Сямейную пару асудзілі на шалёныя тэрміны. Хронікі рэпрэсій 13 студзеня
У Беларусі працягваюцца жорсткія рэпрэсіі. Сямейную пару з Берасцейшчыны асудзілі на дзесяцігоддзі зняволення і ўнеслі ў «спіс тэрарыстаў», не менш за 115 палітвязняў перавялі на турэмны рэжым, а «спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў» зноў папоўніўся старонкамі ў сацсетках.

Сямейную пару з Берасцейшчыны асудзілі на шалёныя тэрміны за сувязь з Украінай
Праваабаронцам стала вядома, што Дзмітрыя і Вольгу Капузаў асудзілі на 24 і 21 год пазбаўлення волі адпаведна. Акрамя гэтага, сямейную пару ўнеслі ў «спіс тэрарыстаў». Сужэнцаў абвінавачвалі ў «тэрарызме» і «незаконных дзеяннях з боепрыпасамі».
Дзмітрыя і Вольгу затрымалі ў студзені 2024 года. Пасля затрымання іх паказалі ў прапагандысцкім відэароліку, у якім сцвярджалася, што яны нібыта супрацоўнічалі са спецслужбамі Украіны.
У тым жа відэа было відаць, што Дзмітрыю пры затрыманні прастрэлілі сцягно, а пазней яго паказалі ўжо на мыліцах. Паводле праваабаронцаў, брата Дзмітрыя адразу пасля затрымання супрацоўнікі КДБ збівалі па галаве.
Не менш за 115 палітвязняў перавялі на турэмны рэжым
Праваабаронцам вядома як мінімум пра 115 палітвязняў, якіх перавялі на турэмны рэжым, а таксама пра яшчэ 73 чалавекі, асуджаныя паводле артыкула 411 Крымінальнага кодэкса.
Нават пасля этапавання ў калоніі ціск на палітвязняў не спыняецца. Іх пазбаўляюць званкоў, спатканняў і перадач, змяшчаюць у штрафны ізалятар (ШІЗА) або памяшканне камернага тыпу (ПКТ). На зняволеных масава «вешаюць» парушэнні, якія становяцца падставай для пераводу на турэмны рэжым або для ўзбуджэння новых крымінальных спраў паводле арт. 411 КК («злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы»).
Чарговае папаўненне «Спіса экстрэмісцкіх матэрыялаў»
У «Спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў» дадалі наступныя рэсурсы:
– старонкі ў Instagram «vitaliovitalini», «jak_toi_rerzha Vital Nazarevic Artist (Выцiнанка Papercut)», «valerykavaleuski»;
– старонку ва «Укантакце» «Vital Nazarevic / Выцiнанка Papercut»;
– старонкі ў «Х» «People's Embassy of Belarus in Lithuania», «Embaixada Popular de Belarus no Brasil»;
– старонку ў Facebook «Беларусы Любина, Легницы и ближайших окрестностей».
МАРГ знайшло «экстрэмісцкую сімволіку» на замежных інтэрнэт-пляцоўках
Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю Беларусі заявіла, што выявіла на папулярных замежных інтэрнэт-пляцоўках «экстрэмісцкую сімволіку». Гаворка ідзе пра нацыянальную беларускую сімволіку.
Ведамства паведаміла, што звярнулася з гэтай нагоды да сілавых структур і Міністэрства інфармацыі.
Стала вядома пра прысуд вяскоўцу з-пад Гомеля, рэпрэсаванаму ў 2023 годзе
З’явілася інфармацыя пра прысуд жыхару вёскі Пакалюбічы Гомельскага раёна Вячаславу Гацману, якога жорстка затрымалі яшчэ ў кастрычніку 2022 года. Суд над ім адбыўся толькі ў чэрвені 2023 года, піша «Гомельская Вясна».
Вячаслава Гацмана абвінавацілі адразу па чатырох артыкулах: «распальванне варажнечы» (ч. 1 арт. 130 КК), «рэабілітацыя нацызму» (ч. 1 арт. 130-1 КК), «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці» (ч. 1 і 2 арт. 361-4 КК) і «абраза Лукашэнкі» (ч. 1 арт. 368 КК). Судовы працэс быў закрытым, таму пра прысуд стала вядома толькі цяпер.
У верасні 2023 года Міністэрства ўнутраных справаў уключыла імя Вячаслава Кацмана ў «Пералік асобаў, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці». Паводле інфармацыі ініцыятывы dissidentby, суддзя Анатоль Сотнікаў прысудзіў яму 3,5 года пазбаўлення волі ва ўмовах агульнага рэжыму.