Новыя «экстрэмісты», забарона кніг у калоніі і пераслед моладзі. Хронікі рэпрэсій 21 студзеня

 У Беларусі прызналі «экстрэмісцкімі» сайты і старонкі праваабарончых і медыйных ініцыятыў, у калоніі № 11 забаранілі перадаваць кнігі зняволеным, а МУС двойчы ўнесла адных і тых жа маладых людзей у «спіс экстрэмісцкіх фармаванняў». Сабралі галоўнае.

1_1097_1.png

Сайт кампаніі «Не смяротнаму пакаранню ў Беларусі» прызналі «экстрэмісцкім»

Адпаведнае рашэнне прыняў суд Баранавічаў і Баранавіцкага раёна. Таксама ў спіс «забароненых» трапілі сайт праекта freeviasna і TikTok-старонка «Вясны».

Акрамя гэтага, «экстрэмісцкі спіс» папоўнілі сайт кінафестывалю «Паўночнае ззянне», акаўнты ў Threads «Кастусь Супраць», «girikalex», «БРЦ / Беларускі расследавальніцкі цэнтр», «Андрусь Белавешкін», старонкі ў TikTok «Ольга Карач», «Андрусь Белавешкін», старонкі ў «Аднакласніках» «Volia Chajkouskaya», «Александр Ластовский», «Александр Журавлёв», «Егор Минаков», YouTube-канал «БЕЛСАТ SHORTS», старонка ў Instagram vslep, а таксама старонкі ва «Укантакце» «Мы за новае жыццё!» і «Шацилкавичская политрологическая блаблаторыя».

У папраўчай калоніі № 11 у Ваўкавыску забаранілі перадаваць зняволеным кнігі 

Пра гэта паведамляюць праваабаронцы MAYDAYMog.

Паводле іх інфармацыі, забарона дзейнічае з пачатку гэтага года. Раней сваякі маглі дасылаць у калонію бандэролі вагой да 2 кг з не больш як пяццю кнігамі. Цяпер адміністрацыя калоніі не тлумачыць свае дзеянні і проста вяртае пасылкі з кнігамі адпраўнікам.

МУС двойчы ўнесла адных і тых жа маладых людзей у «спіс экстрэмісцкіх фармаванняў»

Пра гэта піша MAYDAY.

На працягу трох месяцаў Міністэрства ўнутраных спраў двойчы ўключыла імёны 20-гадовага Усевалада Мачэкіна і 18-гадовага Усевалада Бутвенкава ў так званы «Пералік арганізацый, фармаванняў і асоб, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці».

У кастрычніку 2025 года МУС заявіла пра іх нібыта сувязь з тэлеграм-каналам Sandӓr, у якім сілавікі, імаверна, знайшлі «прыкметы рэабілітацыі нацызму». На момант публікацыі канал недаступны, аднак у архівах журналістаў MAYDAY захавалася стужка публікацый, якая складалася пераважна з мемаў сумнеўнага зместу.

У снежні 2025 года МУС зноў згадала Мачэкіна і Бутвенкава ў «пераліку» — ужо як асобаў, нібыта датычных да «экстрэмісцкага фармавання» ў выглядзе рыцарскага клуба «Барысфен». Акрамя іх, у спісе фігуруе таксама рэканструктар Павел Станкевіч.

Затрыманні ў межах «справы Барысфена» пачаліся ў лістападзе 2025 года. Паводле інфармацыі MAYDAY, тады былі затрыманыя Мачэкін, Бутвенкаў і Станкевіч. Апошні прайшоў праз некалькі адміністрацыйных арыштаў, пасля чаго супраць яго завялі крымінальную справу і змясцілі ў СІЗА.

Вядома, што Мачэкін і Бутвенкаў таксама цяпер утрымліваюцца ў следчым ізалятары Магілёва. Ім прад’яўленыя абвінавачанні паводле Крымінальнага кодэкса, аднак падрабязнасці справы не раскрываюцца.

На момант затрымання хлопцам было 19 і 18 гадоў адпаведна. 10 студзеня Усеваладу Мачэкіну споўнілася 20 гадоў.