Экстрэмізм, паказальныя суды і ціск за мяжой. Хронікі рэпрэсій 27 студзеня
Беларускія ўлады працягваюць пашыраць «экстрэмісцкія спісы», праводзіць паказальныя суды і ціснуць на былых палітвязняў, якія выехалі за мяжу. Каротка — пра новыя выпадкі рэпрэсій.

У Беларусі прызналі «экстрэмісцкай» песню гурта «Крамбамбуля» «Я страляў у міліцыянта»
Адпаведнае рашэнне было прынятае судом Лельчыцкага раёна 23 студзеня.
Акрамя гэтага, «экстрэмісцкі спіс» папоўнілі старонкі ў Facebook «Андрэй Рогаў», «Abpp DaVoli», «Смирнов Геннадий», «Офис Светланы Тихановской», «Дмитрий Щигельский», «Donny Red», старонка ў Instagram oksana_aus_belarus, а таксама старонкі ў Threads Free Belarus Women і «Радыё Свабода | Беларусь».
На брэсцкім прадпрыемстве правялі паказальны суд за «абразу Лукашэнкі»
На тэрыторыі філіяла «Брэсцкія цеплавыя сеткі» адбылося выязное судовае пасяджэнне ў межах крымінальнай справы паводле артыкула 368 КК (абраза Лукашэнкі).
Якое рашэнне прыняў суд — невядома.
Былому палітвязню Змітру Фурманаву напісалі прадстаўнікі спецслужбаў
Апошнім часам спецслужбы ўсё часцей выходзяць на сувязь з беларускімі актывістамі, якія знаходзяцца за мяжой. У лістападзе аналагічнае паведамленне з «прапановай супрацы» атрымала актывістка і журналістка Марыя Грыц, а днямі — былая палітзняволеная Алана Гебрэмарыям.
Зміцер Фурманаў — сябра ініцыятыўнай групы па вылучэнні ў прэзідэнты Святланы Ціханоўскай. Ён быў затрыманы 29 траўня падчас пікету па зборы подпісаў. Пазней Фурманаву прызначылі два гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму, якія ён цалкам адбыў.
Пасля вызвалення Фурманаў быў вымушаны з’ехаць з краіны. У кастрычніку на былога палітвязня распачалі новую крымінальную справу — паводле артыкула 369 КК (абраза прадстаўніка ўлады).