Тых, хто сутыкнуўся з палітычным крымінальным пераследам — амаль 10 тысяч. Хронікі рэпрэсій 4 лютага
Праваабарончы цэнтр «Вясна» канстатуе, што на 31 студзеня 2026 года ў Беларусі ў месцах пазбаўлення волі знаходзіліся 1158 палітвязняў, сярод іх 172 жанчыны. За студзень праваабарончая супольнасць прызнала палітвязнямі 51 чалавека і запатрабавала рэабілітацыі 50 былых палітвязняў. Пра гэта гаворыцца ў справаздачы за студзень.

Статыстка праваабаронцаў за студзень
Вядомая праваабаронцам колькасць тых, хто сутыкнуўся з траўня 2020 года з палітычна матываваным крымінальным пераследам, дасягае 9363 чалавек. У дачыненні да мінімум 8090 чалавек з 2020 года былі вынесеныя палітычна матываваныя прысуды, уключаючы завочныя. Гэтыя паказчыкі растуць кожны месяц.
Вядома пра мінімум 171 палітвязня ў асабліва ўразлівым становішчы. Колькасць былых палітвязняў склала 3272 чалавекі, у тым ліку 667 жанчын.
Праваабаронцы канстатуюць, што:
- працягваюцца трансгранічныя рэпрэсіі;
- праваабаронцы па-ранейшаму рэгулярна выяўляюць, збіраюць і сістэматызуюць факты прымянення катаванняў і забароненых відаў абыходжання ў ходзе расследавання палітычна матываваных крымінальных спраў, а таксама забароненых відаў абыходжання ў працэсе адбыцця крымінальнага і адміністрацыйнага пакарання па палітычна матываваных справах;
- свабода сходаў і выказвання меркаванняў рэгулярна падвяргаецца нападам уладаў: за ўдзел у пратэстах 2020 года людзей працягваюць прыцягваць да крымінальнай адказнасці, у тым ліку ў новым фармаце; улады пашыраюць абмежаванні на атрыманне і распаўсюд інфармацыі;
- рэгулярна папаўняюцца спісы «экстрэмістаў» і «тэрарыстаў», «экстрэмісцкіх» фарміраванняў і інфармацыйнай прадукцыі, закладваючы аснову для працягу дзяржаўнага тэрору і рэпрэсій.
У Беларусі прызналі «экстрэмісцкімі» шэраг старонак у Instagram
Гаворка пра старонкі «wesolapka», «lenazhivoglod», «antik04», «anavishn», «kat_maksimovich», «samaabveshchanaiasviataia», «РудабельскаяПаказуха», «eolonir», «bahoukaclown», «maryna_shtr», «yaraslau88», «caesarissimus», «stais_in_space».
Таксама ў спіс «экстрэмісцкіх« трапілі старонкі ў TikTok «Не Минск | Новости», «Беларусь | За минуту», старонка ў Threads «eolonir», Telegram-каналы і чаты «Чалый. Обратная связь», «КУРИЛКА», «Пивнушка».
Пракуратура Віцебска пахвалілася, як летась змагалася з «экстрэмізмам»
На працягу 2025 года пракуратура Віцебска ініцыявала 6 крымінальных справаў «экстрэмісцкай накіраванасці», у тым ліку звязаных з «арганізацыяй і правядзеннем незаконных масавых мерапрыемстваў».
108 жыхароў Віцебска атрымалі афіцыйныя папярэджанні «наконт недапушчальнасці парушэнняў заканадаўства ў сферы супрацьдзеяння экстрэмізму», паведаміла «Віцебская вясна».
Паводле ініцыятывы пракуратуры Віцебска ў 2025 годзе гарадскія суды прызналі «экстрэмісцкімі» яшчэ 6 інфармацыйных рэсурсаў, іх уключылі ў Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў на сайце Міністэрства інфармацыі.
КДБ спрабаваў завербаваць праваабаронцу Алену Танкачову, але выдварыў яе з Беларусі
Як распавяла Reform.news распавяла дачка праваабаронцы Кацярына Данейка, Алену 29 студзеня каля дома затрымала група захопу — Танкачова была дапытаная ў якасці сведкі ў гарадскім упраўленні КДБ. Увесь гэты час праваабаронцу спрабавалі схіліць да супрацоўніцтва: «Іх цікавілі праваабарончыя групы за мяжой і ўнутры краіны. У першую чаргу. І пытанні таго, якім чынам арганізавана альбо існуе донарская дапамога. Ад супрацоўніцтва адмовілася».
Раніцай Алене паведамілі, што яна будзе дэпартаваная. У Танкачовай расійскае грамадзянства, але яна больш за 35 гадоў жыве ў Беларусі. Алена папрасіла папярэдзіць яе знаёмых і калегаў, што яе тэхніка знаходзіцца ў КДБ і магчымыя правакацыі.
Алена Танкачова больш за 30 гадоў актыўна займаецца прасоўваннем і абаронай правоў чалавека ў Беларусі. У 2014 годзе Танкачову ўжо дэпартавалі з Беларусі — у краіну яна змагла вярнуцца толькі ў лютым 2018 года. Да 2026 года яна заставалася ў РБ.
Дарадца Ціханоўскай перадаў Кіеву спісы палітзняволеных — украінцаў
Леанід Марозаў, дарадца Святланы Ціханоўскай па прававых пытаннях, у рамках свайго працоўнага візіту ва Украіну правёў перамовы з упаўнаважаным Вярхоўнай рады Украіны па правах чалавека Дзмітрыем Лубінцом. Бакі абмеркавалі магчымасць вызвалення беларускіх і ўкраінскіх палітычных зняволеных з турмаў Беларусі, піша «Радыё Свабода».
«Мы хацелі пачаць гэтую размову, бо ўкраінскія ўлады мусяць ведаць, што іх грамадзяне знаходзяцца там, у Беларусі», — заявіў Леанід Марозаў у эфіры ўсеўкраінскага тэлемарафону.
Паводле яго, былі падрыхтаваныя тры спісы з прозвішчамі грамадзян Украіны, асуджаных у Беларусі па палітычных матывах: з агульнага спісу з 1300 чалавек, прызнаных праваабаронцамі палітычнымі зняволенымі; з ліку асуджаных за пратэсты супраць расійскай вайны ва Украіне; з асуджаных па «справе Гаюна».
«Калі ўкраінскі бок будзе ведаць хаця б імёны, ён зможа звязацца са сваякамі палітвязняў і спытаць, чым ім можна дапамагчы. У асобных выпадках мы самі можам аказаць дапамогу», — дадаў ён.
Леанід Марозаў таксама адзначыў, што магчымае збліжэнне адміністрацыі ЗША з Аляксандрам Лукашэнкам можна выкарыстоўваць для далейшага вызвалення палітвязняў, якія маюць украінскія пашпарты.