Завочныя прысуды «Сумленным людзям», палітычнае «лячэнне» замежніка і катаванні ў СІЗА КДБ. Хронікі рэпрэсій 22 студзеня
У Віцебску вынеслі завочныя прысуды ўдзельнікам ініцыятывы «Сумленныя людзі», грамадзянін Латвіі знаходзіцца на прымусовым псіхіятрычным лячэнні па палітычнай справе, Беларусь — сярод лідараў па колькасці зняволеных журналістаў, а былы палітвязень Ігар Лосік распавёў пра катаванні ў СІЗА КДБ. Каротка — пра галоўнае.

Завочныя прысуды ўдзельнікам ініцыятывы «Сумленныя людзі»
22 студзеня Віцебскі абласны суд вынес завочныя выракі Алене Жываглод, Зарыне Сарокінай, Алегу Давыдчыку і Цімафею Малахоўскаму. Ім прызначылі ад 8 да 10 гадоў пазбаўлення волі, а таксама вялікія штрафы. Судовы працэс цягнуўся два з паловай месяцы — з 5 лістапада 2025 года, піша «Віцебская вясна».
Усіх фігурантаў завочна абвінавацілі ў:
— стварэнні «экстрэмісцкага фармавання» (ч. 3 арт. 361-1 КК);
— абразе Лукашэнкі (арт. 368 КК);
— распальванні варожасці (арт. 130 КК);
— паклёпе на Лукашэнку (арт. 367 КК);
— дыскрэдытацыі Беларусі (арт. 369-1 КК);
— закліках да дзеянняў супраць нацыянальнай бяспекі (арт. 361 КК).
Алене Жываглод прысудзілі 10 гадоў калоніі агульнага рэжыму і штраф у 1500 базавых велічыняў (67 500 рублёў).
Зарыне Сарокінай, Алегу Давыдчыку і Цімафею Малахоўскаму — па 8 гадоў пазбаўлення волі і штраф у 900 базавых велічыняў (40 500 рублёў).
Грамадзянін Латвіі — на прымусовым лячэнні па палітычнай справе
У Беларусі асудзілі 45-гадовага грамадзяніна Латвіі Дзмітрыя Сіўко. У 2022 годзе суд Чыгуначнага раёна Гомеля прызнаў яго вінаватым паводле арт. 369 КК (абраза прадстаўніка ўлады).
Мужчыне прызначылі прымусовае лячэнне ў псіхіятрычным стацыянары з узмоцненым наглядам. Дакладнае месцазнаходжанне Дзмітрыя Сіўко і ягоны далейшы лёс праваабаронцам невядомыя.
Беларусь — пятая ў свеце па колькасці журналістаў за кратамі
У апошні месяц 2025 года ва ўсім свеце за сваю прафесійную дзейнасць у турмах знаходзіліся 330 журналістаў. Пра гэта паведаміў міжнародны Камітэт абароны журналістаў, піша «Радыё Свабода».
Паводле арганізацыі, па стане на 1 снежня 2025 года:
— у Кітаі за кратамі знаходзіліся 50 журналістаў;
— у М’янме — 30;
— у Ізраілі — 29 палестынскіх журналістаў;
— у Расіі — 27;
— у Беларусі — 25;
— у Азербайджане — 24.
У справаздачы адзначаецца, што з 25 зняволенымі журналістамі Беларусь апусцілася з першага месца ў рэгіёне на другое, аднак рэпрэсіі супраць медыя працягваюцца і разглядаюцца як помста за асвятленне падзей пасля спрэчнага перавыбрання Лукашэнкі ў 2020 годзе. Многія журналісты вымушаныя знаходзіцца ў выгнанні, але і там сутыкаюцца з крымінальным пераследам.
Паводле БАЖ, у зняволенні ў Беларусі застаюцца 28 прадстаўнікоў СМІ.
«Гэта адбываецца ў XXI стагоддзі ў цэнтры Еўропы»
Былы палітвязень Ігар Лосік апублікаваў у сваім тэлеграм-канале сведчанне пра катаванні, якія, паводле яго слоў, сістэмна ўжываюцца ў СІЗА КДБ.
Ён апісвае шматузроўневую сістэму пакаранняў: ад адключэння разетак і канфіскацыі тэлевізара — да прымусовага шматгадзіннага стаяння, пазбаўлення сну, прыніжальных начных «праверак», а таксама катаванняў у «мяккім пакоі», дзе зняволеных падвешваюць у кайданках і б’юць электрашокерам.
«Калі вельмі незгаворлівы, то могуць па суседніх камерах рассадзіць усіх тваіх сваякоў, уключаючы 80‑гадовую маці.
Дык вось, гэты падпалкоўнік прайшоў усе ўзроўні і ўсё адно не здаўся. У яго спынялася сэрца і выклікалі рэанімацыю, якая яго ледзь адкачала. І пасля гэтага здзекі не толькі не спыніліся, але нават узмацніліся. На тым жа паверсе ў камеры сядзіць яго сястра.
Вельмі часта ў камеру заязджаюць людзі з адбітымі ныркамі, сінякамі і страсеннем мозгу, з паламанымі рэбрамі. Я здзіўляўся, што сярод такіх асабліва шмат людзей, якіх затрымліваюць за банальную нявыплату падаткаў. Навошта іх так збіваць?
Тры чалавекі, з якімі я сядзеў у камеры, пры затрыманні прайшлі праз «возера» — іх адвезлі на нейкі вадаём, там білі, накідалі на рот анучу і залівалі вадой, імітуючы ўдушэнне.
Скардзіцца, натуральна, няма каму, будзе толькі горш. Таму ўсе, ужо знаходзячыся ў камеры, пішуць у тлумачальных, што альбо спатыкнуліся, выходзячы з аўтобуса, альбо зачапіліся за корань дрэва падчас прабежкі і зламалі сабе рэбры, нос і выпадкова прастрэлілі нагу».
«Гэта адбываецца ў XXI стагоддзі ў цэнтры Еўропы», — падкрэслівае былы палітвязень.