Instagram-старонку Паўла Хадзінскага прызналі «экстрэмісцкай». Хронікі рэпрэсій 10 лютага

Суды і сілавікі працягваюць сістэмны ціск: у «экстрэмісцкія» спісы трапляюць старонкі журналістаў, палітвязням дадаюць новыя тэрміны паводле арт. 411 КК, маладых маці судзяць за «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці», а беларусам за мяжой прапануюць вярнуцца «для замены пашпарта» — нягледзячы на крымінальныя справы. 

1_1097_1.png

Instagram-старонку аўтара «Новага Часу» Паўла Хадзінскага 5 лютага суд Пухавіцкага раёна Мінскай вобласці прызнаў «экстрэмісцкай».

Акрамя таго, ў «экстрэмісцкі» спіс дадалі старонкі ў Instagram журналісткі Насты Роўда, «lautsevich», «hudovich_alex», «padpolszczyki», «accidentalpresident2024», «free_us_2024», «20_belarus_20», «mentusova», «ptulhu.pl», «jauhienkaraulau», «radekpusko», «theothersby», «belarusa.official», «youtube_blr», «personnel_reserve»; старонкі ў Facebook «Серега Серегин», «Кадровый резерв для новой Беларуси», «Александр Фруман», «Vasil Labanok», «Belarusen aus Frankfurt. Суполка беларусаў Франкфурта»; старонку ў Threads «Серега Серегин» і старонку ў TikTok «Татьяна Мартынова».

Шматдзетнага бацьку і прадпрымальніка Паўла Кунцэвіча асудзілі па арт. 411 КК РБ 

У 2024 годзе Паўла асудзілі на 4 гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму па ч. 3 арт. 361 КК РБ — за «заклікі да санкцый або іншых дзеянняў, накіраваных на шкоду нацыянальнай бяспецы Беларусі». Рашэнне вынес Мінскі гарадскі суд 22 студзеня 2024 года. Пакаранне ён адбываў у ПК-15 (Магілёў).

У 2025 годзе суд прызначыў Паўлу яшчэ 8 месяцаў зняволення па арт. 411 КК РБ («злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы»), пасля чаго яго перавялі ў ПК-8 (Орша).

Паўлу Кунцэвічу 39 гадоў. Ён мінчук, вучыўся на псіхолага ў Мінскім дзяржаўным інстытуце экалогіі імя Сахарава. Раней меў уласную гандлёвую кропку на Чэрвенскім рынку, апошнім часам зарабляў, робячы цяпліцы. У Паўла жонка і чацвёра дзяцей, якія чакаюць яго дома, піша dissidentBY.

Артыкул 411 КК РБ выкарыстоўваецца як інструмент дадатковага ціску на палітвязняў і для падаўжэння тэрміну зняволення ўжо пасля вынясення асноўнага прысуду. Як мінімум 77 палітвязняў у Беларусі падвергліся дадатковаму пакаранню па гэтым артыкуле.

Маладую фатографку з Баранавічаў Поліна Верамяйчук асудзілі па палітычнай справе — яна толькі нядаўна стала мамай

Паліне 27 гадоў, яна родам з аграгарадка Сталовічы Баранавіцкага раёна.

Паводле адукацыі Паліна — фінансістка, скончыла факультэт фінансаў і банкаўскай дзейнасці Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта. Але сваё жыццё звязала з творчасцю. Яна вядомая як фатографка, здымала ў Баранавічах і Мінску. У сваім профілі дзяўчына пісала, што стварае «жаночыя партрэты і сямейныя гісторыі, якім верыш», і фатаграфуе так, «як быццам закаханая ў вас», піша «Наша Ніва».

У Паліны ёсць муж і зусім маленькае дзіця. Яна стала мамай толькі ў ліпені 2025 года. Дакладна невядома, калі да Верамяйчук прыйшлі сілавікі і ці трымалі яе пад вартай. Дзяўчыну абвінавацілі паводле ч. 1 і 2 арт. 361-4 КК («садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці») і асудзілі ў Брэсцкім абласным судзе. Верагодна, Паліне прысудзілі «хатнюю хімію».

У Беларусі супраць мужчыны спачатку завялі крымінальную справу за «экстрэмізм», а цяпер запрашаюць яго вярнуцца, каб ён памяняў пашпарт

Паводле слоў беларуса, яму з РУУС прыйшоў ліст па хатнім адрасе з напамінам пра хуткае заканчэнне тэрміну дзеяння пашпарта. Цяпер ён жыве за мяжой, бо ў Беларусі супраць яго заведзеная крымінальная справа за «экстрэмізм», піша @MAYDAYMog.

У лісце супрацоўнікі міліцыі прапануюць памяняць пашпарт або атрымаць біяметрычны дакумент у аддзеле грамадзянства і міграцыі. У адваротным выпадку сілавікі пагражаюць адміністрацыйнай адказнасцю і штрафам да 4 базавых велічыняў — пры тым, што чалавека ў Беларусі чакае рэальнае пазбаўленне волі.

З 2020 года як мінімум 1995 беларускіх грамадскіх аб’яднанняў, установаў, асацыяцый або фондаў ліквідаваныя або знаходзяцца ў стадыі ліквідацыі

За месяц гэтая лічба павялічылася яшчэ на 5 некамерцыйных арганізацый.

Паводле інфармацыі Lawtrend, на канец студзеня як мінімум 1223 арганізацыі знаходзіліся ў працэсе прымусовай ліквідацыі, яшчэ 772 прынялі рашэнне аб самастойнай ліквідацыі: