Сотні «экстрэмісцкіх» спраў, прысуды за данаты і новыя палітвязні. Хронікі рэпрэсій 14 студзеня

 У Беларусі працягваецца сістэмны ціск праз крымінальныя справы і суды. У Магілёўскай вобласці за год у суды накіравалі больш за 190 заяў аб «экстрэмісцкіх» матэрыялах, у Гомелі асудзілі фатографку прыроды, з’явіліся новыя палітвязні, а асуджаных працягваюць этапаваць у калоніі.

1_1097_1.png

У Магілёўскай вобласці за год у суды накіравалі больш за 190 заяў аб прызнанні матэрыялаў «экстрэмісцкімі»

Па выніках праверак суды прызналі «экстрэмісцкай» інфармацыю, размешчаную на розных анлайн-платформах. У TikTok пад забарону трапілі 45 акаўнтаў, у Instagram — 36, на відэахостынгу YouTube — 26. Яшчэ 24 пазіцыі — гэта Telegram-чаты і каналы. Акрамя таго, «экстрэмісцкімі» прызналі матэрыялы ў Facebook, «Укантакце», «Аднакласніках» і «Х» — усяго 13 акаўнтаў.

Таксама па заявах пракурораў «экстрэмісцкімі» прызналі дзевяць інтэрнэт-сайтаў і адно друкаванае выданне.

У Гомелі да трох гадоў калоніі асудзілі фатографку прыроды і бёрдвочарку

13 студзеня ў Гомельскім абласным судзе вынеслі прысуд жыхарцы абласнога цэнтра, вядомай у колах аматараў прыроды, фатографцы і бёрдвочарцы Наталлі Бачурынскай. Жанчыну прызналі вінаватай у «фінансаванні экстрэмісцкай дзейнасці» (арт. 361-2 КК) і прысудзілі тры гады пазбаўлення волі.

Паводле інфармацыі «Гомельскай Вясны», Наталля знаходзілася ў гомельскім СІЗА-3 з ліпеня.

Наталля Бачурынская шмат гадоў фатаграфавала прыроду, у першую чаргу птушак. Яе добра ведалі ў ліквідаванай уладамі арганізацыі арнітолагаў-аматараў «Ахова птушак Бацькаўшчыны».

У Беларусі — дзевяць новых палітвязняў

Праваабаронцы паведамілі пра з’яўленне дзевяці новых палітвязняў. Гэта Даніэль Ландсей-Кейта, Сяргей Гарун, Максім Леўша, Анжэла Сандалюк, Сяргей Сандалюк, Мікалай Воран, Людміла Аўтушка, Яўген Малюгін і Вадзім Карпаў.

Былога каліноўца Васіля Грачыху перавялі ў бабруйскую ПК-2

Былога байца палка Каліноўскага Васіля Грачыху перавялі ў папраўчую калонію № 2 у Бабруйску.

Пра яго затрыманне стала вядома з выпуску навінаў на дзяржаўным тэлебачанні «Беларусь 1» 5 траўня 2025 года. У прапагандысцкім роліку паказалі, як супрацоўнікі КДБ з аўтаматамі вялі мужчыну па балоцістай мясцовасці, а пасля перавозілі яго верталётам.

Падчас транспарціроўкі на галаве ў яго быў чорны мяшок, а рукі былі сцэпленыя спераду пластыкавай сцяжкай. Каліноўца даставілі верталётам на аэрадром, дзе перад пасадкай у мікрааўтобус яго паказальна апытваў на камеру Канстанцін Бычак.

Пазней Васіля Грачыху асудзілі да пяці гадоў пазбаўлення волі.

35-гадовую айцішніцу з Брэста асудзілі за «садзейнічанне экстрэмізму»

Алена Кулікова нарадзілася 26 ліпеня 1990 года ў Брэсце. Вышэйшую адукацыю яна атрымала ў Беларускім гандлёва-эканамічным універсітэце спажывецкай кааперацыі па спецыяльнасці «інфармацыйна-вылічальныя сістэмы», які скончыла ў 2014 годзе.

Пасля гэтага Алена вярнулася ў Брэст і пачала кар’еру ў IT-сферы. Амаль чатыры гады яна працавала QA-інжынерам у кампаніі Tectus Media, а апошнія пяць гадоў — аддалена ў кампаніі Kernelics на пазіцыі QA Specialist.

Алена цікавілася рок-музыкай, у прыватнасці творчасцю гурта Neverlove, пра які шмат пісала. Яна вельмі любіла катоў, ратавала іх і часта дзялілася выявамі з імі. Таксама Алена вязала цацкі для сябе і сяброў, піша «Наша Ніва».

Кулікова знікла ў чэрвені 2025 года і зноў з’явілася анлайн толькі ў канцы снежня таго ж года. Алену асудзілі ў Брэсцкім абласным судзе паводле ч. 1 і ч. 2 арт. 361-4 КК («садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»). Паводле наяўнай інфармацыі, ёй, імаверна, прысудзілі «хатнюю хімію».