Каляды за кратамі, «экстрэмісцкія» старонкі і новыя «тэрарысты». Хронікі рэпрэсій 5 студзеня
Ліст Дзяніса Івашына з-за кратаў, статыстыка «экстрэмісцкага» спісу ў Беларусі за 2025 год і чарговае папаўненне «тэрарыстычнага спісу» — галоўнае за дзень.

Палітзняволены журналіст-расследавальнік Дзяніс Івашын у лісце да блізкіх распавёў, як адзначыў Каляды за кратамі. Пра гэта напісала жонка вязня Вольга Івашына.
«Каляды я сустрэў з прыгожаю (як мне падаецца) ялінкаю-хваінкаю. Гэтым разам яна атрымалася ў мяне занадта пухмянаю, тоўсценькаю. З вялікаю Батлеемскаю зоркаю. Пакункі з дарункамі пад ёю я яшчэ не намаляваў. Але і гэтак зразумела, на які дарунак мы найбольш чакаем. Яго не загарнеш у святочную абгортку з прыгожымі бантамі. Вельмі спадзяюся, што наступная ялінка будзе насамрэч жывою і ставіць яе мы ўжо будзем разам. Давядзецца, праўда, яшчэ набываць упрыгожванні, але ж гэта прыемны працэс. Бо калядная ялінка мусіць быць выключна жывой».
Што ў 2025 годзе ў Беларусі прызнавалі «экстрэмісцкімі матэрыяламі»?
Праваабаронцы «Вясны» падсумавалі «экстрэмісцкія» вынікі года.
На канец 2025 года «Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў» у Беларусі налічваў ужо 1928 старонак. Паводле інфармацыі «Вясны», усяго ў краіне прызналі 8172 матэрыялы «экстрэмісцкімі», з іх 2107 — у 2025 годзе.
У 2025 годзе «экстрэмісцкімі» прызналі:
- 469 Telegram-каналаў і чатаў;
- 411 Instagram-старонак;
- 319 TikTok-акаўнтаў;
- 222 старонкі і суполкі ў Facebook;
- 143 старонкі і суполкі ў VK;
- 118 YouTube-старонак;
- 99 старонак і суполак у «Аднакласніках»;
- 21 старонку ў X;
- 4 старонкі ў Viber.
У прыватнасці, «экстрэмісцкімі матэрыяламі» былі прызнаныя старонкі музычнага гурта Naviband, Telegram-канал Беларускага ПЭНа, больш за 100 Telegram-стыкераў, старонка сайта «Вясны» са спісам беларускіх палітвязняў, кнігі і часопісы, сайт Канферэнцыі міжнародных няўрадавых арганізацый, старонкі палітвязняў і былых палітзняволеных, краўдфандынгавы праект Gronka, Instagram-старонка citydog_by, старонка ў Threads «Медиазона. Беларусь», YouTube-канал Delfi Литва, партал «Медыя-Палессе», TikTok pozirk_online ды іншыя.
Жыхара Гродна Сяргея Цвікевіча ўнеслі ў «спіс тэрарыстаў»
5 студзеня жыхара Гродна Сяргея Леанідавича Цвікевіча ўключылі ў «спіс тэрарыстаў». Раней яго ўжо ўнеслі ў «спіс экстрэмістаў», піша ТГ-канал Право имеют.
Цвікевіча судзілі ў Гродзенскім абласным судзе паводле двух артыкулаў:
— «заклікі да прычынення шкоды Рэспубліцы Беларусь» (ч. 3 арт. 361 КК);
— «распальванне варожасці» (ч. 1 арт. 130 КК).