Францішак Кушаль: марыў пра беларускую армію, ажаніўся з Арсенневай, ваяваў супраць камуністаў
Імя беларускага генерала можа выклікаць прыступ істэрыкі ў рэжымных прапагандыстаў сёння. Францішак Кушаль зарабіў за жыццё рэпутацыю, якая выклікае розгалас і спрэчкі. Давайце глянем на чалавека, гадавіну смерці якога адзначаем у гэты дзень.
Перадумовы
Кушаль нарадзіўся на Валожыншчыне ў 1895 годзе, і ўжо ў школе, як сцьвярджае Ўладзімер Арлоў, пашыраў сярод сяброў тую легендарную «Нашу Ніву» з Купалам, Коласам і астатнімі суперзоркамі пачатку стагодзьдзя.
У хуткім часе ў Івянцы малады беларус стварыў нацыянальную патрыятычную моладзевую суполку.
Як узгадвала жонка генэрала, Натальля Арсеньнева, падчас Першай сусьветнай вайны «дзеля таго, што ён меў скончанае гарадзкое вучылішча новага тыпу, яго адразу адаслалі здаваць прыёмныя іспыты ў Віленскае ваеннае вучылішча, эвакуяванае ўжо тады ў Палтаву. Праз год ён скончыў яго з чынам прапаршчыка, прайшоў кароткі стаж у палку недзе аж у Астрахані і ў рангу падпаручніка быў адразу адасланы на фронт.
Адрэзак фронту, куды ён трапіў, быў недалёка ад родных мясьцінаў, бо пад Крэвам. На фронце Францішак Кушаль нязьменна (нават дахаты наведацца ані разу не пусьцілі) прабыў у цяжкіх баёх год з гакам. Тым часам пачалася рэвалюцыя... Бясконцыя мітынгі, камітэты, балбатня агітатараў, што скончыліся зьдзекам са старшага каманднага складу, забойствамі і, урэшце, поўным развалам».
Пры канцы 17-га ці на пачатку 1918 году Кушаль у рангу штабс-капітана вярнуўся дахаты.
Дачуўшыся, што ў Менску адчынілася беларуская кнігарня, ён пешкі вырушыў у няблізкую дарогу. Першым, каго сустрэў у кнігарні, быў Алесь Гарун, які даў падарожніку цэлы мех літаратуры. Трэба меркаваць, што падабраная яна была правільна, бо неўзабаве нядаўні баявы афіцэр завёў знаёмства з Антонам Луцкевічам, Янкам Станкевічам, Браніславам Тарашкевічам, Аркадзем Смолічам.
Пасьля ўстанаўленьня Беларускай Народнай Рэспублікі 25 сакавіка 1918 году малады афіцэр Кушаль належыць да Беларускай Вайсковай Камісіі. І ад таго часу ён не пакідаў змагацца, як жаўнер і як грамадзкі дзеяч, за незалежную Беларусь.
Кушаль жыве ў заходняй частцы Беларусі і такім чынам трапляе ў польскае войска.
Цудам выратаваўся ад расстрэлу ў Катыні камуністамі
Генэрал узгадваў: «Пасьля разгрому немцамі на паўночным фронце польскіх адзінак, якія адчайна бараніліся, польскія афіцэры і жаўнеры, ацалелыя ў тым няроўным змаганьні, не хацелі ўсё ж прызнаць сябе за пераможаных. Разьбітыя, яны імкнуліся да яшчэ існуючых агменьчыкаў абароны, каб змагацца далей. Разам з такой групкай афіцэраў я трапіў прыблізна ў сярэдзіне верасьня 1939 году да Львову, які мужна абараняўся ад нямецкага націску.
Варункі капітуляцыі, на якія нібы згаджаліся бальшавікі, зусім не зьбіраючыся іх трымаць (што нам, выхаваным на агульнапрынятых прынцыпах заходніх рыцарскіх традыцыяў, нават да галавы б не прыйшло), былі наступныя: увесь Львоўскі гарнізон, як і ўсе іншыя вайсковыя адзінкі ў сфэры ўплыву Львоўскага корпусу, павінныя скласьці зброю і бяз бою здацца Чырвонай арміі.
Чырвоная армія абавязвалася са свайго боку, адразу, па нашым раззбраеньні, адпусьціць дадому ўсіх шараговых і падафіцэраў. Стан афіцэрскі пакуль мусіў быць затрыманы й перавезены да штабу Чырвонай арміі ў Тарнопалі, дзе кожны з афіцэраў павінен быў атрымаць належны дакумэнт і таксама ыць адпраўлены дадому. Подпіс Цімашэнкі мусіў гарантаваць абяцанае звальненьне.
Шчыра кажучы, ніхто з нас ані на хвілінку нават не дапускаў думкі, што замест вольнасьці чакае нас падчас доўгіх пакутаў агульная труна ў Катынскім лесе, аднак сэрца кожнага сьціскалася ад нейкае невымоўнае трывогі.
Аднойчы нашыя камісары прывялі нас за царкву і загадалі капаць яму для сьмецьця і памыяў. Выкапалі мы ўжо досыць глыбокую яму і раптам зачапілі рыдлёўкамі труп. Гэта была, мяркуючы па рэштках убраньня, манашка, відаць, расстраляная бальшавікамі, бо ляжала яна без труны, скурчаная... Паведамілі пра знаходку ў камэндатуру лягеру.
Прыйшоў энкавэдыст, агледзеў яму й труп, упэўніўся, што яма досыць глыбокая, і загадаў закапаць труп манашкі глыбей на дне ямы. Афіцэры спрабавалі пратэставаць, кажучы, што нябожчыца была ўсё ж такі чалавекам, што выліваньне памыяў і кіданьне рознага паскудзтва на чыю-небудзь магілу ёсьць святатацтвам.
Але прадстаўнік савецкай улады змрочна сказаў:
I нябожчыца была закапаная на дне сьметніку.
Гэтыя й таму падобныя здарэньні дасканала характарызавалі самую істоту бальшавізму і выклікалі сярод палонных агіду і нянавісьць.
Так Цімашэнка выканаў падпісаную ім дамову — ахвяры бяспрыкладнага бальшавіцкага зьверства былі сапраўды адпушчаныя энкавэдыстамі «дадому» — да таго дому, дзе ўсе спаткаемся калі-небудзь і дзе няма ані гвалту, ані хлусьні, ані трывогі...
17 траўня 1940 году неспадзявана быў забраны я і ў атачэньні моцна ўзброеных энкавэдыстаў адвезены ў Маскву ў «славутую» вязьніцу на Лубянцы... З таго часу страціў я з полю зроку маіх таварышаў па нядолі і, які лёс іх напаткаў, даведаўся толькі ў 1943 годзе, прачытаўшы, уражаны, у прэсе пра знаходку Катынскага пабоішча.
На Лубянцы, хоць гэта падаецца дзіўным, сядзела шмат польскіх палонных афіцэраў, зьвезеных энкавэдыстамі з розных лягероў невядома для чаго. Так, напрыклад, трапіў я ў адну камэру з генэралам Уладыславам Андэрсам. Генэрал Андэрс быў цяжка паранены падчас баёў зь немцамі і ў момант капітуляцыі Львову знаходзіўся ў адным з мясцовых шпіталяў».
З Лубянкі Францішка Кушаля перавезлі ў Валожын — «па месцы жыхарства», быццам на «перагляд справы».
Спробы арганізацыі беларускага войска
Узгадвае Натальля Арсеньнева: «У першы ж дзень вайны энкавэдысты зьбеглі, і г. зв. «заключённые» ў бальшыні паўцякалі таксама. Валожын ад Дор усяго за 16 кілямэтраў, так што зь першымі нямецкімі самалётамі Франук Кушаль, худы й абадраны, апынуўся ў роднай хаце. А неўзабаве ён ізноў улучыўся ў беларускую справу і ўжо на пачатку верасьня ці нават напрыканцы жніўня быў у Менску.
Там арганізаваў і ўзначаліў сьпярша паліцыйную школу, тады 3 курсы перашкаленьня беларускіх афіцэраў, беларускія адзьдзелы пры Самапомачы (Беларуская Народная Самапомач (БНС) — дабрачынная нацыянальная арганізацыя на акупаванай немцамі тэрыторыі Беларусі), і нарэшце Беларускую Краёвую Абарону й Афіцэрскую школу ў Менску».
Як адзначаў сам Францішак Кушаль у 1943 годзе, варункі былі наступныя:
1) Камандзір батальёну і ўсе ніжэйшыя камандзіры — беларусы.
2) Каманднай і службовай мовай у батальёне — беларуская.
3) Кандыдатаў на камандзіраў прадстаўляе галоўны вайсковы рэфэрэнт БСА пры Самапомачы.
4) Маральную апеку над батальёнам і прапаганду маюць беларусы.
5) Узбраеньне, абмундзіраваньне і выжывеньне нямецкае, паводле нямецкіх вайсковых нормаў.
6) Адзнакі на мундзірах павінныя быць беларускія, на шапках «Пагоні», бел-чырвона-белыя сьцяжкі на левым рукаве.
7) Батальён можа быць задзейнічаны толькі на Беларусі й толькі супроць ворагаў беларускага народу, бальшавіцкіх партызанаў.
Кушаль успамінае: «Калі Шлегель (прадстаўнік нямецкай адміністрацыі) прачытаў гэтыя варункі, ён сказаў, што на ўсё згаджаецца, апрача таго толькі, што камандзір батальёну павінен быць беларус. Усе іншыя камандзіры, сказаў ён, будуць беларусы, але камандзір батальёну павінен быць немец. Калі я і Саковіч адказалі, што мы згаджаемся на гэтую зьмену, калі інакш ня можна, то Шлегель сказаў: "Калі так, дык я ў вашай прысутнасьці падпісваюся пад вашымі варункамі. — А падпісаўшы паперу, зьвярнуўся ён да мяне. — Жадаю вам удачы ў арганізацыі новага беларускага батальёну".
У пачатку лютага 1943 году добраахвотнікі пачалі прыбываць. Немцы далі мне сапраўды быццам цалкам свабодную руку ў арганізацыі батальёну.
У канцы чэрвеня 1944 году распачалася эвакуацыя з Беларусі. 13-ты батальён пачаў адступаць на захад разам зь нямецкім войскам. Адносіны немцаў да людзей былі вельмі благія. Нямецкія падафіцэры білі іх, акрадалі іхны паёк і да т. п. Дзякуючы такім адносінам шмат падафіцэраў звольніліся лягальна, а некаторыя, разжаленыя, дэзэртыравалі з батальёну».
У 1945 годзе разам з беларускім падразьдзяленьнем бяз бою Францішак Кушаль здаўся амэрыканцам.
З успамінаў жаўнера Францішка Кушаля — Яўгена Ўсюкевіча, якімі ён падзяліўся з «НЧ» у 2015 годзе:
«Наогул, калі 30-я дывізія трашчала па швах, на яе ўламках хацелі арганізаваць беларускую дывізію. Немец мне адзін казаў, што зараз разгортваецца беларускі полк, а пасьля — дывізія. Мы мелі нацыянальны полк. Я памятаю, як 25 сакавіка 1945 году маршыравалі, адзначалі ўгодкі БНР такім чынам. Пасьля гэтага ўласаўскі генэрал-маёр дамовіўся з Кушалем пра месца пераходу да амэрыканцаў. Амэрыканцы падрыхтавалі трасу.
У амэрыканскім палоне мы былі тры месяцы. Гэта Нармандыя, у добрае надвор’е быў бачны ангельскі бераг».
— Перад пераходам да амэрыканцаў мне Кушаль пагоны лейтэнанта наляпіў (пасьміхаецца), таму я ўжо лічыўся за афіцэра. Было спадзяваньне, што мы паваюем яшчэ супраць саветаў. Бо было спадзяваньне шмат у каго на далейшы канфлікт альянтаў з Саюзам. Чэрчыль да гэтага і схіляўся, але амэрыканцы не пагадзіліся.
— А чаму не перадалі Франца Кушаля, вашага камандзіра?
— Тыя, хто запісаўся палякамі, мелі шанец пасьля служыць у Андэрса… Ён, відавочна, замэльдаваўся як польскі афіцэр, таму яго амэрыканцы пакінулі. Як я зараз магу выказацца з гэтай нагоды? Ня хочацца груба…
— То-бок ён кінуў сваіх падначаленых?
— А як жа?! Афіцэр адзін ляжаў побач са мной тры месяцы, маёр быў. А Кушаль — палкоўнік. І як толькі мы перайшлі да амэрыканцаў — ён зьнік.
Генэрал некалькі гадоў пражыў у Нямеччыне, заснаваў там Аб’яднаньне беларускіх ветэранаў, а ў 1950 годзе разам з жонкай Натальляй Арсеньневай выехаў у ЗША, дзе і пражыў да канца жыцьця. Францішак Кушаль быў сябрам Рады Беларускае Народнае Рэспублікі ў выгнаньні.
Адзін з дзяцей Францішка і Натальлі — Яраслаў Кушаль быў забіты чырвонымі партызанамі ў менскім тэатры падчас пастановы. Камуністы заклалі бомбу ў залі.
25 траўня 1969 году Фрнцішак Кушаль памёр і быў пахаваны на могілках у Рочэстэры поруч са сваёй каханай.
Складаны і непрапрацаваны час, калі беларускія патрыёты мусілі абіраць нейкі бок у змаганьні за Беларусь. Францішак Кушаль разглядаў супрацоўніцтва з нямецкай адміністрацыяй падчас Другой сусьветнай вайны як адзіны магчымы шанец вызваленьня ад чырвонай заразы. На вялікі жаль, адначасова з гэтым у сьвеце існавала і карычневая чума.
Ці рупіліся нацысты ці камуністы аб росквіце і аднаўленьні Беларусі? Адказ відавочны і адназначны — не. Кушаль спрабаваў скарыстацца момантам і вызваліць краіну ад абодвух крыважэрных ідэалёгій, так, як навучала яго ў школе газэта «Наша Ніва».
Францішак Кушаль усё жыцьцё імкнуўся стварыць нацыянальнае войска як галоўную гарантыю незалежнасьці краіны.