Экстрэмізм у інтэрнэце, ціск у калоніях і новыя палітвязні. Хронікі рэпрэсій 28 студзеня
Прызнанне сацсетак і сайтаў «экстрэмісцкімі», забарона на адукацыю для палітвязняў, ціск у калоніях і новыя прысуды — каротка пра чарговыя выпадкі рэпрэсій у Беларусі.

Летась органы пракуратуры Віцебшчыны накіравалі ў суды 169 заяў пра «экстрэмізм у інтэрнэце»
Паколькі ў адной заяве можа фігураваць адразу некалькі інтэрнэт-рэсурсаў, агульная колькасць пляцовак, прызнаных «экстрэмісцкімі», перавышае гэтую лічбу.
У прыватнасці, толькі пракуратура Віцебскай вобласці ініцыявала прызнанне «экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй» 6 старонак у Facebook, 3 — у Instagram, 3 — у «ВКонтакте», 2 — у «Аднакласніках», 5 каналаў і ролікаў на YouTube, 3 Telegram-чатаў і каналаў, 1 канала ў TikTok, а таксама інтэрнэт-сайта кінафестываля «Паўночнае ззянне».
Сайт фестываля быў прызнаны «экстрэмісцкім» паводле рашэння суда Кастрычніцкага раёна Віцебска. «Экстрэмізм» пракуроры ўбачылі ў тым, што ў межах фестываля дэманстраваліся фільмы «аб падзеях, звязаных з правядзеннем несанкцыянаваных масавых мерапрыемстваў у горадзе Мінску, аб сувязях з асобамі, асуджанымі за злачынствы пратэснай накіраванасці, і іншыя фільмы».
У папраўчых установах Беларусі палітвязням забараняюць атрымліваць адукацыю
У беларускіх папраўчых установах палітычным зняволеным забараняюць атрымліваць прафесійную адукацыю. Пра гэта піша dissidentBYу сувязі з ціскам на палітвязня Аляксандра Камлёнка.
Раней у калоніі №22 існаваў філіял Івацэвіцкага каледжа, дзе асуджаныя маглі атрымліваць прафесійную адукацыю (зваршчыкі, тынкоўшчыкі і інш.). Аднак для палітвязняў гэтая магчымасць з нядаўняга часу стала недаступнай.
Аляксандр Камлёнак накіраваў скаргу ў Міністэрства адукацыі, у якой апісаў забарону на навучанне. Ліст удалося перадаць на волю толькі абыходным шляхам, бо адміністрацыя калоніі не прапускае скаргі знутры. Ужо з волі зварот быў адпраўлены ў Мінадукацыі.
Гэта выклікала рэзкую рэакцыю: Камлёнка выклікалі на допыты і патрабавалі растлумачыць, як ён здолеў адправіць скаргу. Ён патлумачыў, што даслаў звычайны ліст. Пасля гэтага палітвязня змясцілі ў ШІЗА, дзе ён у знак пратэсту абвясціў галадоўку і 11 дзён не прымаў ежу.
Пасля гэтага Камлёнка этапавалі ў Наваполацкую калонію (ПК-1), дзе яго адразу ж зноў змясцілі ў ШІЗА. На дадзены момант ён адтуль не выходзіць.
Аляксандр Камлёнак вярнуўся ў Беларусь з працы за мяжой у 2024 годзе. Раней ён працаваў у лакаматыўным дэпо, аднак пасля 2020 года быў звольнены. У выніку яго асудзілі да трох гадоў пазбаўлення волі.
Праваабаронца «Вясны» заклікаў улады вызваліць цяжарную палітзняволеную з Берасця
Стала вядома, што палітзняволеная Наталля Левая зацяжарыла ў калоніі. Праваабаронца Леанід Судаленка запісаў публічны зварот да беларускіх уладаў з просьбай памілаваць жанчыну.
«У Беларусі дзіця можа нарадзіцца ў турме. […] Яго маці сядзець яшчэ каля чатырох гадоў. Гэта першае дзіця палітзняволенай, якое можа нарадзіцца ў турме. […] Дзіця ні ў чым не вінавата! Яно не выбірала ні гэтую краіну, ні гэтую турму. Роды — гэта не частка пакарання. Месца цяжарнай жанчыны — дома, побач з сям’ёй і пад наглядам лекараў, а не канваіраў. […] Памілуйце маці і яе яшчэ ненароджанае дзіця».
Паводле сведчанняў палітзняволеных, якія знаходзіліся разам з Левай у калоніі, Наталля зацяжарыла пасля спаткання з мужам. Пара доўгі час хацела дзіця, але ў іх не атрымлівалася. Роды чакаюцца ў сакавіку.
Самой Наталлі застаецца адбыць яшчэ каля чатырох гадоў пазбаўлення волі. Яе асудзілі за данаты.
У Беларусі — восем новых палітвязняў
Палітвязнямі прызнаныя Аляксей Ісаеў, Максім Дударга, Сяргей Васюкевіч, Аляксей Шыловіч, Віталь Выпражкін, Аляксандр Нядведскі, Уладзімір Джараеў і Сяргей Літвінка.
Усе яны асуджаныя да пазбаўлення волі ў сувязі з узаемадзеяннем з «экстрэмісцкімі фармаваннямі».