Новыя палітвязні і «экстрэмісцкія» фармаванні. Хронікі рэпрэсій 20 студзеня
У снежні палітвязень Сяргей Ботвіч абвясціў галадоўку, нягледзячы на цяжкія захворванні. У Беларусі з’явіліся новыя палітвязні, працягваюцца прысуды па «справе Гаюна», а ініцыятыву Free Belarus Center прызналі «экстрэмісцкім фармаваннем». Сабралі галоўнае пра палітычныя рэпрэсіі за апошні час.

У снежні палітвязень Сяргей Ботвіч абвясціў галадоўку
Пра гэта «Люстэрку» паведаміў адзін з былых вязняў. Паводле яго слоў, галадоўка ўскладняецца тым, што палітвязень мае сур’ёзныя праблемы са здароўем.
«Лекаў, якія яму неабходныя, у Беларусі няма, а родным не дазваляюць перадаваць патрэбныя прэпараты. Галадоўка для яго — гэта смяротная рызыка».
Сяргей Ботвіч — ураджэнец Беларусі, які мае грамадзянства Літвы і Францыі. 61-гадовага бізнесоўца абвінавацілі ў 2022 годзе паводле двух артыкулаў — «шпіянаж» і «агентурная дзейнасць». Яму прызначылі 13 гадоў пазбаўлення волі. Тэрмін ён адбывае ў калоніі «Воўчыя норы».
Пра падрабязнасці справы стала вядома з ліста, які Ботвіч перадаў на волю з калоніі. З яго вынікае, што ён настойвае на сваёй невінаватасці і лічыць сябе палітычным закладнікам.
TikTok-блогера і экс-палітвязня Алега Дабрыднева ўжо тройчы прызналі «экстрэмісцкім»
Малады блогер атрымаў палітычныя крымінальныя справы яшчэ да паўналецця. За актыўнасць у сацыяльных сетках Алега Дабрыднева затрымлівалі з ужываннем фізічнай сілы супрацоўнікі ГУБАЗіКа, калі хлопцу было ўсяго 16 гадоў.
У Беларусі +14 новых палітвязняў
Праваабаронцы прызналі палітвязнямі:
Вольгу Барунову, Аляксея Кердаля, Віталя Жалезнякова, Аляксандра Залатарэвіча, Уладзіміра Зінавенку, Дзяніса Пятрова, Таццяну Шынкевіч, Дзмітрыя Капузу, Вольгу Капузу, Аляксандра Канавальчыка, Івана Вайнова, Мікіту Красько, Вячаслава Бянько, Андрэя Рэпеція.
Палітзняволенага з Мазыра асудзілі на 4,5 года зняволення па «справе Гаюна»
У Гомельскім абласным судзе разгледзелі крымінальную справу супраць палітвязня Аляксандра Герасіменкі. Яго абвінавацілі ў «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці» ў межах «справы Гаюна».
Паводле інфармацыі «Гомельскай Вясны», мужчыну прысудзілі чатыры гады і шэсць месяцаў пазбаўлення волі. Пасля затрымання ў яго правялі вобшук і канфіскавалі тэхніку.
Праваабаронцам вядома, што Герасіменка мае дзвюх непаўналетніх дачок. Апошняе вядомае месца яго працы — прадпрыемства «Мазырсоль». Раней ён працаваў у сферы спорту: трэнерам-выкладчыкам па грэблі і намеснікам дырэктара ў дзіцячай спартыўнай школе.
У Беларусі за кратамі ўтрымліваецца мінімум 22 замежнікі
Паводле звестак Праваабарончага цэнтра «Вясна», з 2020 года пад палітычны пераслед у Беларусі трапілі мінімум 100 замежных грамадзян, у тым ліку 27 жанчын. Не менш за 75 чалавек былі асуджаныя і накіраваныя ў калоніі.
У выніку памілаванняў пры садзейнічанні ЗША і ў межах украінскага абмену былі вызваленыя як мінімум 29 замежнікаў. Аднак 22 грамадзяне іншых краін застаюцца за кратамі. Сярод іх — грамадзяне Расеі, Украіны, Літвы, Францыі, Латвіі і Польшчы.
Ініцыятыву Free Belarus Center прызналі «экстрэмісцкім фармаваннем»
Адпаведнае рашэнне КДБ прыняў 15 студзеня. Паводле ведамства, дачыненне да ініцыятывы маюць Скугарава Марта, Мінгазава Альвіна, Бродзік Паліна і Марозька Іван.
Free Belarus Center — незалежная грамадзянская ініцыятыва, створаная для міжнароднага рэагавання на рэпрэсіі ў Беларусі і аказання гуманітарнай дапамогі людзям, вымушаным пакінуць краіну. Пасля 2020 года цэнтр дапамагаў беларускім актывістам у Кіеве, а з 2022 года працуе таксама ў Варшаве.
Free Belarus Center стаў ужо 325-м «экстрэмісцкім фармаваннем» у Беларусі.