У СІЗА абмяжоўваюць інфармацыю, новыя «тэрарысты» і затрыманні ў культурнай прасторы. Хронікі рэпрэсій 11 лютага

У беларускіх следчых ізалятарах пачалі забараняць выдачу інфармацыі пра арыштаваных не сваякам. Тым часам, у спісы «тэрарыстаў» і «экстрэмістаў» дадалі новых людзей, а ў творчай прасторы «Парасон» прайшлі затрыманні.

1_1097_1.png

У СІЗА забаранілі даваць інфармацыю аб арыштаваных не сваякам

Такое распараджэнне атрымалі дзяжурныя магілёўскага СІЗА (якое ўваходзіць у склад турмы №4) на пачатку тыдня. Пра гэта паведамляе @MAYDAYMog. Пры гэтым начальнік установы пайшоў у адпачынак.

Праваабаронцам «Вясны» вядома, што аналагічныя правілы пачалі дзейнічаць і ў мінскім СІЗА-1.

Раней інфармацыю пра месцазнаходжанне арыштаванага ў перыяд чакання апеляцыі (да ўступлення прысуду ў законную сілу) можна было атрымаць без праблем — дастаткова было звярнуцца да дзяжурнага. Жыхары іншых гарадоў часта прасілі знаёмых удакладніць, ці знаходзіцца іх сваяк у СІЗА, ці ўжо этапаваны ў калонію.

Цяпер такую інфармацыю не выдаюць трэцім асобам.

У спіс «тэрарыстаў» і «экстрэмістаў» дадалі 25-гадовага гамельчука і былога кіраўніка БРСМ

У абноўленыя спісы трапіў жыхар Гомеля Аляксандр Хазееў. Паводле інфармацыі МУС, яго асудзілі паводле ч. 3 арт. 361 КК (заклікі да санкцый), ч. 1 і ч. 2 арт. 361-4 КК (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці), ч. 2 арт. 367 КК (паклёп на Лукашэнку) і ч. 1 арт. 368 КК (абраза Лукашэнкі). Верагодна, яму прызначылі пазбаўленне волі. Падрабязнасці пакуль невядомыя.

У «спіс тэрарыстаў» таксама дадалі былога кіраўніка БРСМ з Іўя Сяргея Пахомава. Яго абвінавачваюць паводле арт. 130 КК (распальванне варожасці).

Пахомаў нарадзіўся ў 1988 годзе ў Казахстане, вырас у Беларусі. У 2013 годзе скончыў Гродзенскі ўніверсітэт імя Янкі Купалы і працаваў настаўнікам гісторыі ў школе ў Жамыслаўлі — побач са знакамітым палацам.

Пазней ён стаў першым сакратаром Іўеўскага райкама БРСМ і трапіў у рэзерв кіруючых кадраў мясцовага выканкама. У інтэрв’ю дзяржаўнай прэсе хваліў «беларускую стабільнасць» і арганізоўваў патрыятычныя акцыі.

Пасля 2017 года Пахомаў пакінуў адукацыю. У лютым 2025 года ён зарэгістраваўся як індывідуальны прадпрымальнік, асноўным відам дзейнасці пазначыў дахавыя работы, піша «Наша Ніва».

Нядаўна стала вядома, што 37-гадовы мужчына знаходзіцца ў СІЗА.

Затрыманні ў творчай прасторы «Парасон»

Пра гэта паведамляе @dissidentBY.

У тэлеграм-канале прасторы публікаваліся абвесткі пра майстар-класы і культурныя мерапрыемствы, прысвечаныя беларускай культуры.

Нагадаем, у студзені 2026 года быў затрыманы арт-менеджар Алег Ларычаў, а ў лістападзе 2025 года — музыкант Алесь Чумакоў. Гэта адбылося пасля прызнання культурнай ініцыятывы «Да Зораў» «экстрэмісцкім фармаваннем».

Ці працягнуцца затрыманні людзей, звязаных з беларускай культурай, пакуль невядома.