста ўзьняты настрой, беларускія сацыялісты засьпявалі рэвалюцыйны беларускі гімн: «Ад веку мы спалі, і нас разбудзілі!..» Уся Рада ўстала і дружна падхапіла гэтую хвалюючую, магутную мэлёдыю зь яе захопліваючымі, як прысяга, словамі.

У гэты момант праз вокны ўдарылі першыя залатыя праменьні наступаючага 25 сакавіка, і ўся заля афарбавалася ў нейкі містычна-ружовы колер. Захопленыя агульным уздымам, нават прадстаўнікі расейскіх с.р. і габрэі, пасьля адсьпяванага гімну, зрабілі ўрачыстыя заявы, у якіх падкрэсьлілі, што, лічачыся з стаўшымся фактам, яны таксама ўсімі сіламі будуць падтрымоўваць Беларускую Дзяржаву».

Рупіўся пра беларускую спадчыну

«Памяткі беларускае гісторыі не павінны далей перахоўвацца ад беларускага народу на пыльных паліцах маскоўскіх, варшаўскіх, ковенскіх, рыскіх, ленінградзкіх, стакгольмскіх, рымскіх і бэрлінскіх архіваў. Прыйшоў час пазнаёміць наша грамадзтва з гэтымі гістарычнымі скарбамі!

Да гэтага часу справа надрукаваньня Літоўскае Мэтрыкі (больш адпаведным было-б называць яе Беларускаю Мэтрыкай, бо ніводнага дакумэнта на літоўскай мове ў ёй няма!) усякімі варожымі беларускаму aдpaджэнью коламі тармазілася. За 150 год, якія Беларуска-Літоўская Мэтрыка знаходзілася ў рукох расейскае дзяржавы, расейскіх вучоных».

 

Стварыў падручнік для школы “Першая пасьля лемантара кніга для чытаньня”

jezavitau.kniha_dla_cytannia.jpg


jezavitau.kniha_dla_cytannia_3.jpg


jezavitau.kniha_dla_cytannia_4.jpg


jezavitau.kniha_dla_cytannia_2.jpg