«Прыязджайце па пашпарт — артыкул ужо чакае». Хронікі рэпрэсій 9 лютага

КДБ абнавіў «спіс тэрарыстаў», а палітычныя прысуды ў Беларусі ўсё часцей сталі тычыцца «садзейнічання экстрэмізму» — у Беларусі з'яўляецца новы «народны артыкул»? Кароткі агляд апошніх выпадкаў палітычнага пераследу ў лукашэнкаўскай Беларусі.

1_1097_1_1.webp

Шматдзетнага бацьку Паўла Кунцэвіча асудзілі за «злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі»

У студзені 2024 года 39-гадовага палітвязня Паўла Кунцэвіча асудзілі да чатырох гадоў калоніі за «заклікі да санкцый ці іншых дзеянняў, накіраваных на шкоду нацыянальнай бяспецы Беларусі» паводле ч. 3 арт. 361 Крымінальнага кодэкса. А ў 2025 годзе Паўла прызналі вінаватым паводле арт. 411 Крымінальнага кодэкса «злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі». Яму прызначылі яшчэ восем месяцаў зняволення ў дадатак да папярэдняга прысуду, піша «DissidentBY».

Павел Кунцэвіч вучыўся ў Мінскім дзяржаўным інстытуце экалогіі імя Сахарава на псіхолага. Працаваў на Чэрвеньскім рынку, дзе меў уласную гандлёвую кропку, а перад затрыманнем вырабляў цяпліцы за грошы. У Паўла вялікая сям'я — жонка і чацвёра дзяцей.

Калі меркаваць па сацсетках, затрымалі яго восенню 2023-га. Спачатку яго абвінавацілі па ч. 3 арт. 361 КК (заклікі да санкцый ці іншых дзеянняў, накіраваных на шкоду нацыянальнай бяспецы Беларусі). Асудзіла палітвязня суддзя Мінскага гарадскога суда Святлана Чарапанава.

У «спіс тэрарыстаў» дадалі 9 чалавек

Камітэт дзяржаўнай бяспекі абнавіў спіс «асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці» — там з'явіліся прозвішчы дзевяці чалавек. Гэта Вайтко Аляксандр, Пахомаў Сяргей, Дорахаў Яўген, Бойка Канстанцін, Сінкевіч Уладзіслаў, Данільчык Дзмітрый, Шчатко Таццяна, Аляксандр Хазееў, а таксама вызвалены па памілаванні грамадзянін Літвы Папшо Вячаслаў. Цяпер у «тэрарыстычным спісе» 1412 чалавек, з іх 673 — беларусы.

Жыхарку Гомеля асудзілі паводле шасці палітычных артыкулаў

У Гомельскім абласным судзе вынеслі прысуд датычна 49-гадовай жыхаркі Гомеля Таццяны Магнусавай. Яе абвясцілі вінаватай ажно па шасці артыкулах крымінальнага кодэксу: «распальванне варожасці» (ч. 1 арт. 130 КК), «заклікі да санкцый» (ч. 3 арт. 361 КК), «удзел у экстрэмісцкім фармаванні» (ч. 3 арт. 361-1 КК), «паклёп на Лукашэнку» (ч. 2 арт. 367 КК), «абраза Лукашэнкі» (ч. 1 арт. 368 КК) і «дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь» (арт. 369-1 КК).

Вядома, што жанчыне прысудзілі пазбаўленне волі. На мінулым тыдні яе ўнеслі ў «спіс экстрэмістаў».

Летась у лютым Таццяну судзілі паводле арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў).

У Гродзенскай вобласці летась распачалі 384 крымінальныя справы «экстрэмісцкай накіраванасці»

Пра гэта расказаў першы намеснік пракурора Гродзенскай вобласці Яўген Шчарбак.

«Найперш мы разглядаем экстрэмізм як рэальную небяспеку для стабільнасці дзяржаўных інстытутаў. Толькі за 2025 год следчыя органы распачалі 384 крымінальныя справы экстрэмісцкай накіраванасці, у суды накіравана 68 спраў у дачыненні да 71 чалавека (65 мужчын і 6 жанчын). З 2020 года ў суды перададзена ўжо 606 такіх крымінальных спраў, а 148 асоб у цяперашні час знаходзяцца ў вышуку», — сказаў ён.

Айцішніцу, якая вярнулася з Вільні, асудзілі за «садзейнічанне экстрэмізму»

Яні Сырэвіч 35 гадоў. Яна ў 2014 годзе скончыла Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў, а з 2010 па 2012 гады стажыравалася ў Кракаве ў Акадэміі мастацтваў імя Яна Матэйкі.

З 2017 яна працавала ў кампаніі Verv, якая распрацоўвае праграмы для фітнэсу, а з 2019 года займае пасаду вядучага дызайнера прадукту ў літоўскай кампаніі TapLab.

На старонках дзяўчыны ў сацсетках напісана, што яна жыве ў Вільні. Падобна, яе затрымалі пасля аднаго з вяртанняў у Беларусь.

Яню Сырэвіч судзілі ў Мінскім гарадскім судзе паводле частак 1 і 2 артыкула 361‑4 (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці) Крымінальнага кодэкса. Ёй прысудзілі, верагодна, «хатнюю хімію».

«Прыязджайце за пашпартам — артыкул ужо чакае»

У Беларусі супраць мужчыны спачатку завялі крымінальную справу «за палітыку», а цяпер запрашаюць яго прыехаць, каб ён памяняў пашпарт, распавядае MAYDAY TEAM.

Паводле слоў мужчыны, яму з РУУС прыйшоў ліст па хатнім адрасе, у якім яму нагадваюць пра хуткае заканчэнне тэрміну дзеяння пашпарта. У гэты момант ён жыве за мяжой, паколькі ў Беларусі ў дачыненні да яго завялі крымінальную справу па артыкуле за «экстрэмізм».

У лісце супрацоўнікі міліцыі прапануюць памяняць пашпарт або атрымаць біяметрычны дакумент у аддзеле грамадзянства і міграцыі. У адваротным выпадку сілавікі пагражаюць чалавеку, якога ў Беларусі чакае рэальнае пазбаўленне волі, адміністрацыйнай адказнасцю і штрафам да 4 базавых велічынь (цяпер 180 рублёў).

Беларусам, якія з’ехалі па палітычных прычынах, ужо некаторы час на радзіме рассылаюць лісты па месцы прапіскі пра адказнасць праз пратэрмінаваны пашпарт.

Раней людзі, якія пастаянна пражываюць па-за межамі Беларусі і знаходзяцца на консульскім уліку, маглі атрымаць або абмяняць пашпарт у пасольствах і консульствах. Аднак пасля выхаду так званага пашпартнага ўказа Аляксандра Лукашэнкі ў верасні 2023 года гэта можна рабіць толькі «ў органах унутраных спраў па месцы апошняй рэгістрацыі па месцы жыхарства».

Ужо з восені 2023 года, пасля выхаду ўказа, сталі з’яўляцца паведамленні пра затрыманні беларусаў, якія вярталіся ў краіну, каб памяняць пашпарт.