Арышты за сцяг, ціск у СІЗА і новыя абвінавачанні ў «здрадзе дзяржаве». Хронікі рэпрэсій 26 студзеня

У Беларусі працягваюцца палітычныя і крымінальныя пераследы: за дзеянні з дзяржаўнай сімволікай прызначаюць арышты, у СІЗА ўводзяць нефармальныя абмежаванні для зняволеных, а супраць затрыманых і тых, хто з’ехаў з краіны, узбуджаюць новыя крымінальныя справы, у тым ліку па артыкуле аб «здрадзе дзяржаве».

1_1097_1.png

Тры месяцы арышту за сарваны чырвона-зялёны сцяг у Магілёве

Жыхару Магілёва прызначылі тры месяцы арышту за сарваны чырвона-зялёны сцяг.

Паводле следства, двое сяброў праходзілі міма будынка, на фасадзе якога вісеў чырвона-зялёны сцяг. Адзін з маладзёнаў схапіў палотнішча і пацягнуў яго, у выніку чаго дрэўка зламалася і ўпала. Пасля гэтага хлопец скамячыў палотнішча і кінуў яго на зямлю.

У судзе абвінавачаны прызнаў віну і раскаяўся. Яму прызначылі пакаранне ў выглядзе трох месяцаў арышту паводле арт. 370 КК («здзек над дзяржаўнымі сімваламі»).

У брэсцкім СІЗА зняволеным могуць не аддаваць перадачы, калі яны не назавуць адпраўніка

Палітвязні паведамляюць пра новую практыку ў брэсцкім СІЗА №7: перадачу могуць не аддаць, калі зняволены не назаве, ад каго яна.

Яшчэ ў верасні 2025 года супрацоўнікі СІЗА пачалі пытацца ў зняволеных, ад каго «магла б быць» перадача. Калі вязень адмаўляецца або не можа назваць імя адпраўніка, перадачу яму не выдаюць.

Пра такую практыку ў верасні распавяла блогерка ў Instagram — у той час яе жаніх знаходзіўся ў СІЗА-7 у чаканні палітычнага суда.

Нядаўна магілёўскія праваабаронцы даведаліся пра з’яўленне падобных правіл і ў гомельскім СІЗА. Паводле іх інфармацыі, у Гомелі такая практыка дзейнічае з студзеня. Пра гэта паведамляла «Вясна».

Як адзначае @viasna_brest, такая практыка супярэчыць заканадаўству: да ўступлення прысуду ў законную сілу зняволеныя маюць права атрымліваць перадачы і пасылкі ад любых асоб.

Дыспетчара БЧ Андрэя Гаўрылюка абвінавачваюць у «здрадзе дзяржаве»

Затрыманага ў лістападзе дыспетчара Беларускай чыгункі Андрэя Гаўрылюка дадаткова абвінавачваюць у «здрадзе дзяржаве».

Паводле інфармацыі «Супольнасці чыгуначнікаў Беларусі», у дачыненні да Гаўрылюка, якому раней інкрымінавалі «карупцыю» і «перавышэнне службовых паўнамоцтваў», цяпер прад’явілі абвінавачанне паводле арт. 356 КК («здрада дзяржаве»).

На дадзены момант мужчына ўтрымліваецца ў СІЗА КДБ. Якія менавіта дзеянні былі расцэненыя як «здрада дзяржаве», пакуль не паведамляецца.

Прызначылі дату завочнага суда над былым дырэктарам РЦАП па фрыстайле

Завочны суд над былым дырэктарам Рэспубліканскага цэнтра алімпійскай падрыхтоўкі па фрыстайле Вадзімам Крывашэевым пачнуць 20 лютага ў Мінскім гарадскім судзе.

Яму інкрымінаваныя:

ч. 3 арт. 426 КК — перавышэнне ўлады або службовых паўнамоцтваў;

ч. 1 арт. 357 КК — змова або іншыя дзеянні з мэтай захопу ўлады;

ч. 3 арт. 361 КК — заклікі да санкцый або іншых дзеянняў, шкодных для нацыянальнай бяспекі;

ч. 3 арт. 361-1 КК — стварэнне або ўдзел у экстрэмісцкім фармаванні.

У верасні 2020 года Крывашэева звольнілі з пасады за «дрэнную ідэалагічную працу ў калектыве», пасля чаго ён з’ехаў з Беларусі.