Новыя прозвішчы ў «спісе экстрэмістаў» і рубель ад СК для былога палітвязня. Хронікі рэпрэсій 9 студзеня
У жаночай калоніі № 4 у Гомелі «палітычных» прымусілі пісаць распіскі, МУС пашырыла «спіс экстрэмістаў», а журналіста Ігара Карнея выклікаюць у СК — каб забраць 1 рубель.

У жаночай калоніі № 4 у Гомелі ў канцы снежня 2025 года адміністрацыя прымусіла ўсіх «палітычных» зняволеных напісаць распіскі пра тое, што пасля вызвалення яны ніколі не будуць «займацца экстрэмісцкай дзейнасцю», піша «Гомельская Вясна».
Пакуль невядома, з чым гэта можа быць звязана. Прынамсі, раней такога ў калоніі не было. Як распавядаюць былыя зняволеныя гэтай калоніі, падобныя распіскі часам прымушалі пісаць тых, хто ўжо вызваляўся. Але каб усіх, хто стаіць на так званым «спецуліку» як «датычныя да экстрэмісцкай дзейнасці», прымушалі падчас адбывання тэрміну пісаць такія дакументы, зняволеныя не прыгадваюць.
У «Спіс экстрэмістаў» дадалі яшчэ 26 прозвішчаў — цяпер у ім 6175 чалавек
9 студзеня МУС абнавіла «Пералік грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці».
Сярод іншага, у спіс уключылі вызваленую па памілаванні Марыю Батальёнак — пры гэтым у дакуменце МУС пазначана, што яна «адбывае пакаранне».
Апошнюю версію спіса публікуе «Вясна».
Вывезенага з Беларусі журналіста Ігара Карнея запрашаюць вярнуцца ў Мінск, каб забраць рубель у Следчым камітэце
Пра гэта былы палітвязень напісаў на сваёй старонцы ў Facebook:
«Могуць жа парадаваць, калі захочуць). Следчы камітэт запрашае ў сваё менскае ўпраўленне, каб я мог забраць па ведамасці… 1 рубель. Не, ніякая не апіска: не 1000, не 100 і нават не 10. А менавіта 1!
Гэта ж зусім мяняе справу! Пасля таго як нагрузкай да асноўнага тэрміну ў якасці дадатковага пакарання ўляпілі 20 тысяч рублёў матэрыяльнай кампенсацыі, як карпатліва падлічылі страты «супрацьзаконнага ўзбагачэння» ад журналісцкай дзейнасці, як постфактум выставілі рахунак за каланіяльную робу і спажыты корм, як выкарыстоўвалі бясплатную нявольніцкую працу на пілараме ды медалупні — і раптам прызнаць памылку ў падліках! Такое пасыпанне попелам дарагога вартае)».