Пагрозы згвалтаваннем, «экстрэмісцкія» кнігі і новыя прысуды за лайкі. Хронікі рэпрэсій 6 лютага
Беларускія сілавікі пагражаюць згвалтаваннем сваякоў затрыманых, пракуратура шукае «экстрэмізм» у кнігарнях, а суды працягваюць караць за лайкі і каментары ў сацсетках. Кароткі агляд апошніх выпадкаў пераследу.

Беларускія сілавікі пагражалі згвалтаваць жонку затрыманага за каментары беларуса
Паводле мужчыны, за каментары ў інтэрнэце яго прыйшлі затрымліваць каля дзесяці сілавікоў у бронекамізэльках. Як распавёў суразмоўца, сілавікі кінулі яго ў бус на падлогу паміж крэсламі, а на спіну Аляксею паставілі ногі, піша «Вясна».
«У мяне папрасілі пароль ад тэлефона. Я сказаў, што не дам. За гэта на мяне адразу пасыпаліся ўдары. Па нырках моцна білі. Пасля ныркі балелі яшчэ цягам года. Цягалі за бараду і крычалі: “Зараз адарву табе бараду. Калі ты такі герой, зараз вернемся да цябе дадому і анальна згвалцім тваю жонку. Тады паглядзім, ці разблакуеш тэлефон”. Яны адмыслова выбіралі месцы, куды біць, каб не заставалася слядоў. Ад кайданкоў, якія вельмі моцна зацягнулі, засталіся сляды. Шэсць месяцаў пасля балелі рукі».
Пракуратура Заводскага раёна Мінска знайшла ў продажы «экстрэмісцкія» кнігі
На маркетплэйсе пракуроры знайшлі мемуары гітлераўскага генерала Гейнца Гудэрыяна «Успаміны нямецкага генерала. Танкавыя войскі Германіі ў Другой сусветнай вайне 1939–1945», а ў інтэрнэт-краме — мемуары яшчэ аднаго нямецкага военачальніка часоў Другой сусветнай вайны, камандуючага групай «Цэнтр» Фёдара фон Бока «Я стаяў каля брамы Масквы».
Яшчэ адна крама прапаноўвала кнігі Райнера Ціцельманна «Гітлер. Светапогляд рэвалюцыянера» і Вільгельма фон Лееба і Франца Гальдэра «Ленінградскі “бліцкрыг” 1941–1942». Усе гэтыя выданні ўнесены ў рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў.
Чарговае папаўненне «Спіса экстрэмісцкіх матэрыялаў»
У спіс трапілі:
Telegram-каналы і чаты: «НСООБЕ Остенланд», «Waffen “Расеяне”», «Horst Wessel»;
Instagram-старонкі: «yuras100», «kavalkova_volya», «gulagu_net», «knyrovich_business», «askerkaalyaxey», «Серега Серегин»;
Facebook-старонкі: «Etnacentr Svitanak (Этнацентр Свiтанак)», «Народная амбасада Беларусі ў Ізраілі», «Valgevene Maja // Беларускі дом у Эстоніі»;
Threads-старонкі: «etnacentr_svitanak», «ferri_slow_».
У «Спіс экстрэмістаў» дадалі яшчэ 35 прозвішчаў — цяпер у ім 6261 чалавек
6 лютага МУС зрабіла традыцыйнае пятнічнае абнаўленне «Пераліку грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці».
Сярод іншага, у спіс дадалі мазырскага блогера Максіма Шуканава, а таксама 19 чалавек, асуджаных за «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці».
«Вясна» апублікавала апошнюю версію спіса.
Кіроўцу аўтобуса з Магілёва адправілі за краты за лайкі ў «Аднакласніках»
Андрэю Шмаянкову 52 гады, ён жыве ў Магілёве. Андрэй працаваў кіроўцам аўтобуса. Вядома, што раней ён ездзіў на заробкі ў Расію — напрыклад, мінулым летам працаваў кіроўцам маршруткі ў падмаскоўным Звянігарадзе, але пасля вярнуўся ў Беларусь. У яго ёсць жонка і сын.
Пераслед магілёўца пачаўся з-за яго старонкі ў «Аднакласніках». Спецыфіка гэтай сацсеткі такая, што пастаўлены пад допісам «клас» (лайк) аўтаматычна працуе як рэпост: упадабаны матэрыял адлюстроўваецца ў стужцы карыстальніка. Многія пра гэта не ведаюць.
Шмаянкоў некалькі разоў лайкаў навіны з 2020 года і, імаверна, забыўся пра гэта, піша «Наша Ніва».
Андрэя асудзілі паводле ч. 1 арт. 367 КК (паклёп на Лукашэнку) і арт. 370 КК (здзек з дзяржаўных сімвалаў). Суд Ленінскага раёна Магілёва прызначыў яму, імаверна, калонію або «хімію» з накіраваннем — дакладны тэрмін невядомы.
Палітвязень-бізнесовец Сяргей Ботвіч перадаў з калоніі ліст-зварот да Лукашэнкі
Палітвязня Сяргея Ботвіча ў 2022 годзе асудзілі на 13 гадоў пазбаўлення волі паводле артыкулаў за «шпіянаж» і «агентурную дзейнасць». Пакаранне ён адбывае ў калоніі ПК-22 пад Івацэвічамі, вядомай як «Воўчыя норы».
З калоніі Ботвіч здолеў перадаць адкрыты ліст да Аляксандра Лукашэнкі, які трапіў у рэдакцыю «Зеркала». У ім палітвязень піша, што яго рыхтуюць да пераводу ў ПКТ, адкуль, паводле яго слоў, ён можа не выйсці жывым. Таксама ён заяўляе пра шантаж, вымагальніцтва і карупцыю з боку высокапастаўленых сілавікоў, якія, як сцвярджае Ботвіч, абяцалі «вырашыць праблемы» за грошы, а пасля абманам выманілі яго ў Беларусь.
Суд над Ботвічам праходзіў у закрытым рэжыме, падрабязнасці справы невядомыя, таму праверыць факты, выкладзеныя ў лісце, немагчыма.
У звароце палітвязень піша, што пасля распаду СССР жыў у розных краінах, але вырашыў інвеставаць у Беларусь — планаваў пабудаваць у Свіслацкім раёне завод па вытворчасці драўнянага вугалю і аднавіць сядзібу Богудзенкі. Аднак, паводле яго слоў, бізнес сутыкнуўся з ціскам з боку сілавых структур, крымінальнай справай і вымагальніцтвам.
Ботвіч сцвярджае, што пасля звароту ў КДБ і абяцанняў бяспекі ў 2021 годзе яго затрымалі ў Гродне, дзе ён страціў прытомнасць, а потым апынуўся ў турме. Пазней яго абвінавацілі ў шпіянажы без прад’яўлення, паводле яго слоў, рэальных доказаў.
У канцы ліста Ботвіч звяртаецца да Лукашэнкі з пытаннем, ці здольны той кантраляваць сілавікоў, якіх ён абвінавачвае ў карупцыі і знішчэнні прыватнага бізнесу.