Кастусь Езавітаў: паміж «Озалам» і «Браняносцам»
З пажаўцелага крыху, абробленага па краях фота глядзіць мажны чалавек у цывільнай вопратцы, у яго валявы выраз твару, поўны ўнутранай годнасці і самаўпэўненасці. Поруч — разная прыгожая альтанка, выгнутыя спінкі драўляных лавак, выкладзены неапрацаваным каменнем грот — курортны экстэр’ер.
Кастусь Езавітаў, Кемеры, Латвія, 1934 год
Ніжэй — гледзячы па ўсім, саджалка: у спакойнай вадзе адбіваюцца чорнымі ценямі альтанка, каваная агароджа і… абрысы былога міністра вайсковых справаў БНР, каменданта Мінску, дэлегата Першага Усебеларускага з’езду.
На зваротным баку напісана: «Яго міласці Сымону Міхайлавічу Якавюку з сямейкай на доўгі ўспамін 20.IX.1934. Кемеры (назва курорта ў Латвіі — зусім неразборліва)» і размашысты подпіс. Картачка знаходзіцца ў прыватнай калекцыі і патрапіла мне ў рукі цалкам выпадкова.
Кастусь Езавітаў, Кемеры, Латвія, 1934 год
Фотаздымкаў Кастуся Езавітава з 1930-х гадоў захавалася зусім няшмат — большасць з іх калектыўныя фота з беларускіх дыяспарных мерапрыемстваў у Латвіі. Акурат гэты (аднойчы друкаваўся яго аналаг) — быў падараваны Сымону Якавюку, беларускаму дыяспарнаму дзеячу ў Ковенскай Літве, былому паслу польскага сейму і… савецкаму шпіёну, які, як высветлілася адносна нядаўна, вёў падрыўную дзейнасць у беларускіх антысавецкіх арганізацыях.
Беларусы ў міжваеннай Латвіі (друкуецца ўпершыню)
Асоба Езавітава ўсплыла з забыцця ў 1990-х гадах на хвалі публікацыяў у часопісах «Спадчына» ды «Нёман». Спадчынны вайсковец, таленавіты педагог, вайсковы міністр БНР, завадатар беларускага жыцця ў міжваеннай Латвіі, генерал БКА, нарэшце, вязень мінскай «Амерыканкі», дзе ў турэмным шпіталі яго і знайшла смерць у 1946 годзе.
Менавіта Езавітаў кіраваў вайскова-дыпламатычнай місіяй БНР у Прыбалтыцы, дзе перацягнуў на бок маладой рэспублікі генерала Булак-Балаховіча разам з яго легендарным «Асобным аддзелам». Можна з упэўненасцю казаць, што Езавітаў найбольш прыклаўся да стварэння беларускіх вайсковых фармаванняў падчас Грамадзянскай вайны.
У сваіх «Змагарных дарогах» Кастусь Акула так апісвае Езавітава-педагога: «Чаго ходзіце такія згорбленыя, скрыўленыя, быццам бы цяжар усяго свету на сваіх хрыбтах цягалі? — дапякаў часценька настаўнік Канстантын Барысавіч (…) вучням. — Палякі ці маскалі няхай так ходзяць, але не мы, беларусы. Ніколі не забывайцеся, што на нас, беларусаў, увесь свет глядзіць…» Там жа знаходзім, што акурат за сваю вайсковую выпраўку ды хаду Езавітаў атрымаў ад вучняў мянушку «Браняносец». «Быў чалавекам надзвычай высокае асабістае маралі, нацыянальнага гонару і духовае чысціні», — рэзюмуе Акула.
Беларусы Латвіі падчас святкавання 50-х угодак Якуба Коласа, Езавітаў пасярэдзіне, 1932 год
Езавітаў — ідэальны персанаж для пантэону беларускіх герояў, каб не звесткі пра ягоную супрацу з савецкімі органамі, што вынікае з прадмовы А. Хацкевіча да тэксту ўспамінаў генерала ў «Нёмане» (№3, 1993): «З 1925 па 1934 год Езавітаў, па ягоных словах, супрацоўнічаў, пад мянушкай «Озал», з савецкім паўпрэдам у Латвіі Чарных, а далей з іншым паўпрэдам Ульянавым. У 1940 годзе пад той жа мянушкай лічыўся ў НКУС Лацвійскай ССР».
Ды і самі рускамоўныя ўспаміны, якія пісаліся хворым Езавітавым у турэмным шпіталі, хутчэй нагадваюць «прызнанне» ў пісьмовай форме, чым твор мемуарнага жанру… Зрэшты, Хацкевіч прыводзіць толькі ўрыўкі ды і звесткі пра супрацу — фактычна пераказвае сваімі словамі ў прадмове.
Зразумела, што на дадзеным этапе, ва ўмовах зачыненых архіваў КДБ, мы не можам праверыць гэту інфармацыю ды адказаць на пытанне адназначна: ці не было ўсё гэта фальсіфікацый з мэтай у чарговы раз кінуць цень на небяспечную для Масквы фігуру? Тым больш не адкажам на пытанне: у якіх умовах Езавітаў перад смерцю мог даваць тыя ці іншыя паказанні…
На першы погляд, усё вышэйсказанае ставіць на Езавітаве крыж. Уявім на хвілінку, што гэта праўда — супраца, савецкія паўпрэды, «Озал»... Але найперш звернемся да часу і месца, дзе жыў наш герой. Міжваенная Латвія, у якой апынуўся Езавітаў, — гэта зусім не спакойная прыморская краіна, а хутчэй малады аўтарытарны рэжым, які развіваўся на фоне этнічнага супрацьстаяння латышоў з палякамі, беларусамі ды рускімі.
Латышскі ўрад неаднаразова выкарыстоўваў «беларускую карту», каб аслабіць палякаў, але як толькі кампактная беларуская дыяспара выходзіла з-пад кантролю (напрыклад, у школах з’яўляліся мапы этнічных беларускіх земляў, куды ўваходзілі і «латышскія» тэрыторыі) — пачыналіся рэпрэсіі з арыштамі і закрыццём навучальных установаў. Першы «беларускі працэс» акурат і меў месца ў 1924–1925, тады Езавітаў правёў у СІЗА 11 месяцаў, пасля чаго быў апраўданы.
Езавітаў вядзе перапіску з латышамі наконт палявой пошты Асобнага атраду, 1920 год
Савецкі Саюз скарыстаўся з канфрантацыі, каб схіліць беларусаў на свой бок. Праз савецкае прадстаўніцтва пачынае цячы паток фінансавай дапамогі, літаратуры з БССР, Езавітава запрашаюць на пасяджэнні Акадэміі навук у Мінск, ён піша агляды для «СБ»… Тая ж схема працавала і ў Заходняй Беларусі з Тарашкевічам, Дварчанінам, Лёсікам, Станкевічам, у Літве — з Ластоўскім і іншымі. Дзейнасць — рэпрэсіі — савецкая «дапамога»… Адсюль і выцякае дата «вярбоўкі» згодна Хацкевічу: у 1925 годзе Езавітаў акурат выходзіць з СІЗА.
Цікавы факт: у 1926 годзе Езавітаў здаў у толькі што створаны Беларускі дзяржаўны музей свой БНРаўскі мундзір, які пасля ў 1929-м быў выкарыстаны… падчас здымак фільму «У агні народжаная» пра Грамадзянскую вайну і стварэнне БССР. Па сюжэце ў яго апрануты камічнага выгляду контррэвалюцыянер, які выступае на тле бел-чырвона-белага сцяга.
Пра фармат супрацы мы зноў жа нічога не ведаем: абмяжоўваўся ён культурна-адукацыйнай сферай ці не толькі. Калі верыць «Кароткаму нарысу беларускага пытання», міжваеннаму падручніку для польскіх спецслужбістаў, Езавітаў павінен быў адыграць не апошнюю ролю ў паўстанні на тэрыторыі Заходняй Беларусі. Каля яго прозвішча стаіць подпіс: «беларускі палкоўнік, прызначаны на высокую пасаду ў камандаванні».
Нагадаем, аднак, што ўсё гэта адбывалася ў атмасферы пагаднення паміж урадам БССР і ковенскім урадам БНР Ластоўскага, на тле рэпрэсіяў супраць беларусаў у Польшчы, калі большасць нацыянальна скіраванага элементу чакала паўстання і хутчэйшага аб’яднання з БССР, дзе поўным ходам будаваўся агульны «Беларускі дом»…
Трэба таксама памятаць, што спецыфікай беларускага нацыянальнага руху на той час была «левізна» (што было абумоўлена палітычнай модай, а таксама сацыяльным становішчам большасці беларусаў-сялян). Той жа польскі падручнік, яшчэ раней, наогул запісвае Езавітава да эсэраў…
З чым жа мог быць звязаны дзіўны канец супрацы ў 1934 годзе? Акурат напярэдадні СССР уступіла ў паласу рэпрэсіяў: згортванне НЭПу, калектывізацыя і раскулачванне, голад у розных рэгіёнах, «ломка» нацыянальнай інтэлігенцыі, рэформа правапісу, справа «Саюзу вызвалення Беларусі»… Для таго, каб не бачыць усяго гэтага, у 1934 годзе трэба было мець аж занадта ружовыя акуляры альбо быць зацятым КПЗБоўцам (шмат хто з іх развітаўся з ілюзіямі толькі на Бутаўскім палігоне ў 1937 годзе…) Мы не ведаем фактаў, але, мажліва, акурат у 1934-м Езавітаў адчуў тую прорву, якая ў хуткім часе засмокча большасць з ягоных таварышаў, што паддаліся на спакусу супрацы з БССР. У другой палове 1930-х гадоў Езавітаў займаецца амаль выключна педагагічнай дзейнасцю.
Тады чаму яго не кранулі ў 1940 годзе, калі Латвію занялі савецкія войскі? Зноўку таямніца… Той кароткі перыяд у Латвійскай ССР Езавітаў узначальваў адну з пачатковых школаў у Рызе. Мажліва, саветы хацелі ў перспектыве выкарыстаць «беларускую карту» супраць латышоў, мажліва, да часу не чапалі нядаўнюю ахвяру «буржуазнага рэжыму» (Езавітава ў Латвіі арыштоўвалі ў 1930, 1934, 1935 гадах).
Душэўскі і Езавітаў (у складзе вайскова-дыпламатычнай місіі ў Прыбалтыцы, 1919 год)
Цікавыя аналогіі, дарэчы, узнікаюць з Аўгусцінасам Вальдэмарасам — двойчы прэм’ерам міжваеннай Літвы, заснавальнікам Саюза літоўскіх нацыяналістаў, прафесарам Літоўскага ўніверсітэту. Той таксама залічваў сябе да нацыяналістаў, займаўся педагогікай, уваходзіў у канфлікт з Літоўскім урадам, за што неаднойчы сядзеў: пасля няўдалага путчу ў 1934-м атрымаў 12 гадоў, амніставаны ў 1938-м. З’ехаў на эміграцыю, але, што цікава, у 1940 годзе вярнуўся ў занятую Саветамі Літву. Быў спачатку затрыманы і сасланы, пасля зноўку арыштаваны, памёр у 1942 годзе ў Бутырскай турме.
Некаторыя даследчыкі лічаць Вальдэмараса савецкім агентам, які жыў у Парыжы на эміграцыі на пенсію ад вядомых органаў. Пры гэтым імем Вальдэмараса ў сучаснай Літве названыя вуліцы, ягоныя партрэты друкуюцца на марках…
У нестабільных умовах міжваеннай Еўропы, дзе дробныя нацыі не атрымалі, альбо толькі што атрымалі незалежнасць, іх прадстаўнікі вельмі часта звярталіся па дапамогу да Нямеччыны альбо СССР (часам камбінуючы абодва варыянты). Усе памяталі актуальны вопыт Першай сусветнай вайны, калі ад сутыкнення вялікіх імперыяў выйгралі малыя народы, якія мелі палітычную волю ды нюх на сітуацыю.
Гэтым разам гісторыя не паўтарылася, і шмат хто з прадстаўнікоў нацыянальнай эліты апынуўся закладнікам аднаго з таталітарызмаў, прырэчаны пасля быць праклятым і забытым… У канцы красавіка 1945 хворага на грыжу Езавітава выдае агентам СМЕРШу ягоны ад’ютант, былы вучань Яневіч. Версіі смерці генерала разыходзяцца, як сцяжынкі ў розныя бакі: павешаны ў Віцебску, расстраляны ў «Амерыканцы», памёр ад сухотаў з 3-й ступенню дыстрафіі ў турэмным шпіталі…
Як бы там ні было, на маю думку, справа не толькі ў тым, што камітэт заўжды «плаціць даўгі», але і ў тым, што мы, падобна літоўцам, павінны памятаць сваіх герояў — нават тых, якія на сваім шляху рабілі пэўныя памылкі, застаючыся да канца адданымі нацыянальнай ідэі.
5 лістапада спаўняецца 120 гадоў ад нараджэння генерала Езавітава.