Спецслужбы шантажуюць, суды штампуюць: новыя прысуды і паказальныя арышты. Хронікі рэпрэсій 13 лютага

Палітычныя прысуды, папаўненне «спісу экстрэмістаў», завочныя суды, канфіскацыі і паказальныя затрыманні. З дапамогай праваабаронцаў і незалежных медыя сабралі асноўную інфармацыю пра рэпрэсіі ў Беларусі на сёння.

1_1097_1.png

Спецслужбы прапанавалі Алесю Міхалевічу «сакрэтнае супрацоўніцтва»

Вядомы адвакат Алесь Міхалевіч атрымаў на электронную пошту нямецкамоўны ліст нібыта ад прадстаўніка еўрапейскай арганізацыі. У ім прапаноўвалася «супрацоўніцтва, выгаднае для абодвух бакоў», абмен інфармацыяй пра сітуацыю ў Беларусі і гарантавалася поўная канфідэнцыяльнасць.

Аўтар прапанаваў стварыць паштовую скрыню на @proton.me і працягнуць камунікацыю там, падкрэсліўшы, што «адказваць на гэты ліст не трэба» і выказаўшы ўпэўненасць, што адрасат «прыме правільнае рашэнне».

Міхалевіч сапраўды прыняў «правільнае рашэнне» — апублікаваў гэты ліст.

Мікіту Беражкова асудзілі за «садзейнічанне экстрэмізму»

У Мінскім гарадскім судзе вынеслі прысуд 40-гадоваму Мікіце Беражкову — былому прэс-аташэ мінскага хакейнага «Дынама» і сыну экс-рэдактара «Прэсбола».

Пасля арышту бацькі ён пераехаў у Расію, дзе сем гадоў працаваў прадзюсарам на спартыўным канале «Матч ТВ», піша «Наша Ніва». Раней ён быў лаўрэатам Міжнароднага фестывалю спартыўных фільмаў «Атлант».

Беражкова абвінавацілі ў «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці» (ч. 1 арт. 361-4 КК). Верагодна, яму прызначылі «хатнюю хімію».

«Спіс экстрэмістаў» папоўніўся яшчэ на 37 чалавек

13 лютага МУС абнавіла «Пералік грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці». Цяпер у ім 6298 чалавек.

Сярод іншых у спіс дадалі вызваленую грамадзянку Украіны Марыю Місюк, а таксама 24 чалавекі, асуджаныя за «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці».

Апошнюю версію спісу апублікавала «Вясна». 

Былы адвакат Аляксей Кероль атрымаў прысуд

У Мінскім гарадскім судзе асудзілі 53-гадовага былога адваката Аляксея Кероля. Яго абвінавачвалі ў «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці» (ч. 1 арт. 361-4 КК). Верагодна, яму прызначылі «хатнюю хімію».

У канцы 2021 года ў Кероля забралі адвакацкую ліцэнзію пасля таго, як у 2020 годзе ён быў затрыманы на пратэстах. Тады ён абараняў затрыманых дэманстрантаў, піша «Наша Ніва».

Сёння Кероля таксама дадалі ў «спіс экстрэмістаў».

Арцёма Шабунёва будуць судзіць завочна

33-гадовага Арцёма Шабунёва пачнуць завочна судзіць 27 лютага ў Магілёўскім абласным судзе.

Яму інкрымінуюць распальванне варожасці (ч. 1 арт. 130 КК), гвалт або пагрозу гвалтам у дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў (арт. 364), службовай асобы (ч. 1 арт. 366), а таксама абразу прадстаўніка ўлады (арт. 369).

Суд над журналістам Паўлам Дабравольскім пачнецца 27 лютага

Працэс над палітвязнем-журналістам Паўлам Дабравольскім пачнецца 27 лютага ў Мінскім гарадскім судзе, паведаміў @pozirkonline. Яго абвінавачваюць у «здрадзе дзяржаве».

Раней ён працаваў у беларускіх і замежных медыя. Апошнім месцам працы ў Беларусі была кампанія БелаПАН, частку супрацоўнікаў якой у 2021 годзе КДБ прызнаў «экстрэмісцкім фармаваннем».

Дабравольскага затрымалі ў Мінску 22 студзеня 2025 года — праз некалькі месяцаў пасля вяртання ў краіну.

Кватэру Аляксандры Герасімені прадалі

У Мінску прадалі кватэру, у якой была прапісаная алімпійская прызёрка Аляксандра Герасіменя. Інфармацыя з’явілася на сайце «БелЮрЗабеспячэння».

У снежні 2022 года Мінскі гарадскі суд завочна прысудзіў спартсменцы 12 гадоў калоніі. Акрамя таго, у яе канфіскавалі маёмасць: больш за 48 тысяч долараў, аўтамабіль Land Rover, кватэру, машына-месца, тэхніку і іншае.

Асудзілі кіраўніка інавацый IT-кампаніі 4RM Systems

44-гадовага Аляксандра Сульжыца асудзілі ў Мінскім гарадскім судзе паводле ч. 1 і ч. 2 арт. 361-4 КК («садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»), піша «Наша Ніва».

Ён працаваў у Rozum Robotics, а пазней у 4RM Systems займаўся распрацоўкай рашэння Stemma для аўтаматызацыі кас самаабслугоўвання. Верагодна, яму прызначылі «хімію» з накіраваннем або калонію.

У Гомелі правялі паказальны разгляд справы аб высылцы студэнтаў

Гомельская міліцыя працягвае практыку публічных затрыманняў, паведаміў «Флагшток».

У аўдыторыі Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Скарыны публічна разглядалі пытанне аб высылцы двух замежных студэнтаў. Іх завялі ў залу ў кайданках.

Аднаго абвінавацілі ў шматразовых адміністрацыйных парушэннях па лініі ДАІ, другога — у тым, што ён «сістэматычна прапускаў заняткі і меў нездавальняючыя адзнакі».

Абодвум прызначылі высылку і часовую забарону на ўезд. У афіцыйным паведамленні адзначылі, што «такая форма працы стане для прысутных урокам».

Карыну Бардухай асудзілі ў Гомелі

У Гомельскім абласным судзе вынеслі прысуд 30-гадовай мінчанцы Карыне Бардухай. Яе прызналі вінаватай у «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці» (ч. 1 і ч. 2 арт. 361-4 КК).

Паводле «Гомельскай Вясны», прысуд звязаны з пазбаўленнем волі — верагодна, гэта абмежаванне волі з накіраваннем у ўстанову. Мяркуецца, што справа можа быць звязаная з Telegram-каналам «Беларускі гаюн», пасля атрымання доступу да якога ўлады распачалі хвалю затрыманняў.

Пракуратура: за год «экстрэмісцкімі» прызналі каля 1,3 тысячы матэрыялаў

У 2025 годзе па патрабаваннях пракурораў «экстрэмісцкімі» прызналі каля 1,3 тысячы інфармацыйных матэрыялаў, піша «Позірк». У межах грамадзянскага судаводства спагнана каля 78 млн рублёў.

Намеснік міністра інфармацыі Дзмітрый Езерскі на тэлеканале «Беларусь 1» заявіў, што «экстрэмісцкую прадукцыю» дапамагае выяўляць насельніцтва — у інтэрнэце, кнігарнях і на YouTube. Паводле яго, у спісе ўжо 225 кніг, і ён папаўняецца прыкладна раз на два месяцы.

Бренд kvitki.by перайшоў да структуры Кіраўніцтва справамі Лукашэнкі

У сярэдзіне студзеня 2026 года таварныя знакі kvitki.by перайшлі ва ўласнасць дзяржаўнага прадпрыемства «Беларускія латарэі», заўважыла «Люстэрка».

Прадпрыемства ўваходзіць у структуру Кіраўніцтва справамі Аляксандра Лукашэнкі. Раней кіраўніцтва сервісу затрымалі ў межах справы пра Telegram-чат «Орг BY». Паводле звестак, кіраўнікі Blackout Studio Ілья Пятроўскі і Валерый Калеснікаў выйшлі на волю ў студзені 2026 года.