Завочныя суды, вызваленне палітвязня і новыя забароны ў калоніях. Хронікі рэпрэсій 8 студзеня
Завочны суд над «каліноўцамі», вызваленне блогера Паўла Спірына, новыя патрабаванні палітычнай лаяльнасці ў банкаўскай сферы і чарговыя сведчанні жорсткага абыходжання са зняволенымі — кароткі дайджэст падзей у Беларусі.

Напрыканцы месяца завочна пачнуць судзіць пяць «каліноўцаў»
Гаворка ідзе пра Вадзіма Кабанчука, Паўла Шурмея, Аляксея Кавальчука, Аляксея Назарава і Дзяніса Прохарава. Разгляд іх справы пачнецца 28 студзеня ў Мінскім гарадскім судзе.
Фігурантам інкрымінуюць шэраг артыкулаў Крымінальнага кодэксу, у тым ліку «акт тэрарызму», «распальванне варожасці» і «дыскрэдытацыю Рэспублікі Беларусь».
Выйшаў на волю палітвязень і блогер Павел Спірын — ён правёў за кратамі больш за пяць гадоў
Павел Спірын — беларускі палітычны блогер. Падчас прэзідэнцкіх выбараў 2020 года ён заявіў пра намер балатавацца, аднак Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі яго ініцыятыўнай групы. Пазней Спірын стаў даверанай асобай кандыдаткі ў прэзідэнты Святланы Ціханоўскай.
Яго затрымалі 9 верасня 2020 года пасля выхаду новага відэароліка. Пазней Паўла асудзілі да 4,5 года пазбаўлення волі.
Тэрмін зняволення мусіў скончыцца ў снежні 2024 года, аднак па ініцыятыве адміністрацыі бабруйскай калоніі № 2 супраць палітвязня ўзбудзілі новую крымінальную справу — паводле ч. 1 арт. 411 КК («злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі»). Яму пагражала падаўжэнне зняволення яшчэ на год.
Напрыканцы 2025 года Павел Спірын цалкам адбыў тэрмін і выйшаў на волю.
Атэстацыю ў Нацбанку цяпер змогуць прайсці толькі «палітычна лаяльныя» банкіры
Нацыянальны банк Беларусі падчас атэстацыі пачне ўлічваць палітычную лаяльнасць банкаўскіх работнікаў. Рэгулятар унёс змены ў інструкцыю аб парадку ацэнкі адпаведнасці кваліфікацыйным патрабаванням і патрабаванням да дзелавой рэпутацыі.
Цяпер на дзелавую рэпутацыю будуць уплываць не толькі прафесійныя якасці. Атэстацыю, верагодна, не змогуць прайсці тыя, хто ўдзельнічаў у пратэстах або пакідаў «няправільныя» каментары ў інтэрнэце, піша «Наша Ніва».
З 2020 года ў Беларусі ліквідавалі не менш за 1990 НКА — Lawtrend
На канец снежня 2025 года ў працэсе прымусовай ліквідацыі знаодзілася як мінімум 1220 некамерцыйных арганізацый. Не менш за 99 НКА былі ліквідаваныя праз суд. Рашэнне аб самастойнай ліквідацыі прынялі не менш за 770 арганізацый.
Гэтыя звесткі змяшчаюцца ў новым аглядзе праваабарончай арганізацыі Lawtrend.
Паводле праваабаронцаў, турэмныя тэрміны працягваюць адбываць як мінімум тры прадстаўнікі праваабарончых арганізацый, дзясяткі прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці, рэлігійных арганізацый, 19 прадстаўнікоў прафсаюзаў і працоўнага руху.
Палітвязень за кратамі атрымаў інваліднасць пасля збіцця падчас затрымання
У 2024 годзе Мінскі гарадскі суд асудзіў трох былых супрацоўнікаў мытнай службы, у тым ліку за «здраду дзяржаве». Яўгену Гурыновічу прысудзілі 13,5 года зняволення, Віктару Новіку — 13 гадоў, Уладзіміру Журомскаму — 12 гадоў.
Раней праваабаронцы «Вясны» паведамлялі, што з-за сур’ёзных праблем са здароўем Яўгена Гурыновіча судзілі непасрэдна ў СІЗА-1 на Валадарскага.
Як паведамляе ініцыятыва dissidentBY,былога мытніка жорстка збілі падчас затрымання. У выніку ён доўгі час не мог хадзіць, карыстаўся інвалідным вазком і мыліцамі.
«Ён доўгі час не мог хадзіць, быў вымушаны карыстацца інвалідным вазком і мыліцамі. Боль быў настолькі моцны, што яго неаднаразова змяшчалі ў бальніцу ў Калядзічах. Яўген вельмі дрэнна сябе адчуваў і мог проста ўпасці на падлогу без магчымасці самастойна падняцца».
У бабруйскай папраўчай калоніі № 2 з новага года забаранілі перадаваць крэмы для рук і твару
З прычыны рэзкага пахаладання ў асуджаных, якія адбываюць пакаранне ў ІК-2 і працуюць у прамысловай зоне, з’явіліся сур’ёзныя праблемы са скурай рук — у некаторых да крывацечных трэшчынаў. Неабходных сродкаў догляду ў зняволеных няма, паведамляе MAYDAY.TEAM.
Адміністрацыя калоніі сцвярджае, што асуджаныя могуць набыць сродкі гігіены падчас «атаваркі» ў турэмнай краме, аднак сума грошай, даступная для гэтых мэтаў, абмежаваная. Пры гэтым у перадачах цяпер дазволена перадаваць толькі крэмы для галення.
Падобныя праблемы з абмаражэннем рук фіксуюцца і ў магілёўскай ПК-15 пасля ўзмацнення маразоў.