Як у Нарвегіі кіравала каралева Элізіф, унучка Рагнеды, праўнучка Рагвалода

Унучак Рагнеды ў краінах, дзе яны былі каралевамі, шануюць. Ім прысвячаюць творы.

lizaveta.jpg

Каралева Нарвегіі, унучка Рагнеды і дачка Яраслава, кіеўскага князя, узгадваецца шматкроць у летапісах Нарвегіі. І не адна яна згадваецца, а і муж яе — Харальд Смелы, які ўвайшоў у гісторыю як конунг Харальд III Сігурдарсон, піша «Звязда».

Грыўна ў чаканні... караляў

Многіх яго прыгод не было б, калі б не яна — тады Лізавета, а пасля на нарвежскі манер Элізіф. Сам называў яе Элізі, Элі, гледзячы ад таго, які сэнс укладаў у гэтае імя. Калі хацеў засведчыць любоў, пяшчоту, то Элізі. У хвіліны асаблівай блізкасці толькі Элі. Звярнуў на яе ўвагу пры першым знаёмстве, калі была яшчэ зусім дзяўчо. Прыехаў са сваім зводным братам Олафам, конунгам Нарвегіі, не па добрай волі. Пацярпеўшы паражэнне ад датчан, той ратаваўся ўцёкамі.
З ім Гаральд не толькі як сваяк быў, але і як баявы пабрацім. Хоць і меў усяго чатырнаццаць гадоў, яго ўжо Смелым празвалі. Але ўбачыў Лізавету і зразумеў, што невыпадкова за прыгажосць і танклявы стан князёўны яе называлі Шаўкавінкай. Праўда, сёй-той лічыў ганарлівай, але ён адразу зразумеў, што аніякай напышлівасці ў яе ўчынках няма. Гатовы быў хоць сёння весці пад вянец.
Аднак калі ў Нарвегіі ўладу захапілі язычнікі, паспяшаўся з братам на Радзіму. Ды Олафу не пашанцавала. Не толькі не вярнуў прастол, але і загінуў. А Гаральд вярнуўся ў Кіеў. Яраслаў Уладзіміравіч прызначыў яго начальнікам княжацкай дружыны. Яна складалася з вікінгаў, якія знайшлі прытулак пры яго двары, і насельнікаў іншых краін.
Калі князь даведаўся, што паміж Гаральдам і Лізаветай узаемнае каханне, вырашыў быць з імі шчырым.
— Люблю цябе, як сына, — сказаў ён, звяртаючыся да Гаральда. — Падабаецца твая смеласць, адвага. Няблага і тое, што такі рашучы. Прыгожы, статны. Толькі гэтых якасцей мала, каб стаць маім зяцем. Не крыўдуй, але хібіць не буду. Няма ў цябе прастола, няма і багацця.
Гаральд апусціў долу вочы. Нічым запярэчыць не мог. Яраслаў Уладзіміравіч вывеў яго з цяжкага одуму, абнадзеіў: — Збірайся, сыне мой, у дарогу. Здабывай багацце, праслаўляй імя сваё.
Лізавета, якая ўвесь гэты час маўчала, прыязна паглядзела на Гаральда: — Буду чакаць. Год, два... Колькі трэба.
Калі Яраслаў Мудры пакінуў іх, нарвежац дастаў з кішэні грыўну: — Яна з ланцужком. На шыі можна насіць. Насі і ўспамінай мяне. Вярнуся — каралі падару.

Унёсак рыцараў удачы і будучае вяселле

Сабраўся Гаральд у Канстанцінопаль. Не адзін, а з найлепшымі дружыннікамі. Князь пажартаваў: — Свой баявы шчыт хочаш прыбіць на яго варотах?
Што ён мае на ўвазе, не здагадваўся, таму адказаў сур’ёзна: — Навошта шчыт? Я імя Лізаветы напішу.
— Ты пісаць навучыўся?
— Я толькі слова Ліза пісаць умею, а больш навукі, княжа, мне і не трэба.
У Канстанцінопаль прыбылі ў 1038 годзе. Візантыйскую імперыю ўзначальваў Міхаіл ІV Пафлаонец. Па-мясцоваму — васілеўс. Але ўсімі справамі кіравала яго жонка Зоя. Ды яшчэ вельмі любіла мужчын. 24-гадовы Гаральд адразу спадабаўся ёй. Зрабіла яго камандзірам варажскай дружыны. Усю восень дзейнічаў з візантыйскай эскадрай Георгія Маніякая, якая змагалася з піратамі. І раптам Гаральд даведаўся, што сын Олафа Магнус прыйшоў да ўлады ў Даніі і Нарвегіі. Не сумняваўся, што падзеліцца ёю з дзядзькам.
Толькі Зоя і слухаць не хацела пра ад’езд. Калі пачаў настойваць, заявіла, што прысвоіў здабычу, забраную ў піратаў. Імператар Міхаіл V Каліфат (яго папярэднік быў атручаны) загадаў пасадзіць Гаральда і двух яго сяброў на самы верх высачэзнай вежы. Без ежы і вады іх чакала марудная смерць. Ды знайшлася адна саноўная жанчына (ні ў адной з саг прозвішча яе не згадваецца), вырашыла вызваліць іх. Відаць, была з тых, каго Гаральд Смелы таксама змог ашчаслівіць. Неяк перадала вяроўку, і вязні аказаліся на волі.
Усё ж Зоя, мабыць, на яго не дарэмна нагаворвала. Навядзеннем парадку на моры сябе ў крыўдзе не пакідаў. Не цураўся і разбойных нападаў. Вікінгі захапілі каля 80 арабскіх гарадоў. Саўдзельнікаў Гаральд у крыўдзе не пакідаў. Але тыя, ведаючы як ён апынуўся тут, часта не бралі сваю долю. Калі ж пад гукі арфы, якая заўсёды была пры ім, спяваў, заканчваючы кожны куплет аднымі ж і тымі словамі: «Але руская дзева з залатымі каралямі // мною грэбуе», вікінгі не стрымлівалі слёз. Багацця сабралася так шмат, што большую частку яго загадзя накіраваў у Кіеў.

Смелы, але і авантурны

Багацця нарабавалі шмат — значыць, першая задача будучага цесця была выканана. Паспяшаўся ў Кіеў пабачыць каханую. Яраслаў Уладзіміравіч застаўся задаволены прывезеным багаццем. Як і тым, што прыйшло раней. Наладзіў баляванне па-скандынаўску. Падлогу пасыпалі саломай. Каб расплаўлены воск свечак не трапіў на таго, хто сядзеў пад імі, іх размясцілі ў срэбных чашачках. Яны нагадвалі дзіўнай прыгажосці кветкі, якія толькі распусціліся.
Калі Манус аддаў Гаральду частку Нарвегіі, Яраслаў Уладзіміравіч стрымаў сваё слова. Былі ў яго грошы, быў і прастол. Удосталь пагасцяваўшы, Гаральд са сваёй Шаўкавінкай на караблі адправіўся ў Скандынавію. А праз два гады Лізавета стала каралевай. З мужам ва ўзаемным каханні і згодзе яны нарадзілі дзвюх дачок — Марыю і Інгігерду. Выхоўвалі і дваіх сыноў — Олафа і Магнуса, маці якіх была наложніца Гаральда — Тора.
Пасля смерці Магнуса Гаральд стаў конунгам усёй Нарвегіі. А ў паўсядзённым жыцці з гадамі ён мала змяніўся. Як быццам і не пасталеў. І Гаральдам Смелым называлі яго, і Гаральдам Жорсткім. Лізавета ж часта ўспрымала Гаральдам Авантурным. Так было і ў 1066 годзе, калі памёр англійскі кароль Генрых. Правіць краінай пачаў яго пляменнік, амаль цёзка Гаральда — Гарольд Гадвінсон. Не ўсім гэта было даспадобы. Сярод іх аказаліся брат памерлага Тосціг і Гаральд, якому захацелася пакарыць Англію. Каб жа толькі сам паехаў на вайну. Вырашыў узяць з сабой жонку з дочкамі і сынам Олафам. Што яго — яшчэ зразумела: будучы мужчына. Але пры чым яна, дзеці? Ды запэўніванні Лізаветы, што лепей жанчыне на караблі не знаходзіцца, нічога не далі.

Ці верыць прыкметам?

Прадчуванне небяспекі пачало непакоіць праз некалькі дзён. Раптам над караблём з’явіўся вялікі чорны крумкач. Зрабіўшы некалькі кругоў, ён пасля апусціўся на карму. Агледзеўшыся па баках, закаркаў так моцна, што Марыя і Інгігерда нават прыціснуліся да маці, нібы шукаючы паратунку. Лізавеце таксама было вельмі страшна. Крумкач жа працягваў сваё карканне. Пасля, узмахнуўшы крыламі, узняўся ў паветра і гэтаксама хутка знік за даляглядам.
Праз некалькі дзён адбылося не менш страшнае. Калі абміналі невялікі скалісты востраў, нечакана на адным з уцёсаў з’явілася жанчына. Яна нагадвала здань — старая, худая. Яе доўгія сівыя валасы пасмамі спадалі на плечы. Пры набліжэнні карабля Гаральда пачала махаць рукамі, просячы ўзяць яе з сабой.
А потым заспявала:
Куды вы плывяце? Чакае воіна смерць.
Вярніцеся, вярніцеся
дамоў хутчэй!
— Божухна! — залямантавала Лізавета. — Навошта ты наклікаеш на нас смерць?! — і ўжо да Гаральда: — Хутчэй паварочвай караблі назад!
— Што вярзеш?! — абурыўся ён.
Падышоў яго найлепшы сябар Торд. Счакаўшы, пакуль Гаральд суцішыцца, ён сказаў:
— Прыснілася мне, што берагам мора ішло шматлікае войска. А наперадзе войска на кані — жанчына з воўчай галавой. І пажырала людзей.
— Цікава, — не хаваў свайго захаплення Гаральд.— Яна не проста ела іх, а разрывала рукамі, запіхваючы мяса ў сваю велізарную пашчу.— Ха-ха-ха! — Гаральд заліўся сме-
хам. — Гэта ж цудоўна!— Што цудоўна? — жахнулася Лізавета. — Як ты можаш такое гаварыць?
— Гэта ж благі сон, — дадаў Торд.
Гаральд паглядзеў на жонку і сябра.
— Якія ж вы не здагадлівыя?! Мы будзем забіваць саксонцаў. І пераможам!

Блізкі бязлітасны час

Калі падышлі да Аркнейскіх астравоў, ён усё ж пакінуў на адным з іх жонку з дочкамі. Узяўшы з сабой сына, прадоўжыў шлях. Высадзіўшыся непадалёку ад паселішча Рыкол, пакінуў невялікі атрад на чале з Олафам для аховы ўзбярэжжа, каля якога стаялі яго судны, а сам з асноўнымі сіламі і аб’яднанымі атрадамі Тосціга рушыў да горада Ёрка. Загадаў падцягнуць да сцен усе свае сілы, у тым ліку тыя, якія пакуль знаходзіліся ў рэзерве. Не сумняваўся, што, калі абаронцы горада ўбачаць, як шмат вікінгаў, палічаць за лепшае здацца.
Ёрк здаўся праз тры дні. Жыхары, параіўшыся, нават выбралі яго сваім каралём. Не паспеў аддаць першыя загады і распараджэнні, накіраваныя на захаванне парадку ў горадзе, як вартавыя, якія знаходзіліся на гарадской сцяне, паведамілі, што набліжаюцца коннікі.
Гаральд прышпорыў каня, каб накіравацца ў размяшчэнне свайго лагера. І раптам конь, спалохаўшыся мышы, узняўся на дыбы. Гаральд апынуўся на зямлі. Сагі і хронікі сведчаць, што гэта ўбачыў англійскі кароль на процілеглым беразе ракі. Быццам прамовіў:
— Добрая прыкмета! — меў на ўвазе, што пашчасціць яму, а не вікінгам, — пасля звярнуўся да сваёй світы: — Бачылі як гэты непераможны ў калючках валяецца!
Абодва бакі, прагнуўшы бою, вырашылі прытрымлівацца даўняй традыцыі вікінгаў і саксонцаў. Перад боем спявалі песні, што славілі сваіх воінаў і абяцалі гібель праціўнікам.

Канец эпохі вікінгаў

Сышліся дзве лавіны не на жыццё, а на смерць. Адна са стрэл напаткала і Гаральда. Ці то ў спешцы, ці не захацеўшы, не надзеў кальчугу і шлем. Страла трапіла ў горла, і ён захлынуўся ўласнай крывёй. Лізавета, канешне, не ведала, што адбывалася ў Ёрку і яго ваколіцах. Але трывожныя прадчуванні па-ранейшаму не пакідалі яе. Калі ж нечакана захварэла Марыя, зусім не па сабе стала. Яна — любімая дачка Гаральда. Значыць, бяда насоўваецца, і хвароба дачкі — таксама свайго роду папярэджанне. А Марыя адчувала сябе ўсё горш і хутка памерла. Неўзабаве Лізавета даведалася, што ў гэты ж дзень, таксама каля паўдня, не стала і Гаральда. Са смерцю яго, як засведчаць пазней гісторыкі, скончылася эпоха вікінгаў.