Палітвязні, «шпіёны» і новыя «экстрэмісты». Хронікі рэпрэсій 16 студзеня

 У Беларусі працягваюцца рэпрэсіі: сілавікі пашыраюць справы пра «здраду дзяржаве», абнаўляюць «экстрэмісцкія» спісы і асуджаюць за мірнае выказванне пазіцыі. Сабралі галоўнае за апошнія дні.

1_1097_1.png

Што вядома пра «справу радыёклуба»

15 студзеня на СТВ выйшаў прапагандысцкі фільм «Без прыкрыцця», дзе сцвярджалася, што КДБ нібыта «нейтралізаваў сетку», якая пад выглядам радыёхобі займалася шпіянажам. У сюжэце гаворка ідзе пра сем чалавек, узятых пад варту па артыкулах «здрада дзяржаве» і «шпіянаж», аднак публічна паказалі толькі двух — Мікіту Красько і Андрэя Рэпеція.

Вядоўца Раман Пратасевіч заявіў, што фігурантам пагражае пажыццёвае зняволенне або смяротнае пакаранне. Аднак такое пакаранне магчымае толькі пры наяўнасці спецыяльнага статусу (вайсковец або службовая асоба). Верагодна, адзін з затрыманых мог мець вайсковае мінулае.

Паводле інфармацыі праваабаронцаў, Красько, Рэпецій і трэці фігурант — Вячаслаў Бянько — утрымліваюцца ў СІЗА КДБ больш за год. Справа засакрэчаная, суд яшчэ не прызначаны.

Прапаганда сцвярджае, што затрыманыя нібыта атрымлівалі доступ да закрытых радыёчастот сілавых структур і перадавалі звесткі замежным спецслужбам, аднак ні доказаў, ні канкрэтных адрасатаў у сюжэце не агучылі. Таксама былі агучаныя лічбы пра «больш за 50 прыцягнутых да адказнасці» і сотні канфіскаваных прылад — без удакладненняў, у якім статусе гэтыя людзі і за што менавіта.

Паводле «Нашай Нівы», усе трое — людзі з тэхнічным бэкграўндам, для якіх радыёсувязь была хобі або прафесійнай цікавасцю, а не пацверджанай «шпіёнскай дзейнасцю».

Беларусь і Расія ствараюць адзіны «рэестр экстрэмістаў»

Беларусь і Расія прапрацоўваюць механізм стварэння агульнага «рэестра экстрэмістаў». Пра гэта паведаміў старшыня камісіі Парламенцкага Сходу Саюзнай дзяржавы па бяспецы Генадзь Ляпешка.

Паводле яго слоў, ідэя ў тым, каб асобы або рэсурсы, прызнаныя «экстрэмісцкімі» ў адной з краін, аўтаматычна лічыліся такімі і ў другой.

У «спіс экстрэмістаў» дадалі яшчэ 30 чалавек

16 студзеня МУС абнавіла «Пералік грамадзян, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці». Цяпер у ім 6205 чалавек.

Сярод новых прозвішчаў — грамадзянін Расіі Канстанцін Дзмітрыеў, мастачка Аксана Шаляпіна, а таксама 18-гадовая Ганна Старацітарава.

Апошнюю версію спіса апублікавала «Вясна». 

Неўролага Руслана Бадамшына асудзілі да 2,5 гадоў калоніі

У Мінску асудзілі вядомага неўролага Руслана Бадамшына — яму прызначылі два з паловай гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Пра гэта паведамляе @belhalat_by.

Паводле «Вясны», лекара затрымалі ў чэрвені 2025 года паводле арт. 361-4 КК («садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»). Папярэдне, прысуд звязаны са «справай Беларускага Гаюна».

Пасля выбараў Руслана Бадамшына затрымлівалі як мінімум пяць разоў — у суме ён адбыў больш за 60 сутак адміністрацыйнага арышту.

У Беларусі +5 новых палітвязняў

Палітвязнямі прызналі Іллю Барыскевіча, Аляксандра Чыжа, Сяргея Саўчкова, Змітра Кегелева і Уладзіміра Івашкевіча.

Усе яны падвергліся пераследу і пазбаўленню волі за «абразу Лукашэнкі» і іншыя формы мірнай рэалізацыі свабоды меркаванняў.