«Як у Готэме, толькі без Бэтмэна». Навошта Лукашэнка ладзіць штучныя блэкаўты ў краіне

«Цемра, якая прыйшла з Міжземнага мора, накрыла ненавідзімы пракуратарам горад…». Не, гэта не новы пераклад знакамітага рамана Булгакава на беларускую мову. Так мінчукі каментуюць новы капрыз Лукашэнкі — па гадзінах адключаць асвятленне ў краіне.

temnota05_1.jpg

Наш народ не перамагчы — гэта не толькі ў 2020-м мы заўважылі. Кожнае абсурднае ўказанне Лукашэнкі нашымі людзьмі ператвараецца ў мемы і жарты. Раней яны «распраналіся і працавалі», а ў сувязі з новым рэжымам асвятлення не толькі цытуюць Булгакава.

Некаторыя захапляюцца: у Мінску зоркі стала відаць, як у бабулі ў вёсцы! Глядзіце, якая прыгажосць! Некаторыя параўноўваюць цемру на вуліцах з Готэмам і чакаюць з'яўлення Бэтмэна. А некаторыя намякаюць, што адсутнасць асвятлення прывядзе да ўсплёску нараджальнасці. Праўда, нібыта не сезон ГЭТЫМ займацца на вуліцы, але ўсё ж, напэўна, магчыма.

Самае галоўнае пытанне, вядома ж — навошта? Не, не навошта Лукашэнка загадаў адключыць электрычнасць, а ўрад яго паслухаўся. Навошта мы будавалі нашу Беларускую АЭС у колькасці ажно двух энергаблокаў? Для таго, каб потым эканоміць электраэнергію? А калі мы пабудуем яшчэ адну АЭС, як таго хоча Лукашэнка, «Расатам» і некаторыя людзі ва ўрадзе, што будзе? Электрычнасць будзе падавацца ў дамы па графіку, як ва Украіне?

Увогуле, на гэтым тыдні паралеляў ў нашай паўночнай суседкай, ахопленай вайной, вельмі багата. Лукашэнка 15 гадоў пытаўся ў нас: «Вы што, хочаце, як ва Украіне? Хочаце, каб была вайна?» «Не, вядома ж, не хочам», — адказвалі беларусы і «галасавалі» за Лукашэнку. А ў выніку чалавек з пасінелымі пальцамі наладзіў нам усё менавіта так, як ва Украіне: і ў вайну ўлез, і адключэнні святла нам арганізаваў, тыпу як украінскі «блэкаўт». Вось толькі пры гэтым ён і не падумаў зрабіць для беларусаў «пункты нязломнасці», як ва Украіне.

І, як бы, у нас усё больш становіцца, як ва Украіне — толькі без вайны. Асабліва не пашанцавала Гомелю: не толькі святло адключылі, дык яшчэ і ваду дзе-нідзе. За двое сутак у горадзе здарыліся тры аварыі, у выніку чаго без вады заставалася больш за 100 дамоў. Усё б нічога, але такое спалучэнне і позіркі з Гомеля ў бок поўдня (да мяжы з Украінай там 40 кіламетраў) выклікаюць некаторыя трывожныя думкі.

А што, калі нас да нечага рыхтуюць? Што, калі наш урад разам з самаабвешчаным кіраўніком краіны такім цікавым чынам вырашыў ненавязліва прымусіць усіх закупіцца ліхтарыкамі і паўэрбанкамі?

Вельмі нездарма, напэўна, у канцы чацвёртага года вайны прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі рэзка змяніў сваю рыторыку ў дачыненні да Аляксандра Лукашэнкі. Усе чатыры гады ўкраінскі кіраўнік аддаваў перавагу дыстанцыяванню ад Святланы Ціханоўскай, а Лукашэнку наогул імкнуўся не згадваць. Многія звязвалі такую пазіцыю з тым, што Лукашэнка быў нейкім «пасярэднікам» у абмене палоннымі паміж Беларуссю і Украінай, і Зяленскі не хацеў нашкодзіць гэтым абменам.

Але на мінулым тыдні Зяленскага прарвала. Ён і Ціханоўскую ў Кіеў запрасіў, і паабяцаў прызначыць «моцнага прадстаўніка па Беларусі», і нават заявіў, што «шпіц Лукашэнкі мае больш правоў, чым грамадзяне Беларусі». І што цікава: такая рыторыка Зяленскага абменам палоннымі ніяк не перашкодзіла. Літаральна 5 лютага Украіна і Расія ў чарговы раз абмяняліся палоннымі праз тэрыторыю Беларусі — па 157 чалавек з абодвух бакоў. Як паведамляе прэс-служба прэзідэнта Украіны, з РФ перададзена 157 вайскоўцаў Узброеных Сіл Украіны, Нацыянальнай гвардыі, Дзяржаўнай памежнай службы. Большасць знаходзіліся ў палоне яшчэ з 2022 года. У паведамленні падкрэсліваецца, што «пры вяртанні расійскіх вайскоўцаў з палону пасярэдніцкія намаганні гуманітарнага характару аказалі Аб'яднаныя Арабскія Эміраты і ЗША».

А амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW) — гэта, да слова, тыя людзі, якія прадказалі напад Расіі на Украіну, толькі тады ім ніхто не паверыў — раптам робіць выснову, што метэазонды, якія ляцяць у бок літоўскай і польскай межаў з тэрыторыі Беларусі — гэта зусім нават не кантрабанда сігарэт. Гэта частка так званай «нулявой фазы» — этапу стварэння інфармацыйных і псіхалагічных умоў для магчымай будучай вайны паміж Расіяй і NATO. Паводле высновы экспертаў, такім чынам Масква правярае рэакцыю NATO, выкарыстоўваючы Беларусь у якасці плацдарма для правакацый і гібрыдных аперацый супраць заходніх дзяржаў.

І, вядома, калі Крэмль усё ж вырашыць ваяваць з NATO, то Беларусь тут абысці — практычна ніяк не атрымаецца. А значыць, першы ўдар прыйдзецца менавіта па нас — па нашай тэрыторыі і па нашай інфраструктуры. А каб народ Беларусі не апынуўся б да гэтага «раптам негатовым», урад клапоціцца аб насельніцтве — адключаючы святло і ваду. Каб у кожнага чалавека — не, не ў кожнай кватэры, а ў кожнага чалавека персанальна — быў ліхтарык, паўэрбанк і пару бутэлек чыстай вады на першы час.

А памятаеце, крыху больш за тыдзень таму Лукашэнка (зноў жа) загадаў знізіць тэмпературу ацяплення ў кватэрах? Для чаго гэта было зроблена? Па афіцыйнай версіі — для таго, каб не прарывала трубы. Тыя самыя трубы, якія кожны год мяняюць акурат для таго, каб іх «не прарывала» зімой. А насамрэч навошта?

Адзін абсурдны загад можна патлумачыць тым, што дзядуля забыўся прыняць таблеткі. Але калі такія загады ідуць адзін за адным — гэта ўжо нагадвае сістэму. І міжволі пачынаеш ствараць канспіралагічныя тэорыі пра тое, што ад нас хаваюць улады і якія ў іх ёсць таемныя намеры.

Бо зразумела, што калі Расія нападзе на NATO, пытацца дазволу ў Лукашэнкі ніхто не будзе. Добра, калі яго хаця б паставяць у вядомасць пра гэта (што, дарэчы, вельмі сумніўна — на фоне яго заляцанняў да ЗША). І напэўна, народу Беларусі ўсё ж варта быць гатовым да «ўдару ў адказ» хаця б у мінімальнай ступені.

Ці сапраўды так лічаць ва ўрадзе Беларусі?