Уладзімір Зяленскі катэгарычна адмаўляецца ад перамоў з Пуціным у Беларусі
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі лічыць недарэчнай Беларусь як месца правядзення перамоў па заканчэнні вайны ва Украіне. У той жа час ён мае намер прызначыць упаўнаважанага па Беларусі, які б супрацоўнічаў з дэмакратычнымі сіламі. Падаецца кіраўнік Украіны больш не баіцца злаваць Лукашэнку. Ідуць 1437-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

На працягу мінулых сутак ва Украіне зафіксавана 279 баявых сутыкненняў, паведамляе Генштаб УСУ ў зводцы 30 студзеня.
На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 87 штурмаў расіян ў раёнах Тарэцкага, Ніканораўкі, Радзінскага, Мірнаграду, Роўнага, Пакроўску, Котліна, Удачнага, Маладзецкага, Новамікалаеўкі і іншых.
На Гуляйпольскім кірунку расійцы 42 разы атакавалі ў раёне Гуляйполя і ў бок Дабраполля, Радаснага, Варвараўкі, Зялёнага, Прылук, Чыгуначнага, Аленаканстанцінаўкі і іншых.
На Аляксандраўскім кірунку армія РФ 23 разы атакавала ў раёне Вербавага і ў бок Іванаўкі, Іскры, Аляксандраграда, Аляксееўкі, Данілаўкі.
На Канстанцінаўскім кірунку расійцы здзейснілі 19 атак каля Плешчыеўкі, Шчарбінаўкі, Русінага Яру і іншых.
На Паўднёва-Слабажанскім кірунку расіяне 17 разоў штурмаваў пазіцыі УСУ ў раёнах Ваўчанску, Старыцы, Ціхага і іншых.
На Ліманскім кірунку РФ атакавала 13 разоў, спрабуючы прасунуцца каля Дробышава, Грэкаўкі, Зарэчнага і ў бок Дружалюбаўкі, Ставак.
На Купянскім кірунку адбылося 12 атак. Сілы абароны Украіны адбілі штурмавыя дзеянні ў раёнах Бароўскай Андрэеўкі і ў бок Купянска, Петрапаўлаўкі, Пясчанага, Наваасінавага.
На Паўночна-Слабажанскім (Курскім) кірунку за мінулыя суткі адбылося 11 боесутыкненняў.
* * *
У ноч на 30 студзеня Расія атакавала Украіну балістычнай ракетай Іскандэр-М і 111 ударнымі БпЛА тыпу Shahed, Гербера, Італмас і беспілотнікамі іншых тыпаў. Супрацьпаветранай абаронай збіта/задушана 80 БпЛА.
* * *
* * *
Украіна гатовая да дээскалацыйных крокаў і будзе люстрана прытрымлівацца энергетычнага перамір’я, хоць наўпрост у Абу-Дабі яно не абмяркоўвалася, заявіў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі падчас сустрэчы з журналістамі.
Нагадаем, увечары 29 студзеня прэзідэнт ЗША Дональд Трамп нечакана заявіў, што дамовіўся з кіраўніком Крамля Уладзімірам Пуціным аб спыненні ўдараў па Украіне.
«У Абу-Дабі абмяркоўваліся розныя пытанні, самыя адчувальныя… Амерыканцы сказалі, што хочуць падняць пытанне дээскалацыі — з абодвух бакоў дэманстраваць крокі па невыкарыстанні дальнабойных магчымасцяў, каб забяспечыць больш прасторы для дыпламатыі», — распавёў Зяленскі.
Ён падкрэсліў, што ўкраінскі бок будзе прытрымлівацца люстранога стаўлення адносна такіх крокаў.
«У любым выпадку, мы хочам скончыць вайну і мы гатовыя да дээскалацыйных крокаў. Калі не будзе Расія біць па нас, мы не будзем прымяняць крокі ў адказ. Вось і ўсё, і мы пра гэты прынцып раней ужо таксама казалі. Гэта магчымасць, а не дамоўленасць», — дадаў кіраўнік Украіны.
«Няма ніякіх сакрэтаў. Прамога дыялогу, прамых дамоўленасцяў на гэты конт паміж намі і Расіяй не было», — дадаў Зяленскі.
* * *
Абвешчаны прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампам тыднёвы мараторый на ўдары Расіі па Украіне можа быць выгадны Крамлю для назапашвання дронаў і ракет, піша амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW).
«Расійскія войска змогуць назапасіць арсеналы дронаў і ракет, якія яны змогуць выкарыстоўваць для ажыццяўлення буйных камбінаваных удараў у будучыні, пакуль Украіна спыніць свае ўдары па расійскай энергетычнай інфраструктуры», — гаворыцца ў справаздачы.
У ISW адзначылі, што Крэмль раней прапаноўваў кароткатэрміновыя спыненні агню ў межах кагнітыўнай вайны, спрабуючы паказаць гатоўнасць да дамоўленасцяў, адначасова адхіляючы заклікі Украіны і ЗША да больш працяглага або пастаяннага мараторыя на ўдары па грамадзянскай інфраструктуры.
Нагадаем, што раней СМІ паведамлялі пра тое, што Расія прымяняе для ўдараў па Украіне ракеты выпуску 2026 года. Гэта азначае, што запасаў ракет у РФ ужо няма.
* * *
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі падчас размовы з журналістамі катэгарычна адхіліў магчымасць сустрэчы з расійскім дыктатарам Уладзімірам Пуціным у Маскве. Пры гэтым ён публічна запрасіў кіраўніка Крамля у Кіеў.
«Гэта немагчыма, каб я сустракаўся з Пуціным у Маскве. Гэта гэтак жа як з Пуціным сустракацца ў Кіеве. Я гэтак жа магу запрасіць яго ў Кіеў, няхай прыязджае. Публічна запрашаю яго, калі ён вырашыцца, вядома», — сказаў Зяленскі.
Зяленскі чарговы раз паўтарыў, што Украіна сур’ёзна ставіцца да неабходнасці скончыць вайну. Таму падыходзіць любы рэальны фармат сустрэчы на ўзроўні лідараў, які спрацуе.
«Але ў Маскве і ў Беларусі гэта проста немагчыма і абсалютна зразумела чаму — таму што гэта дзяржавы, адна з якіх з’яўляецца агрэсарам, якая пачала і вядзе вайну супраць нас, забівае нас, а іншая краіна з’яўляецца яе партнёрам у гэтых дзеяннях», — заявіў Зяленскі.
* * *
Расійскае камандаванне ўстанавіла новы дэдлайн на захоп усяго Данбаса — да красавіка 2026 года, заявіў намеснік кіраўніка Офіса прэзідэнта Украіны Павел Паліса.
Ён адзначыў, што планы Крамля не змяніліся — расіяне хочуць захапіць увесь Данбас, і ўстанавілі новы «дэдлайн» — выйсці на адмінмежы Данбаса да канца сакавіка ці пачатку красавіка.
«Мільён разоў пераносіліся (дэдлайны РФ). Я асабіста не бачу магчымасцяў у Расіі выканаць гэтую задачу ў тэрмін», — адзначыў Паліса.
* * *
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў пра намер прызначыць упаўнаважанага па пытаннях Беларусі і падкрэсліў неабходнасць падтрымкі дэмакратычных сіл. Пра гэта ён сказаў падчас размовы з журналістамі.
«Я упаўнаважанага не прызначыў па Беларусі. Хачу прызначыць», — сказаў ён.
Зяленскі паведаміў, што імкнецца сустрэцца з некалькімі дыпламатамі, якіх разгледзіць на адпаведную пасаду. «Хочу моцнага чалавека на упаўнаважанага па Беларусі. Лічу, што гэта правільна. Трэба падтрымліваць намаганні дэмакратычных сіл Беларусі», — падкрэсліў прэзідэнт Украіны.