Дзясяткі непаўнагадовых палітвязняў, затрыманні ў «Парасоне» і новыя прысуды. Хронікі рэпрэсій 12 лютага

Дзясяткі непаўнагадовых у 2025 годзе атрымалі прысуды па палітычных артыкулах — у тым ліку паводле абвінавачанняў у «тэрарызме» і «экстрэмізме». На гэтым фоне працягваюцца затрыманні ў культурных прасторах, новыя прысуды і блакаванне інтэрнэт-рэсурсаў.

1_1097_1.png

Дзясяткі непаўнагадовых асуджаныя па палітычных артыкулах

Згодна са справаздачай Вярхоўнага суда, у мінулым годзе па палітычна матываваных артыкулах былі асуджаныя некалькі дзясяткаў непаўнагадовых.

У прыватнасці:

• 16 падлеткаў — паводле арт. 342 КК («актыўны ўдзел у дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак»);

• 6 — паводле арт. 361-4 КК («садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»);

• 5 — паводле арт. 130 КК («распальванне варожасці»);

• 4 — паводле арт. 289 КК («акт тэрарызму»);

• 4 — паводле арт. 368 КК («абраза Лукашэнкі»);

• 3 — паводле арт. 370 КК («здзек з дзяржаўных сімвалаў»);

• 1 — паводле арт. 366 КК («гвалт або пагроза прымянення гвалту ў дачыненні да службовай асобы»);

• 1 — паводле арт. 361-3 КК («удзел на тэрыторыі замежнай дзяржавы ва ўзброеным фармаванні або ўзброеным канфлікце, ваенных дзеянняў, вярбоўка або падрыхтоўка да такога ўдзелу»).

Затрыманні ў творчай прасторы «Парасон»

Учора стала вядома, што ў мінскай творчай прасторы «Парасон» адбыліся допыты і затрыманні.

Паводле інфармацыі «Вясны», як мінімум трое затрыманых знаходзяцца ў ІЧУ на Акрэсціна. У чым іх абвінавачваюць, пакуль невядома.

Арт-прастора знаходзіцца ў Мінску. На яе сайце пазначана, што «кожны тыдзень у Parason праходзяць курсы народных рамёстваў і лекцыі з самымі рознымі гасцямі. Размаўляем па-беларуску пра гісторыю, кіно, тэатр і іншыя цікавосткі з гуманітарнага свету».

Прадаюць арыштаваны ўчастак, які можа належаць святару Генрыху Акалатовічу

У Беларусі выставілі на продаж арыштаваны зямельны ўчастак плошчай амаль 12 сотак у вёсцы Новая Мыш Баранавіцкага раёна. Сярод абцяжаранняў указана забарона на здзяйсненне рэгістрацыйных дзеянняў судовым выканаўцам, піша «Люстэрка».

Уладальнікам зямлі пазначаны Акалатовіч Генадзь Уладзіслававіч — гэта поўны цёзка былога палітвязня-святара.

Пачатковы кошт аўкцыёну складае 6600 рублёў.

Нагадаем, святар з Валожына Генрых Акалатовіч быў затрыманы ў лістападзе 2023 года ва ўзросце 70 гадоў. Яго абвінавацілі ў «здрадзе дзяржаве» і прызначылі 11 гадоў пазбаўлення волі. У лістападзе 2025 года ён выйшаў на волю.

Супрацоўніцу «Гарызонта» асудзілі за «садзейнічанне экстрэмізму»

Ангеліна Васільева нарадзілася 19 ліпеня 1992 года ў Мсціславе. У 2018–2019 гадах яна працавала ў Расіі — у Волхаве і Санкт-Пецярбургу, дзе была супрацоўніцай транспартнай кампаніі.

Апошнім часам яна жыла ў Мінску і працавала на «Гарызонце». У сацсетках згадвала пра цяжкі графік: «12-гадзінны працоўны дзень, 6/1». Сваю працу называла цяжкай, але сумленнай.

Дзяўчына цікавілася папулярнай псіхалогіяй і чытала адпаведныя кнігі, піша «Наша Ніва».

Напрыканцы верасня 2025 года Ангеліна знікла з сацсетак. Пазней стала вядома, што ў пачатку 2026 года ў Мінскім гарадскім судзе яе асудзілі паводле ч. 1 і ч. 2 арт. 361-4 КК («садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»).

Верагодна, ёй прызначылі «хатнюю хімію».

Абмежавалі доступ да двух інтэрнэт-рэсурсаў

У Беларусі абмежавалі доступ да сайтаў sapere.online і c97.org.

Паведамляецца, што на sapere.online, акрамя «экстрэмісцкіх матэрыялаў», публікаваліся вынікі апытанняў грамадскай думкі адносна выбараў прэзідэнта і грамадска-палітычнай сітуацыі.

На c97.org, паводле афіцыйнай версіі, размяшчаліся «загадзя ілжывыя даныя аб палітычным становішчы Рэспублікі Беларусь і прававым статусе беларусаў», а таксама гіперспасылкі на кантэнт, прызнаны «экстрэмісцкім».