Дачку журналіста Кірыла Пазняка прызналі палітзняволенай. Хронікі рэпрэсій 23 студзеня

У Беларусі працягваюцца палітычныя рэпрэсіі. Праваабаронцы прызналі палітзняволенай 20-гадовую Яніну Пазняк — дачку зняволенага журналіста Кірыла Пазняка. Сілавікі выклікаюць на допыты сваякоў актывістаў, папаўняюць «экстрэмісцкія» спісы, запускаюць завочныя працэсы і асуджаюць нават былых сілавікоў.

1_1097_1.png

Яніну Пазняк прызналі палітзняволенай

Яніна Пазняк — дачка палітзняволенага журналіста Кірыла Пазняка. Дзяўчыну затрымалі разам з бацькам 4 верасня 2025 года. Спачатку Яніну змясцілі ў ізалятар часовага ўтрымання, а праз некалькі дзён прад’явілі крымінальнае абвінавачанне і перавялі ў следчы ізалятар № 1.

У дачыненні да 20-гадовай Яніны распачатая крымінальная справа за «ўзаемадзеянне з экстрэмісцкім фармаваннем».

Каго апошнім часам затрымліваюць па палітычных справах

Пра гэта распавёў беларус, які лета і восень правёў у СІЗА-1 па «справе Гаюна». Паводле яго слоў, летам большасць затрыманых утрымліваліся паводле арт. 342 КК — за ўдзел у пратэстах 2020 года.

«Тады якраз адпрацоўвалі ўсіх “пешаходаў”, таму ў асноўным былі яны. Затрымлівалі жорстка: кагосьці — ГУБАЗ, кагосьці — спецназ. Быў мужчына гадоў 70, якога з жонкай на лецішчы затрымліваў спецназ. Былі затрыманыя сем’ямі: мужчына — з намі, а ў камеры насупраць — жонка і дачка.

“Пешаходы” сядзелі мінімум 10 сутак. Бо ім усім давалі “хатнюю хімію”, таму іх такім чынам “прасмажвалі” на Акрэсціна.

Спачатку былі адны “пешаходы”, а калі ў іх суды скончыліся — верасень–кастрычнік — засталіся сядзець адны “Гаюны”. У нас ва ўсіх было няшмат эпізодаў. Мужчыну, які па “Гаюну” сядзеў з красавіка, далі рэальны тэрмін. Астатнім — “хатнюю хімію”».

Чарговае папаўненне «Спіса экстрэмісцкіх матэрыялаў»

У пералік унеслі старонкі ў Instagram «Беларусы у Iзраili», «Nota Pratэstu», старонкі ў Threads «Наша Нiва | Nashaniva.cоm», «Дзе Навiны?», старонку ў TikTok «belarustv BY. ЕвроБеларус | Новости», а таксама Telegram-канал «Nota Pratэstu».

Жонку актывіста Мікалая Уласевіча выклікалі на допыт

Учора ўвечары сілавікі прыйшлі да жонкі актывіста з мястэчка Варняны на Астравеччыне Мікалая Уласевіча. Сам мужчына часова знаходзіцца ў родных за мяжой.

У жанчыны распытвалі, чаму Мікалай з’ехаў за мяжу, за якія грошы, а таксама агледзелі яе тэлефон. Фармальнай падставай для візіту стала пытанне пра тое, ці тэлефанавалі жанчыне махляры.

На Мікалая Уласевіча ўлады ціснуць ужо шмат гадоў — яшчэ ў 2011 годзе яго неаднаразова затрымлівалі за выступы супраць размяшчэння ў Беларусі атамнай станцыі.

Супраць Дзмітрыя Балкунца распачалі спецвытворчасць — яго збіраюцца судзіць завочна

42-гадоваму Дзмітрыю Балкунцу інкрымінавалі адразу некалькі артыкулаў Крымінальнага кодэкса:

ч. 1 арт. 357 КК (змова або іншыя дзеянні з мэтай захопу ўлады),

ч. 3 арт. 361 КК (заклікі да санкцый супраць Рэспублікі Беларусь),

ч. 1 арт. 361-1 КК (стварэнне экстрэмісцкага фармавання або ўдзел у ім),

чч. 1, 2 арт. 361-4 КК (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці),

чч. 1, 2 арт. 367 КК (паклёп на Лукашэнку),

чч. 1, 2 арт. 368 КК (абраза Лукашэнкі),

арт. 369 КК (абраза прадстаўніка ўлады),

арт. 369-1 КК (дыскрэдытацыя Беларусі).

Балкунца заклікаюць вярнуцца ў Беларусь і з’явіцца ва ўпраўленне Следчага камітэту па Мінску.

Асудзілі экс-начальніка следчага ўпраўлення Магілёва, якому КДБ вырабіла фэйкавы пашпарт «Новай Беларусі»

Магілёўскі абласны суд вынес прысуд 59-гадоваму былому следчаму Дзмітрыю Шышкову. Яго судзілі паводле арт. 361-4 КК — «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці» — і прызначылі «хімію».

Дзмітрый Шышкоў у 2010 годзе ўзначаліў следчае ўпраўленне УУС Магілёўскага аблвыканкама, пазней працаваў у Следчым камітэце, піша «Наша Ніва». Апошнім месцам яго працы было інфармацыйнае агенцтва «Магілёўскія ведамасці», аднак матэрыялаў за яго подпісам не знойдзена. Магчыма, ён адказваў за бяспеку.

У эфіры АНТ сцвярджалі, што Шышкова звольнілі з агенцтва за палітычныя погляды ў 2023 годзе. У сакавіку 2024 года на АНТ паказалі пашпарт «Новай Беларусі», нібыта выраблены на імя Шышкова. Дакумент выглядаў фэйкавым — яго прозвішча па-беларуску напісалі з памылкай, праз рускую «и».

Вацлаў Арэшка амаль цалкам страціў зрок у зняволенні

Палітзняволены Вацлаў Арэшка ўжо чацвёрты дзень народзінаў сустрэў за кратамі. 18 студзеня яму споўніўся 71 год. Праваабаронцы ўключылі яго ў спіс палітвязняў з вельмі ўразлівым станам здароўя.

Як высветліў БАЖ, у зняволенні Арэшка амаль цалкам страціў зрок. Для чытання ў яго была лупа з падсветкай, якая дапамагала больш, чым акуляры. Але пасля пераводу са шклоўскай калоніі ў Івацэвічы лупу яму ўжо не дазволілі.

У «Спіс экстрэмістаў» дадалі яшчэ 9 прозвішчаў — цяпер у ім 6214 чалавекі

23 студзеня МУС абнавіла «Пералік грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці».

Сярод іншых у спіс дадалі фігуранта «справы Гаюна» Івана Фалітара, а таксама Дзмітрыя Спруця, якога асудзілі за «распальванне варожасці», але вызвалілі ад адказнасці «ў сувязі са сканчэннем тэрміну прыцягнення».

Праваабарончы цэнтр «Вясна» апублікаваў актуальную версію спіса