Суды за «экстрэмізм», новыя забароны і прысуды за студзень. Хронікі рэпрэсій 19 студзеня
Суды за падпіскі і «экстрэмісцкія матэрыялы», новыя заканадаўчыя забароны, працяг затрыманняў па «справе Гаюна» і чарговыя палітычныя прысуды — сабралі галоўнае пра рэпрэсіі ў Беларусі за апошні час.

У судзе Кастрычніцкага раёну Гродна за год за «распаўсюд экстрэмізму» асудзілі 87 чалавек
У судзе Кастрычніцкага раёну Гродна за мінулы год паводле артыкула 19.11 КаАП («распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў») асудзілі 87 чалавек.
Прадстаўнікі дзяржаўнай прапаганды заяўляюць, што такая статыстыка «выклікае аптымізм»: для параўнання, два гады таму гэты ж суд за год разгледзеў 332 адміністрацыйныя працэсы паводле таго ж артыкула.
Суддзя Алена Тоўсцік-Самойла апісала так званы «сацыяльны партрэт» людзей, якіх судзяць за «распаўсюд экстрэмізму»:
«Гэта мужчыны ва ўзросце ад 30 да 49 гадоў, якія маюць сярэднюю спецыяльную або вышэйшую адукацыю. Яны афіцыйна працаўладкаваныя, раней маглі мець толькі дробныя правапарушэнні».
Яна таксама прывяла прыклад аднаго з апошніх судоў: 36-гадовага жыхара Гродна аштрафавалі на 30 базавых велічыняў (1350 рублёў) і канфіскавалі тэлефон за падпіску на «экстрэмісцкую» суполку ва «Укантакце».
Асуджаным па «экстрэмісцкіх» артыкулах афіцыйна забаранілі працаваць з дзецьмі
З 17 студзеня ў Беларусі пачалі дзейнічаць асобныя палажэнні закона № 86-З «Аб змяненні законаў па пытаннях забеспячэння правоў дзяцей».
Дакумент істотна ўзмацніў кантроль за кадрамі ў сферы адукацыі і выхавання, а таксама ўсклаў новыя абавязкі на бацькоў і наймальнікаў. Цяпер асобы, якія маюць судзімасць па «экстрэмісцкіх» артыкулах, афіцыйна пазбаўленыя права займацца педагагічнай дзейнасцю. Іх прыраўнялі да асобаў, асуджаных паводле наркатычных артыкулаў.
Пракуроры Мінскай вобласці за 5 гадоў накіравалі ў суды больш за 1,4 тысячы заяў аб «экстрэмісцкіх матэрыялах»
Як вынікае з паведамлення пракуратуры, у 2025 годзе ў суды было накіравана 334 заявы аб прызнанні матэрыялаў «экстрэмісцкімі». За апошнія пяць гадоў агульная колькасць такіх заяў перавысіла 1,4 тысячы.
У якасці прыкладу прыводзіцца пракурор Пухавіцкага раёна, які ў 2025 годзе накіраваў у суд 61 заяву аб прызнанні матэрыялаў «экстрэмісцкімі», а таксама падчас маніторынгу ініцыяваў крымінальную справу па артыкуле за «абразу Лукашэнкі».
Затрыманні па «справе Гаюна» не спыняюцца — апошнія адбыліся ў студзені
Праваабаронцам «Вясны» вядома як мінімум пра 163 пацверджаныя фігуранты «справы Гаюна», якіх змясцілі пад варту. Агульная ж колькасць затрыманых значна большая.
Затрыманні адбываюцца па ўсёй Беларусі і працягваюцца да гэтага часу. Вядома таксама, што некаторых людзей адпускаюць да суда пад заклад.
Паводле інфармацыі праваабаронцаў, суды па «справе Гаюна» адбываюцца літаральна штодня. У большасці выпадкаў фігурантам прызначаюць «хатнюю хімію», але вядомыя і выпадкі пазбаўлення волі.
Па палітычнай справе асудзілі 33-гадовую бухгалтарку з Брэста
Настассі Уласавец 33 гады. Яна родам з Івацэвічаў Брэсцкай вобласці. У 2013 годзе скончыла эканамічны факультэт Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта па спецыяльнасці «Бухгалтарскі ўлік, аналіз і аўдыт».
Пасля ўніверсітэта працавала бухгалтаркай у «Брэстаблаўтатрансе», пазней — эканамісткай у кампаніі «СмайлСтудыя». Жанчына жыве ў Брэсце разам з мужам, піша «Наша Ніва».
Настассю судзілі ў Брэсцкім абласным судзе паводле дзвюх частак артыкула 361-4 Крымінальнага кодэкса («садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»). Верагодна, ёй прызначылі «хатнюю хімію».
За «садзейнічанне экстрэмізму» асудзілі жыхара Мазыра, які раней атрымліваў падзяку ад Лукашэнкі
Гомельскі абласны суд вынес прысуд жыхару Мазыра Міхаілу Палазніку. Яго абвінавачвалі паводле частак 1 і 2 артыкула 361-4 КК («садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»). Верагодна, мужчыну прысудзілі «хімію» з накіраваннем або пазбаўленне волі.
Як паведамляе «Гомельская Вясна», у 2014 годзе Палазнік праходзіў тэрміновую службу ў Мінскім гарнізоне і ўдзельнічаў у ваенным парадзе 3 ліпеня. За ўдзел у парадзе ён атрымаў падзяку ад Аляксандра Лукашэнкі.
Дэсантніка, якога называлі найлепшым камандзірам узвода спецназа, асудзілі за «садзейнічанне экстрэмізму»
Максіму Дударгу 29 гадоў. Ён родам з Лунінца. Значную частку жыцця прысвяціў спорту і вайсковай службе. У 2015 годзе ўдзельнічаў у марафонах і паўмарафонах у складзе клуба «Вікторыя».
Пазней служыў у 38-й асобнай дэсантна-штурмавой брыгадзе ў Брэсце. У лютым 2020 года дзяржаўныя СМІ называлі яго ўзорным афіцэрам:
«гвардыі старшы лейтэнант Дударга стаў найлепшым камандзірам дэсантнага ўзвода сіл спецыяльных аперацый па выніках спаборніцтваў па палявой вывучцы».
Падобна, што пазней ён даслужыўся да капітана — у дакументах яго падпісвалі як «капітан Дударга», піша «Наша Ніва».
Невядома, ці працягваў ён службу на момант затрымання. Брэсцкі абласны суд пакараў Дударгу паводле частак 1 і 2 артыкула 361-4 КК. Дакладны прысуд невядомы, але, верагодна, гэта «хімія» з накіраваннем або калонія.