Новае «экстрэмісцкае фармаванне», прысуд бізнэсоўцу і канвеер «справы Гаюна». Хронікі рэпрэсій 2 лютага

 Беларускія ўлады працягваюць маштабны рэпрэсіўны ціск: КДБ прызнае новыя «экстрэмісцкія фармаванні», суды выносяць прысуды прадпрымальнікам, сілавікі ўзмацняюць пераслед ЛГБТК+ супольнасці, а «справа Беларускага Гаюна» застаецца адной з самых масавых і працяглых рэпрэсіўных кампаній.

1_1097_1.png

У Беларусі новае «экстрэмісцкае фармаванне» — арганізацыя «Ліхтар»

Адпаведнае рашэнне было прынятае КДБ 28 студзеня.

Паводле ведамства, дачыненне да арганізацыі маюць Аляксей Грахоўскі, Ілля Міхневіч і Віктар Баранаў. У сацыяльных сетках праекту «Ліхтар» пазначана, што гэта «беларуская моладзевая арганізацыя».

Бізнэсоўца з Брэста асудзілі за «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»

Андрэю Рыжуку 36 гадоў. Ён родам з Брэста, але вучыўся ў Мінску, дзе ў 2012 годзе скончыў факультэт экалагічнай медыцыны Міжнароднага дзяржаўнага экалагічнага інстытута імя Сахарава.

У Брэсце мужчына займаўся бізнэсам: з нулявых гадоў працаваў у вядомай бургернай Harvee — спачатку намеснікам дырэктара, а пасля дырэктарам. У 2018 годзе Рыжук адкрыў уласны бізнэс — кафэ WOK, якое стала першай у Брэсце кропкай з локшынай у каробачках.

Пазней прадпрымальнік пераехаў у Мінск і працягваў бізнэс там. Ён таксама цікавіўся крыптавалютамі, дзяліўся ў сацсетках прагнозамі курсаў біткойна, шмат падарожнічаў — у тым ліку распавядаў пра паездкі на Тэнэрыфэ, піша «Наша Ніва».

Прысуд вынес Брэсцкі абласны суд. Андрэя Рыжука прызналі вінаватым паводле ч. 1 і ч. 2 арт. 361-4 КК (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці). Верагодна, яму прызначылі абмежаванне волі («хімію») або пазбаўленне волі.

У Беларусі ўзмацніліся дыскрымінацыйныя і рэпрэсіўныя меры супраць ЛГБТК+ супольнасці

Арганізацыя TG House паведаміла пра ўзмацненне дыскрымінацыйных і рэпрэсіўных мер у дачыненні да ЛГБТК+ людзей у Беларусі ў 2025 годзе, піша «Медыязона».

Паводле справаздачы, сілавыя структуры праводзілі рэйды на закрытыя культурныя мерапрыемствы, што суправаджалася выбарчымі затрыманнямі ЛГБТК+ людзей, праверкамі і допытамі. Фіксаваўся рост схаваных форм пераследу: падстаўныя спатканні праз дейтынг-прыкладанні, «прафілактычныя» допыты, ціск на родных, доксінг і спробы схіліць да супрацоўніцтва.

Асобна адзначаецца пагаршэнне становішча трансгендарных людзей.

У жніўні–кастрычніку 2025 года сілавікі аказвалі ціск на сям’ю трансмужчыны, які раней з’ехаў ад рэпрэсій у Францыю: ягоным бацькам тэлефанавалі, патрабавалі кантакты і месцазнаходжанне, прыходзілі па месцы былой рэгістрацыі і апытвалі суседзяў.

У жніўні–лістападзе 2025 года сілавікі неаднаразова прыходзілі да бацькоў трансмаскуліннай небінарнай асобы — прасіцеля прытулку ў Польшчы. У жніўні ў бацькоў правялі вобшук, у кастрычніку стала вядома, што ў РФ чалавек абвешчаны ў вышук.

Поўны даклад.

Што вядома пра «справу Гаюна» праз год пасля ўзлому праекту

Пра тое, што да сілавікоў маглі трапіць персанальныя звесткі інфарматараў праекту «Беларускі Гаюн», стала вядома 5 лютага 2025 года. За год праваабаронцам стала вядома пра больш як 150 арыштаваных, але рэальная лічба можа быць у разы большай, піша Радыё Свабода.

Праект быў закрыты пасля прызнання заснавальнікам Антонам Матолькам уласнай памылкі, што прывяла да ўзлому. Першы затрыманы — 42-гадовы рабочы Мазырскага НПЗ Максім Нікіценка, якога абвінавацілі ў «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці».

Паводле звестак на люты 2026 года, праваабаронцам вядомыя як мінімум 163 фігуранты «справы Гаюна», але рэальны маштаб можа складаць 5–10% ад агульнай колькасці рэпрэсаваных.

Праваабаронцы называюць «справу Беларускага Гаюна» адной з самых маштабных рэпрэсіўных кампаній рэжыму Лукашэнкі, саступае яна толькі пераследу за ўдзел у пратэстах 2020 года. Арышт і суды працягваюцца, а агульную колькасць ахвяр ацэньваюць нават у 1500 чалавек.