Сведчанні былой палітзняволенай пра катаванні, завочныя суды і ціск у калоніях. Хронікі рэпрэсій 5 лютага

 Былыя палітвязні распавядаюць пра катастрафічныя наступствы няволі для здароўя, улады рыхтуюць новыя завочныя суды, а ў калоніях узмацняецца ціск на зняволеных. 

1_1097_1.png

Галіна Дзербыш: «Калі б засталася там — я б не выйшла жывой»

Галіна Дзербыш была асуджаная па «справе Аўтуховіча» на 20 гадоў пазбаўлення волі. Праз пяць гадоў няволі жанчыну вызвалілі і дэпартавалі з Беларусі. У інтэрв’ю «Нашай Ніве» яна распавяла, што ў выпадку, калі б засталася за кратамі, да вызвалення не дажыла б.

«Праблемы са здароўем пачаліся яшчэ ў гродзенскай турме, — кажа жанчына. — У мяне анкалогія ў анамнезе, мне нельга знаходзіцца на сонцы, але мяне выводзілі на прагулкі ў самы пік спёкі. За адмову пагражалі карцарам. Аднойчы я страціла прытомнасць, упала — у мяне зламаўся і пачаў гніць зубны мост. У калоніі мне пяць гадоў не аказвалі медыцынскай дапамогі.

Потым другі зубны мост расцэментаваўся — я прасіла дапамогі. Мне адказвалі: няма матэрыялаў. Я казала, што дачка можа перадаць. Мне адказвалі: “Нельга. Вы палітычная”. Зубы разбураліся, пачаўся гаймарыт, з’явіўся гнойны мяшок. Увесь левы бок галавы балеў пастаянна. Я разумела: гэта канец.

Калі мяне вывезлі ў Варшаву, дактары былі шакаваныя. У мяне было 70% абязводжвання, інфекцыя ад гнойнага мяшка ўжо падступалася да мозгу. Паводле заключэння польскіх дактароў, мне заставалася жыць два-тры месяцы, не больш».

У сярэдзіне лютага завочна пачнуць судзіць 40-гадовага Дзмітрыя Баніту

Мужчыну абвінавачваюць паводле пяці артыкулаў Крымінальнага кодэкса:

— ч. 1 арт. 130 (распальванне іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы),

— арт. 369 (абраза прадстаўніка ўлады),

— арт. 364 (гвалт у дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі),

— арт. 188 (паклёп),

— арт. 203-1 (незаконныя дзеянні ў дачыненні да інфармацыі аб прыватным жыцці і персанальных даных).

Справу Дзмітрыя Баніты плануюць разглядаць 16 лютага ў Брэсцкім абласным судзе.

Супраць Станіслава Прыгодзіча і Аляксандра Зубрыка распачалі спецвытворчасць

Улады распачалі спецыяльную працэдуру ў дачыненні да Станіслава Прыгодзіча і Аляксандра Зубрыка — іх збіраюцца судзіць завочна.

31-гадоваму Станіславу Прыгодзічу інкрымінаваныя:

— ч. 1 арт. 130 КК (распальванне варожасці),

— ч. 3 арт. 361-1 КК (стварэнне экстрэмісцкага фармавання або ўдзел у ім),

— ч. 1 арт. 368 КК (абраза Лукашэнкі),

— арт. 369 КК (абраза прадстаўніка ўлады),

— арт. 369-1 КК (дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь).

28-гадоваму Аляксандру Зубрыку інкрымінаваныя:

— ч. 1 арт. 130 КК (распальванне варожасці),

— ч. 2 арт. 342 КК (актыўны ўдзел у дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак),

— ч. 1 арт. 368 КК (абраза Лукашэнкі),

— арт. 369 КК (абраза прадстаўніка ўлады),

— арт. 370 КК (здзек з дзяржаўных сімвалаў).

Абодвух мужчын публічна заклікаюць вярнуцца ў Беларусь і з’явіцца ва ўпраўленне Следчага камітэту.

Вайскоўца з роты ганаровай варты асудзілі па палітычнай справе

Максім Сямітка нарадзіўся 8 студзеня 1995 года. Родам ён з Гомельшчыны: вучыўся ў школе № 2 у Нароўлі, пазней жыў у Мазыры і Калінкавічах.

Падчас прызыву ў армію Сямітка трапіў у элітнае падраздзяленне — роту ганаровай варты, якая ўдзельнічае ва ўрачыстых мерапрыемствах дзяржаўнага ўзроўню.

Пасля службы ў войску Максім пайшоў працаваць у міліцыю. З ліпеня 2016 года ён служыў у Дэпартаменце аховы МУС, быў міліцыянерам-кіроўцам у спецыяльным батальёне, які займаецца аховай дыпламатычных прадстаўніцтваў. У 2019 годзе атрымаў званне старшага сяржанта міліцыі.

Дакладна невядома, дзе ён працаваў апошнім часам, піша «Наша Ніва».

Апошні раз Максім быў анлайн ва «УКантакце» 23 лютага 2025 года. Яго асудзілі ў Віцебскім абласным судзе паводле ч. 1 і ч. 2 арт. 361-4 КК (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці). Верагодна, Сямітку прысудзілі «хімію» з накіраваннем або пазбаўленне волі ў калоніі.

У «Воўчых норах» палітвязняў масава адпраўляюць у ШІЗА

Пра масавыя змяшчэнні палітвязняў у штрафны ізалятар стала вядома праваабаронцам.

Раней паведамлялася, што ў івацэвіцкай папраўчай калоніі № 22 («Воўчыя норы») узмацніўся ціск на палітычных зняволеных. Ім пачалі масава выпісваць парушэнні па надуманых прычынах, надаваць статус «злосных парушальнікаў рэжыму», а таксама адпраўляць у ШІЗА.

Паводле інфармацыі «Вясны», у «Воўчых норах» адбываюць пакаранне як мінімум 59 палітвязняў.