Новыя палітвязні, «чорныя спісы» і крымінальныя справы за данаты. Хронікі рэпрэсій 15 студзеня
У Беларусі яшчэ 14 чалавек абвешчаны палітвязнямі, абноўлены «чорны спіс» музыкаў для караоке, а праваабаронцы паведамляюць пра сотні людзей у асаблівай рызыцы за кратамі. Таксама стала вядома пра арышт судовага эксперта і прызнанне буйных медыя-рэсурсаў «экстрэмісцкімі».

У Беларусі — 14 новых палітвязняў
Праваабаронцы паведамілі пра папаўненне спісу палітвязняў яшчэ на 14 чалавек. Імі сталі Алена Змушко, Ілля Дзіндзікаў, Дзмітрый Ільюхін, Алег Ларычаў, Дзмітрый Карнейчык, Вераніка Міронцава, Лукер’я Міронцава, Андрэй Стасюкевіч, Аляксандр Чумакоў, Анастасія Грыцкевіч, Максім Собалеў, Сяргей Манжас, Сямён Малашэнкаў і Наталля Бачурынская.
Lady Gaga, Rammstein і Іскуі Абалян. У Беларусі абнавілі «чорны спіс» музыкаў для караоке
У рэдакцыю CityDog трапіў спіс выканаўцаў, чые песні было забаронена выконваць у беларускіх караоке-барах у 2025 годзе. У дакуменце 160 пазіцый — у ім фігуруюць беларускія, украінскія, еўрапейскія, амерыканскія і расійскія артысты, піша CityDog.
Мяркуючы па прозвішчах у спісе, логіка адбору не абмяжоўваецца пазіцыяй выканаўцаў адносна вайны ва Украіне або падзеяў 2020 года ў Беларусі.
Як сцвярджае крыніца CityDog, дакумент яму выдалі ў адным з беларускіх упраўленняў культуры. Сапраўднасць спіса пацвердзілі яшчэ дзве незалежныя адна ад адной крыніцы.
Не менш за 163 палітвязні — у асаблівай рызыцы
Па стане на 15 студзеня праваабаронцам вядома як мінімум пра 163 палітвязняў, якія знаходзяцца за кратамі ў асаблівай рызыцы. Сярод іх:
— 56 чалавек у цяжкім стане фізічнага здароўя;
— 34 чалавекі ў складаных сямейных абставінах: гэта адзінокія і шматдзетныя бацькі, а таксама сем’і, дзе абодва бацькі знаходзяцца за кратамі;
— 26 сталых людзей, чый узрост перавышае 60 гадоў (шмат хто з іх таксама мае сур’ёзныя праблемы са здароўем);
— 9 чалавек з ментальнымі разладамі;
— 7 чалавек з інваліднасцю.
У гэтую лічбу ўваходзяць таксама палітвязні, якія падвяргаюцца дыскрымінацыі па розных падставах. У прыватнасці, гаворка ідзе пра інкамунікада — калі зняволеныя пазбаўленыя сувязі з роднымі і адвакатамі, а таксама пра людзей, якіх не выпускаюць на волю, нягледзячы на тое, што тэрмін іх пакарання ўжо скончыўся.
Судовага эксперта арыштавалі за данаты і «здраду дзяржаве»
Юрый Васілеўскі скончыў Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт. Ён працаваў у БНТУ спачатку асістэнтам кафедры, а пасля выкладчыкам і старшым выкладчыкам кафедры электразабеспячэння. Васілеўскі — аўтар шэрагу навуковых артыкулаў і метадычных дапаможнікаў.
З 2017 года ён уключаны ў Рэестр судовых экспертаў. Яго спецыялізацыя — судовая будаўніча-тэхнічная экспертыза. У рэестры таксама пазначаныя месцы працы Юрыя Васілеўскага: «Эксперт Максімум», «ПравітЭксперт», а таксама БНТУ — па сумяшчальніцтве.
Пасля арышту Васілеўскага ўтрымлівалі ў СІЗА КДБ. Яго абвінавачвалі ў данатах і «здрадзе дзяржаве».
Чым скончылася крымінальная справа, пакуль невядома, піша «Наша Ніва».
Буйны Telegram-канал «Быть Или» прызналі «экстрэмісцкім»
Telegram-канал «Быть Или», на які падпісаныя больш за 300 тысяч чалавек, прызналі «экстрэмісцкім». Аналагічны статус атрымалі звязаныя з ім Telegram-боты, старонка на YouTube з аўдыторыяй больш за мільён падпісчыкаў, а таксама платформа Patreon.
Адпаведнае рашэнне было прынята судом Ленінскага раёна Гродна 12 студзеня.
Акрамя таго, «экстрэмісцкі» спіс папоўнілі старонкі ў Facebook «Политическая партия “Правда и Справедливость”», «Belarusy of Canada / Беларусы Канады», «Белорусы в Польше | Bialorusini w Polsce», «Беларусы i Грузiя. Наш сцяг бела-чырвонабелы, наша мова беларуская», а таксама старонка ў TikTok «tot_kto_ne_molchit».