Сын Лябедзькі ў ШІЗА, катаванні былога бізнесоўца і новае «экстрэмісцкае фармаванне». Хронікі рэпрэсій 30 студзеня

Ціск на палітвязняў у Беларусі ўзмацняецца: сына Анатоля Лябедзькі змясцілі ў ШІЗА, у калоніі фактычна ізалююць і пазбаўляюць лекаў грамадзяніна Літвы і Францыі, МУС прызнае новае «экстрэмісцкае фармаванне» і зноў пашырае «спіс экстрэмістаў». Каротка — пра галоўнае за 30 студзеня.

1_1097_1.png

Палітзняволены Арцём Лябедзька трапіў у ШІЗА

Паводле звестак @belsat, у івацэвіцкай папраўчай калоніі № 22 «Воўчыя Норы» ў штрафны ізалятар трапіў палітзняволены Арцём Лябедзька. Ён — сын дарадцы Святланы Ціханоўскай па канстытуцыйнай рэформе і міжпарламенцкай супрацы Анатоля Лябедзькі.

Арцёма Лябедзьку асудзілі 24 жніўня 2023 года да 3,5 гадоў пазбаўлення волі паводле артыкула аб «фінансаванні экстрэмісцкай дзейнасці».

Праваабаронцы паведамляюць пра ўзмацненне ціску на палітвязняў у «Воўчых Норах». Палітычным зняволеным пачалі масава выпісваць парушэнні па надуманых прычынах, прысвойваць статус «злосных парушальнікаў» і адпраўляць у ШІЗА.

Паводле інфармацыі «Вясны», у калоніі № 22 адбываюць пакаранне як мінімум 59 палітвязняў.

Што адбываецца з палітзняволеным грамадзянінам Літвы і Францыі, які абвясціў галадоўку ў беларускай калоніі

Блізкая асоба палітзняволенага бізнэсоўца Сяргея Ботвіча, асуджанага ў Беларусі за «шпіянаж», распавяла «Радыё Свабода», што цяпер вядома пра яго стан.

Ці спыніў Сяргей галадоўку, якую абвясціў больш за месяц таму, невядома — адвакат да яго не дапускаецца. Таксама вядома, што палітвязню не перадаюць неабходныя лекі і прадукты.

«З дзецьмі яму забаронена кантактаваць ужо другі год. Самае страшнае — ужо трэці месяц яму не дазваляюць перадаваць лекі і ўвогуле любыя перадачы. Чалавек з дыябетам і трамбозам, які не атрымлівае лекаў, фактычна асуджаны на смерць. Уся гэтая сітуацыя жахлівая», — кажа крыніца.

Паводле яе слоў, Ботвіч неаднаразова скардзіўся на дрэннае стаўленне і на тое, што яму не дазваляюць мець грошы на картцы, з дапамогай якой асуджаныя купляюць самыя неабходныя рэчы.

У Беларусі з’явілася новае «экстрэмісцкае фармаванне» — «Беларусы Куява-Памор’я»

Адпаведнае рашэнне было прынятае Міністэрствам унутраных спраў 29 студзеня.

У «Спіс экстрэмістаў» дадалі яшчэ 12 чалавек — цяпер у ім 6226 прозвішчаў

30 студзеня МУС апублікавала чарговае абнаўленне «Пераліку грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці».

Амаль усе з новых «экстрэмістаў» — 11 чалавек — былі асуджаныя за «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці».

«Вясна» публікуе апошнюю версію спіса