Яшчэ адно «экстрэмісцкаея фармаванне» і новыя прысуды. Хронікі рэпрэсій 3 лютага
Беларускія ўлады працягваюць маштабны пераслед грамадзянскай супольнасці: новыя ініцыятывы і старонкі прызнаюць «экстрэмісцкімі», палітвязняў апытваюць пра жыццё пасля магчымага вызвалення, суды па «справе Гаюна» ідуць амаль штодня, а журналістаў і блогераў судзяць па цяжкіх крымінальных артыкулах.

Ініцыятыву «Будзьма беларусамі!» прызналі «экстрэмісцкім фармаваннем»
Адпаведнае рашэнне было прынятае Міністэрствам унутраных спраў 2 лютага.
Паводле ведамства, дачыненне да ініцыятывы маюць Алена Макоўская і Ніна Шыдлоўская.
«Будзьма беларусамі!» — грамадская культурніцкая кампанія, якая дзейнічае з мэтай паглыблення нацыянальнай ідэнтычнасці беларусаў.
Палітвязняў па ўсёй Беларусі пачалі апытваць пра планы пасля магчымай амністыі або памілавання
Як паведамляе «Наша Ніва», у калоніях і на «хіміі» людзей выклікаюць да адміністрацыі і цікавяцца, ці хочуць яны застацца ў краіне або плануюць з’ехаць за мяжу.
Паводле звестак, такія размовы адбыліся як мінімум у чатырох папраўчых установах — у калоніях для тых, хто асуджаны ўпершыню, для рэцыдывістаў, а таксама на «хіміях з накіраваннем». Пытанні задаюць і тым, каму засталося адбываць пакаранне нядоўга, і вязням з вялікімі тэрмінамі.
Сілавікі не забараняюць паведамляць пра гэтыя размовы сваякам — праз званкі і лісты. Паводле наяўных сведчанняў, ціску пры выбары варыянту пакуль не зафіксавана.
Ці праводзяць падобныя апытанні з палітвязнямі ў СІЗА, якія яшчэ чакаюць суда, пакуль невядома. На сёння, паводле «Вясны», у Беларусі налічваецца 1149 палітвязняў.
Instagram-старонку «President Alexander Lukashenko» прызналі «экстрэмісцкай»
Адпаведнае рашэнне было прынятае судом Заводскага раёна Мінска 28 студзеня.
Акрамя таго, «экстрэмісцкі спіс» папоўнілі старонкі ў Threads «Игорь Лосик», «alexander.fruman», «storks_history», старонкі ў Instagram «denzor_den», «wolnabialorus», «nalesniki_razem», «zerkalo_story», «storks_history», Telegram-каналы «Израиль и Беларусь. RAZAM», «AXYENA ART», старонку ў TikTok «ezhikgrigencha», а таксама старонку ў Facebook «Michal Barouski».
Амаль 20 жыхароў Касцюковічаў атрымалі папярэджанні за «распаўсюд экстрэмізму»
Пра гэта паведаміла старэйшая памочніца пракурора раёна Яна Гамолка.
Паводле яе слоў, у 2025 годзе «19 асобам аб’яўлены афіцыйныя папярэджанні аб недапушчальнасці ўчынення названых дзеянняў, растлумачана аб магчымасці прыцягнення да адміністрацыйнай адказнасці па артыкуле 19.11 КаАП».
Справу журналіста Паўла Дабравольскага накіравалі ў суд
Як стала вядома БАЖ, следчыя дзеянні ў дачыненні журналіста Паўла Дабравольскага завершаныя, а крымінальная справа паводле ч. 1 арт. 356 КК (здрада дзяржаве) перададзеная ў Мінскі гарадскі суд. Судовы працэс, меркавана, пачнецца напрыканцы лютага.
Увосень 2025 года Паўла Дабравольскага перавялі з СІЗА КДБ у СІЗА № 1 у Калядзічах.
Паводле звестак БАЖ, абвінавачанне ў «дзяржаўнай здрадзе» звязанае з яго журналісцкімі публікацыямі. Раней Дабравольскі працаваў як на беларускія, так і на замежныя СМІ, у тым ліку на ўкраінскі часопіс NV.ua (да пачатку поўнамаштабнага ваеннага ўварвання Расіі). Апошнім месцам працы ў Беларусі была незалежная інфармацыйная кампанія БелаПАН.
Журналіста затрымалі ў Мінску 22 студзеня 2025 года — праз некалькі месяцаў пасля вяртання на радзіму.
Пераслед па «справе Гаюна» не спыняецца — затрыманні і суды адбываюцца амаль кожны дзень
Паводле інфармацыі «Вясны», вядома як мінімум пра 175 пацверджаных фігурантаў «справы Гаюна», якіх змясцілі пад варту. Агульная колькасць затрыманых значна большая — праваабаронцы ведаюць пра шэраг затрыманняў, што адбыліся ўжо ў 2026 годзе.
Суды па гэтай справе ідуць літаральна кожны дзень: з пачатку года ў «спіс экстрэмістаў» МУС дадалі 69 чалавек, асуджаных за «садзейнічанне экстрэмізму». Пераважная большасць з іх праходзяць менавіта па «справе Гаюна».
У асноўным фігурантам прызначаюць «хатнюю хімію», аднак вядома і пра выпадкі пазбаўлення волі.
Блогера Максіма Шуканава абвінавацілі ў супрацы з BelPol і па «справе Беларускага Гаюна»
Вярхоўны суд адхіліў апеляцыйную скаргу блогера Максіма Шуканава і пакінуў без зменаў рашэнне Мінскага гарадскога суда, які прысудзіў яму 4 гады пазбаўлення волі і штраф у памеры 500 базавых велічынь (21 тысяча беларускіх рублёў).
Пра гэта 3 лютага паведаміла Генеральная пракуратура Беларусі. Дата вынясення рашэння Вярхоўным судом не ўказваецца.
Мінскі гарадскі суд прызнаў Шуканава вінаватым паводле некалькіх артыкулаў Крымінальнага кодэкса:
— ч. 1 арт. 342 («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак»);
— ч. 1 і ч. 2 арт. 361–4 («Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»);
— ч. 3 арт. 361–1 («Уваходжанне асобы ў склад экстрэмісцкага фармавання»).
Паводле версіі абвінавачання, Шуканаў рэдагаваў кантэнт на YouTube-каналах аб’яднання былых сілавікоў, якія пасля падзей 2020 года перайшлі на бок пратэстоўцаў. У Генпракуратуры сцвярджаюць, што ён таксама садзейнічаў дзейнасці фармавання «Беларускі Гаюн».
Акрамя таго, блогера абвінавацілі ва ўдзеле ў жніўні 2020 года ў «несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах» у Мінску.
Максім Шуканаў і яго нарачоная, блогерка Паліна Зыль, доўгі час заставаліся ў Беларусі і некалькі гадоў хаваліся. У лютым 2025 года Шуканаў быў вымушаны звярнуцца па медыцынскую дапамогу, пасля чаго, меркавана, пара была затрыманая.
У ліпені 2025 года суд Цэнтральнага раёна Мінска прыгаварыў Паліну Зыль да 1 года пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму паводле ч. 1 арт. 342 КК.
YouTube-канал Максіма Шуканава Union Bell пазіцыянуе сябе як «незалежны палітычны канал з вострай аналітыкай без цэнзуры». Ён мае больш за 6 тысяч падпісчыкаў. Апошняе відэа выйшла год таму. Апошняе паведамленне ў Telegram-канале датаванае 28 снежня 2024 года.
Беларуская праваабарончая супольнасць прызнала Максіма Шуканава і Паліну Зыль палітычнымі вязнямі.