Чаўшэску — цар дакаў. Гісторыя на службе ў дыктатара
Дыктатуру Чаўшэску ў тым ліку намагаліся легітымаваць за кошт ўзведзенай ў ранг дзяржаўнай ідэалогіі, экзатычнай тэорыі паходжання румынаў ад старажытнага народу дакі. Прычым па хадзе гісторыкам намякнулі, што ў іх працах трэба праводзіць думку пра тое, што Чаўшэску — гэта жывая рэінкарнацыя дацкіх цароў.

Партрэт Чаўшэску з адсылкай да старажытных цароў. Кадр з YouTube.
Наогул, тэму паходжання румынаў ад дакаў (група фракійскіх плямёнаў на тэрыторыі сучаснай Румыніі і Малдовы, якіх каланізавалі і асімілявалі рымляне прыкладна ў 100-м годзе) прыдумалі румынскія правыя. Гэта ідэя служыла для абгрунтавання нацыянальнай выключнасці, старажытнасці і культурнай місіі румынскага народа.
Не дзіўна, што пасля стварэння сацыялістычнай Румыніі ў 1944-м згаданая тэорыя (якую яшчэ называюць «протахранізм») апынулася на маргінэсе. У тыя часы мясцовая гістарычная навука падкрэслівала сувязі продкаў румынаў са славянскімі народамі, што адпавядала дружалюбнай лініі ў рамках савецкага блока.
Аднак з прыходам да ўлады Нікалаэ Чаўшэску і яго курсам на дыстанцыю ад Масквы адбыўся рэзкі паварот да нацыяналізму. Рэжыму спатрэбілася ідэя, якая падкрэслівала б старажытнасць, самабытнасць і выключнасць румынскага народа, абгрунтоўваючы яго права на самастойную палітыку. Гэтай ідэяй і стаў протахранізм.
Да прапаганды протахранізму ўлады падышлі маштабна. Па замове дзяржавы былі знятыя культавыя гістарычныя фільмы, такія як «Дакі» (1967) і «Калона» (1968). Яны прадстаўлялі дакаў як носьбітаў унікальнай культуры і свабодалюбства. У гэтых фільмах таксама прасочваўся ідэалагічны падтэкст: Румынія выглядала як абаронца заходняй цывілізацыі ад «варвараў з Усходу».

Кадр з фільма «Дакі». Крыніца: kino-teatr.ru
Былі заснаваны штогадовы фестываль Cântarea României («Песня пра Румынію») і спартовае мерапрыемства Daciada на якіх услаўлялі старажытныя дакійскія тэмы. Фрэскі на шматкватэрных дамах адлюстроўвалі дакійскія матывы. Гарады былі перайменаваныя з выкарыстаннем дакійска-рымскіх водгаласаў (напрыклад, Клуж-Напока).
Падключылі да працэсу і гісторыкаў. Выйшлі фундаментальныя калектыўныя работы, дзе дакійскі перыяд быў прадстаўлены як час стварэння першай цэнтралізаванай дзяржавы на тэрыторыі цяперашняй Румыніі.
Прычым па хадзе гісторыкам намякнулі, што ў іх працах трэба праводзіць думку пра тое, што Чаўшэску — гэта жывая рэінкарнацыя дацкіх цароў.
Галоўнай працай, дзе гэтыя паралелі праводзіліся найбольш відавочна, стала манаграфія «Бурабіста і яго час» (Burebista și epoca sa), выдадзеная ў 1975 годзе. Гэтая праца была задумана не проста як навуковая біяграфія цара Бурабісты, а як люстэрка, у якім павінен быў адлюстроўвацца сучасны свет. У тэксце пра першае стагоддзе да новай эры раптам узнікалі паняцці з арсенала XX стагоддзя: «дзяржаўная праграма», «планавая гаспадарка», «незалежная знешняя палітыка», «барацьба з эксплуататарамі».
Цар Бурабіста надзяляўся рысамі ідэальнага кіраўніка: мудрасць, дальнабачнасць, нязломная воля, клопат пра дабро народа. Выкарыстоўваліся такія эпітэты як «геніяльны», «рэвалюцыянер», «выбітны стратэг». Гэта была наўпроставая калька з эпітэтаў, якія партыйная прапаганда штодня ўжывала ў адносінах да «геніяльнага правадыра» Чаўшэску.
А што народ? Як прызнаюць сучаснікі, народу ўсё гэта былі абсалютна фіялетава. Людзей цікавілі не слаўныя продкі, а пагоня за прадметамі бытавога дэфіцыту, праблемы з прадуктамі, рост коштаў і страх страціць працу. Напышлівая афіцыйная выява «вялікіх дакійскіх продкаў» хіба што была адной з галоўных мішэняў для гумару на кухнях. Жартавалі пра тое, што дакі, можа, і былі вялікія, але іх нашчадкі мерзнуць у чэргах па хлеб.
Кульмінацыяй «дакібесія» сталі святкаванні 2050-годдзя «стварэння дакійскай дзяржавы» ў 1980 годзе — без перабольшвання, адным з самых маштабных і паказальных прапагандысцкіх спектакляў эпохі Чаўшэску. Дарэчы, у гэтай прапагандысцкай акцыі былі і замежнапалітычныя прычыны. Яна стала свайго роду адказам суседняй Балгарыі, якая незадоўга да гэтага з помпай адсвяткавала 1300-годдзе стварэння Першага Балгарскага царства. Румынскі рэжым імкнуўся даказаць, што продкі румынаў стварылі дзяржаву значна раней.
Цікава, што ў гэтага грандыёзнага святкавання быў канкрэтны і натхняльны прыклад. У кастрычніку 1971 года Чаўшэску наведаў Іран па запрашэнні шаха Махамада Рэзы Пехлеві. Там ён стаў сведкам пышнага святкавання 2500-годдзя заснавання Персідскай імперыі. Верагодна менавіта тады Чаўшэску задумаў правесці падобнае мерапрыемства, якое, як яму здавалася, можна выкарыстоўваць для ўмацавання ўласнай улады.
Пры гэтым сумная гісторыя шаха, якога зрынулі ў 1979-ым, не прымусіла яго задумацца пра тое, што такія дарагія мерапрыемствы, хутчэй, выклікаюць масавую незадаволенасць. У выніку румынскі лідар паўтарыў лёс іранскага калегі. У 1989-ым Чаўшэску, які спрабаваў выбудаваць сваю сакральную сувязь з продкамі-дакамі, зрынулі і расстралялі як «ворага народа». Уся яго выбудаваная міфалогія абрынулася разам з ім.