Старонка «Новага Часу» ў Threads прызнаная «экстрэмісцкай». Хронікі рэпрэсій 29 студзеня
Улады масава прызнаюць медыя і сацсеткі «экстрэмісцкімі», распачынаюць новыя крымінальныя справы і судзяць за лайкі ў інтэрнэце. Асноўнае ў чарговым дайджэсце рэпрэсій у Беларусі.

Адразу 27 старонак у Threads прызнаныя «экстрэмісцкімі». Сярод іх — акаунт «Новага Часу»
Суд Партызанскага раёна Мінска за адно пасяджэнне прызнаў «экстрэмісцкімі» адразу 27 старонак у сацсетцы Threads. Сярод іх — «Новы Час | Novy Čas».
Таксама «экстрэмісцкімі» прызнаныя акаўнты «Вот Так», «SYMBAL.BY», «Виктор Бабарико», «REFORM.news», «Радыё Свабода | Беларусь», «Fundacja Partyzanka», «NEXTA | НЕХТА», «Наша Ніва | Nashaniva.com», «MOST | ПОЛЬША | БЕЛАРУСЬ», «Mensk Razam», «Media IQ», «Медиапроект Маланка», «МАЯ КРАІНА БЕЛАРУСЬ», «Maria Kalesnikava», «Чай з малінавым варэннем», «BYSOL», «Салідарнасць», «Зелёный портал», «CityDog.io», «ЧестнОК | ЧаснОК», «БЮРО — расследаванні пра Беларусь», «Sergey Bespalov», «Будзьма беларусамі!», «Сообщество железнодорожников Беларуси», «Беларусь Новости», «БРЦ / Беларускі расследавальніцкі цэнтр».
Акрамя таго, «экстрэмісцкі спіс» папоўнілі старонка ў Facebook «БЕЛАРУСЫ У ЗША / БЕЛОРУСЫ В США / BELARUSIANS IN USA», лагатып «proinfo», а таксама старонка ў Threads «МАЯ КРАІНА БЕЛАРУСЬ», якую суд Жлобінскага раёна прызнаў «экстрэмісцкай» ужо ў другі раз.
У дачыненні да Міколы Дзядка распачалі новую крымінальную справу
Пра гэта былы палітвязень паведаміў на сваёй старонцы ў Facebook
«Родным паведамілі пра ўзбуджэнне супраць мяне новай крымінальнай справы. Нібыта за “экстрэмісцкія” публікацыі ці выказванні. Прытым чамусьці ў Віцебску. Бацькоў цягаюць на допыты», — напісаў Дзядок.
Супраць Мікалая Тарасенкі распачалі спецвытворчасць — яго збіраюцца судзіць завочна
У дачыненні да 44-гадовага Мікалая Тарасенкі распачалі спецвытворчасць. Яму інкрымінаваныя арт. 188 КК (паклёп), ч. 3 арт. 361 КК (заклікі да санкцый або іншых дзеянняў, шкодных для нацыянальнай бяспекі), ч. 1 і ч. 2 арт. 367 КК (паклёп на Лукашэнку), ч. 1 арт. 368 КК (абраза Лукашэнкі).
Тарасенку прапануюць вярнуцца ў Беларусь і з’явіцца ва ўпраўленне Следчага камітэту па Магілёўскай вобласці.
У Магілёве асудзілі мужчыну за лайкі ў інтэрнэце. На суд прывялі кадэтаў
20 студзеня ў суд Ленінскага раёна Магілёва на разгляд крымінальнай справы прывялі 24 выхаванцаў Магілёўскага абласнога кадэцкага вучылішча ў суправаджэнні педагогаў. Візіт быў арганізаваны «ў рамках праграмы прававога выхавання навучэнцаў», піша MAYDAY. Падлеткаў суправаджала памочніца старшыні Магілёўскага абласнога суда Іна Драздова.
Разглядалася абвінавачанне паводле арт. 367 КК РБ (паклёп у дачыненні да Аляксандра Лукашэнкі).
26 студзеня стала вядома пра прысуд. 45-гадовы жыхар Магілёва паставіў лайк у сацсетцы «Аднакласнікі» пад пастом, які, на думку пракуратуры, утрымліваў «паклёп» на Лукашэнку — абвінавачанне ў асабліва цяжкім злачынстве.
Пазней мужчына паставіў лайк яшчэ пад адной публікацыяй у іншай супольнасці, прызнанай «экстрэмісцкімі матэрыяламі». У ёй змяшчаўся тэкст і выява Лукашэнкі з «загадзя ілжывымі выдумкамі».
У судовым пасяджэнні абвінавачаны прызнаў віну і раскаяўся.
Суд Ленінскага раёна Магілёва прызнаў мужчыну вінаватым і прысудзіў два гады абмежавання волі без накіравання ў выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу («хатняя хімія»).