Прысуды былым сілавікам і новае ў «экстрэмісцкіх» спісах. Хронікі рэпрэсій 12 студзеня
Прысуд былому міліцыянту, працяг судоў па «справе Гаюна», завочныя працэсы, ліквідацыя БелаПАН і новыя рашэнні судоў аб «экстрэмісцкіх матэрыялах» — чарговы дзень рэпрэсій у Беларусі.

Былога міліцыянта з Рагачова асудзілі за «садзейнічанне экстрэмізму»
Стала вядома, што набыў законную сілу прысуд Гомельскага абласнога суда ў дачыненні да 33-гадовага жыхара Рагачова Віктара Антушэвіча. Мужчыну асудзілі за «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці» (ч. 1 і ч. 2 арт. 361-4 КК). Верагодна, яму прызначылі пакаранне ў выглядзе «хіміі» з накіраваннем або пазбаўленне волі.
Паводле наяўнай інфармацыі, пасля заканчэння рагачоўскай сярэдняй школы № 3 Віктар Антушэвіч працаваў міліцыянтам-кіроўцам групы затрымання ў мясцовым аддзеле Дэпартамента аховы МУС. Ён таксама быў чальцом праўладнай моладзевай арганізацыі БРСМ.
Праваабаронцы «Гомельскай Вясны» паведамляюць, што Антушэвіча затрымалі ў чэрвені 2025 года.
Суды па «справе Гаюна» працягваюцца
Праваабаронцам «Вясны» вядома як мінімум пра 162 пацверджаныя фігуранты «справы Гаюна», якіх змясцілі пад варту. Пры гэтым агульная колькасць затрыманых значна большая: затрыманні працягваюцца па ўсёй Беларусі і да гэтага часу.
Таксама паведамляецца, што частку затрыманых адпускаюць да суда пад залог. Суды па «справе Гаюна» адбываюцца фактычна штодзень. У большасці выпадкаў фігурантам прызначаюць «хатнюю хімію», аднак вядома і пра прысуды з пазбаўленнем волі.
Завочную крымінальную справу супраць былога каліноўца Максіма Шабуцкага разгледзяць 26 студзеня
Завочны суд над Максімам Шабуцкім адбудзецца ў Гродне, піша @nebovkletku. Мужчыну інкрымінуюць адразу 18 артыкулаў Крымінальнага кодэкса, у тым ліку «здзек з дзяржаўных сімвалаў», «распальванне варожасці», «дыскрэдытацыю Беларусі» і «стварэнне злачыннай арганізацыі».
Раней Следчы камітэт паведамляў, што ў выніку «супрацьпраўных дзеянняў Шабуцкага» дзяржаве быў нанесены маёмасны ўрон у памеры каля 31 млн рублёў, які, паводле версіі СК, падлягае спагнанню з абвінавачанага.
Суд завяршыў ліквідацыю юрыдычнай асобы найстарэйшага прыватнага інфармацыйнага агенцтва Беларусі — БелаПАН
23 снежня Эканамічны суд Мінска паставіў кропку ў працэсе ліквідацыі заснавальніка БелаПАН — аднайменнага ЗАТ. Працэс цягнуўся амаль два гады. Суддзя Аляксандр Ханеўскі вынес пастанову «аб завяршэнні ліквідацыйнай вытворчасці».
Паводле рашэння суда, прызначаны яшчэ 23 верасня 2024 года антыкрызісны кіраўнік — індывідуальны прадпрымальнік Руслан Куліч — абавязаны «закрыць банкаўскія рахункі даўжніка да выключэння даўжніка з Адзінага дзяржаўнага рэгістра юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў на працягу пяці рабочых дзён з дня набыцця законнай сілы пастановай суда аб завяршэнні ліквідацыйнай вытворчасці».
Пастанова магла быць абскарджаная ў апеляцыйнай інстанцыі таго ж суда на працягу 15 дзён з моманту прыняцця. Інфармацыі пра тое, што ІП Куліч (копія вызначэння была накіраваная толькі яму) скарыстаўся гэтым правам, няма, піша «Позірк».
Былога намесніка кіраўніка турэмнай сістэмы Беларусі разам з жонкай асудзілі за ўдзел у пратэстах
Справу Сяргея і Анжэлы Сандалюк разглядалі напрыканцы 2024 года ў судзе Кастрычніцкага раёна Мінска. Ім прад’явілі абвінавачанне ў «актыўным удзеле ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак» (ч. 1 арт. 342 КК).
Паводле інфармацыі dissidentby, Анжэле Сандалюк прызначылі два гады пазбаўлення волі. Які тэрмін атрымаў яе муж, пакуль невядома.
Сяргей Сандалюк раней займаў пасаду намесніка начальніка Дэпартамента выканання пакаранняў МУС — структуры, якая кіруе ўсёй пенітэнцыярнай сістэмай Беларусі: турмамі, калоніямі, СІЗА і іншымі папраўчымі ўстановамі.
Палітзняволенага юрыста, які стаў геймдызайнерам, асудзілі да трох гадоў калоніі па «справе Гаюна»
Валянцін Тоўкач нарадзіўся ў Мінску ў 1996 годзе. Ён скончыў юрыдычны факультэт БДУ, дзе вывучаў гаспадарчае права, а пазней атрымаў ступень магістра ў Ягелонскім універсітэце ў Кракаве па спецыяльнасці «Інтэлектуальная ўласнасць і новыя тэхналогіі».
Кар’еру Валянцін пачынаў у Нацыянальным цэнтры інтэлектуальнай уласнасці, дзе прадстаўляў інтарэсы арганізацыі ў Вярхоўным судзе. Пазней працаваў юрыстам у IT-кампаніі Brightum, займаючыся прававым суправаджэннем фінтэх-праектаў і крыптавалютных стартапаў, піша «Наша Ніва».
З пачатку 2023 года ён працаваў геймдызайнерам у пецярбургскай студыі Lesta Games над праектам World of Warships, а з ліпеня 2024 года — у Gear Games, дзе займаўся развіццём мабільнай стратэгіі Art of War 3.
Валянціна судзілі ў Мінскім гарадскім судзе па абвінавачанні ў «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці» (ч. 1 і ч. 2 арт. 361-4 КК). Паводле інфармацыі «Вясны», яму прысудзілі тры гады калоніі.
Арт-менеджэра Алега Ларычава затрымалі па крымінальнай справе
Праваабаронцам стала вядома пра затрыманне арганізатара фестывалю Urban Myths, грамадскага дзеяча і стрыт-арт-мастака Алега Ларычава. Паводле папярэдняй інфармацыі, мужчыну затрымалі напрыканцы лістапада, а ў снежні перавялі ў СІЗА ў межах палітычна матываванай крымінальнай справы. Падрабязнасці высвятляюцца.
Раней Алега Ларычава затрымлівалі ў 2022 годзе — тады яму прызначылі 15 сутак адміністрацыйнага арышту.
Мінінфарм папоўніў Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў
Паводле рашэння суда Пінскага раёна і горада Пінска ад 5 студзеня 2026 года ў Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў уключылі два Telegram-каналы незалежнага анлайн-выдання Reform.news:
«REFORM.news :: Самое интересное» (t.me/rfrm_io) і
«Reform.news :: Культурный фронт» (t.me/cult_front).
Іншыя інтэрнэт-рэсурсы гэтага медыя раней ужо прызнаваліся «экстрэмісцкімі», піша БАЖ.
Рашэннем таго ж суда ад 5 студзеня 2026 года «экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй» прызналі кантэнт YouTube-канала «Тэлебудка» (youtube.com/channel/UCpu2cliTqM2mwVBwiVq04Dg) і акаўнт telebudkaby у Instagram (instagram.com/telebudkaby). Гэтыя рэсурсы належаць культурніцкаму актывісту і рэдактару партала «Тузін Гітоў» Сяргею Будкіну, на іх публікуюцца інтэрв’ю з вядомымі беларусамі.
Акрамя таго, 5 студзеня 2026 года суд Пінскага раёна і горада Пінска прызнаў «экстрэмісцкай» старонку «Про Инфо» ў сацыяльнай сетцы «ВКонтакте» (vk.com/proinfoby). Гэта старонка з навінамі Лунінецкага раёна, якая мела ўсяго шэсць падпісчыкаў і не абнаўлялася з лютага 2024 года.
6 студзеня 2026 года суд Рэчыцкага раёна Гомельскай вобласці прызнаў «экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй» старонку belarusnovosti2 у TikTok (tiktok.com/@belarusnovosti2?_r=1&_t=ZM-91MkICQL0Jv). Рэсурс публікуе беларускія навіны, не звязаныя з дзяржаўнымі тэлеканаламі, і мае больш за 59 тысяч падпісчыкаў. «Экстрэмісцкім» яго прызналі ўжо другі раз — упершыню гэта адбылося 31 ліпеня 2025 года паводле рашэння суда Кастрычніцкага раёна Мінска.