Разведка Украіны: 80% беларускіх прадпрыемстваў працуюць на абаронныя заказы Расіі
Расія наносіць удары па Украіне дронамі і ракетамі, не маючы сур'ёзных запасаў гэтай зброі. А таму вымушаная прасіць падтрымкі ў Беларусі. На Захадзе, ведаючы залежнасць кіраўніцтва РБ ад Пуціна, збіраюцца зрабіць на мяжы з Беларуссю рабатызаваную ахоўную сістэму. Ідуць 1432-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

На працягу мінулых сутак ва Украіне зафіксавана 127 баявых сутыкненняў, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 25 студзеня.
Траціна атак прыйшлася на Пакроўскі кірунак — там абаронцы Украіны спынілі 44 штурмы расіян у раёнах Пакроўску, Мірнаграду, Радзінскага, Котліна, Удачнага, Маладзецкага, Філіі і іншых.
На Гуляйпольскім кірунку расійцы 16 разоў спрабавалі прасунуцца каля Гуляйполя, Мірнага.
На Канстанцінаўскім кірунку расіяне здзейснілі 13 атак у раёнах Канстанцінаўкі, Клебан-Быка, Плешчыеўкі, Шчарбінаўкі, Яблонаўкі, Русінага Яру, Сафіеўкі і іншых.
* * *
РФ для нанясення ўдараў па Украіне выкарыстоўвае ракеты «з канвеера», паведаміў у эфіры тэлемарафону ўпаўнаважаны прэзідэнта Украіны па пытаннях санкцыйнай палітыкі Уладзіслаў Уласюк.
Паводле яго, РФ падчас начнога ўдару па Украіне 20 студзеня прымяніла ракеты 2026 года вытворчасці. «Каб падтрымліваць тую інтэнсіўнасць удараў, якую яны жадаюць, ім даводзіцца прымяняць вырабы з канвеера. Па "шахедах" карціна таксама вельмі падобная — яны як толькі вырабляюцца, адразу ідуць у работу», — сказаў Уласюк.
Паводле яго слоў, гэта азначае, што ў РФ няма сур'ёзных запасаў ракет і ударных БпЛА.
* * *
* * *
Спецыяльны пасланнік прэзідэнта ЗША Стыў Уіткаф назваў трохбаковыя перамовы ў ААЭ вельмі канструктыўнымі і анансаваў іх працяг на наступным тыдні.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі назваў канструктыўнымі перамовы паміж Украінай, ЗША і РФ у Абу-Дабі. Ён адзначыў, што гэта першы такі фармат за даволі доўгі час — двухдзённыя трохбаковыя сустрэчы: «Шмат што паспелі абмеркаваць, і важна, што размовы былі канструктыўнымі».
Паводле яго слоў, галоўнае, на чым засяродзіліся абмеркаванні, — гэта магчымыя параметры заканчэння вайны.
«Вельмі шаную, што ёсць усведамленне неабходнасці амерыканскага маніторынгу і кантролю за працэсам заканчэння вайны і захаваннем рэальнай бяспекі. Амерыканскі бок падымаў пытанне магчымых фарматаў зацвярджэння параметраў заканчэння вайны і неабходных для гэтага абставін бяспекі», — напісаў Зяленскі.
Па выніках сустрэч усе бакі дамовіліся далажыць у сваіх сталіцах па кожным з аспектаў перамоў і ўзгадніць з лідарамі далейшыя крокі.
Працяг трохбаковых перамоў паміж Украінай, ЗША і Расіяй у Аб'яднаных Арабскіх Эміратах запланаваны на наступную нядзелю, 1 лютага, паведаміў журналіст Axios Барак Равід са спасылкай на афіцыйнага прадстаўніка ЗША.
* * *
Паводле выдання Axios, у суботу ў Абу-Дабі праходзілі перамовы не толькі ў трохбаковым фармаце з удзелам Украіны, ЗША і Расіі, але і двухбаковыя перамовы Украіны і РФ без удзелу амерыканскага боку.
Амерыканскія чыноўнікі заявілі, што на працягу двух дзён перамоў былі абмеркаваны ўсе пытанні — тэрытарыяльныя патрабаванні Расіі на Данбасе, спрэчка па Запарожскай атамнай электрастанцыі і тое, якія крокі па дээскалацыі канфлікту будуць неабходныя абодвум бакам, каб дакладна даць зразумець, што вайна скончылася і не адновіцца.
«Абмяркоўвалася ўсё. Ніхто ні з аднаго боку не быў збянтэжаны дыскусіямі. Мы не пакінулі ніводнага пытання па-за абмеркаваннем і не павінны былі нікога падштурхоўваць. Мы бачылі вялікую павагу ў зале, таму што яны сапраўды шукалі рашэнне», — сказаў адзін з амерыканскіх чыноўнікаў.
Украінскі чыноўнік заявіў, што, хоць быў дасягнуты «значны прагрэс», усё яшчэ незразумела, ці сапраўды кіраўнік РФ Уладзімір Пуцін хоча скончыць вайну і ці надасць сваім перамоўшчыкам паўнамоцтвы заключыць пагадненне. «Пакуль рана рабіць высновы», — сказаў прадстаўнік Украіны.
«Мы вельмі блізкія да сустрэчы Пуціна і Зяленскага», — сказаў адзін з амерыканскіх чыноўнікаў. Ён выказаў здагадку, што калі наступная трохбаковая сустрэча ў Абу-Дабі прынясе больш прагрэсу, гэта можа прывесці да сустрэчы бакоў у Маскве ці Кіеве.
* * *
NATO плануе на працягу наступных двух гадоў стварыць бязлюдную рабатызаваную зону на мяжы з Расіяй і Беларуссю, а таксама назапасіць там значна больш зброі, паведаміў брыгадны генерал Бундэсвера Томас Ловін у інтэрв'ю выданню Welt am Sonntag.
Ловін стаў першым генералам NATO, які публічна распавёў пра новую канцэпцыю абароны — Eastern Flank Deterrence Line (EFDL) (Лінія стрымлівання на ўсходнім флангу). Паводле інфармацыі газеты, гэтую канцэпцыю плануецца рэалізаваць па магчымасці ўжо да канца 2027 года.
«Мы ўбачым адчувальна большыя запасы, чым раней, у дзяржавах NATO, якія мяжуюць з Расіяй», — заявіў выданню Ловін, які з'яўляецца намеснікам начальніка штаба па пытаннях аператыўнага кіравання Сухапутнага камандавання NATO ў Ізміры.
Паводле яго слоў, гэта будзе ўключаць «склады зброі і боепрыпасаў для пераўзбраення сістэм абароны ў аўтаматызаванай зоне, а таксама для аснашчэння сіл NATO».
Ловін адзначыў, што Альянс мае намер «пабудаваць комплексную шматслойную сістэму абароны ўздоўж мяжы з Расіяй і Беларуссю і выкарыстоўваць для абароны не толькі канвенцыйныя войскі, але і з дапамогай перашкод і тэхналогій стварыць рабатызаваную або аўтаматызаваную зону ў памежнай зоне з праціўнікам, якую таму прыйдзецца спачатку пераадолець».
Сістэма датчыкаў разведкі і ў значнай ступені аўтаматызаваная і рабатызаваная зброя павінны дапамагчы спыніць расійскія войскі на першым этапе нападу, адначасова захоўваючы жыцці ўласных салдат.
Паводле слоў генерала, новая аўтаматызаваная зона на мяжы з Расіяй і Беларуссю будзе пераважна бязлюднай.
* * *
Больш за 80% беларускіх прадпрыемстваў задзейнічаныя ў выкананні абаронных заказаў Расіі, распавёў у інтэрв'ю Укрінфарму першы намеснік кіраўніка Службы знешняй разведкі Украіны Алег Лугоўскі.
Паводле слоў прадстаўніка СЗР, беларускі ВПК з пачатку вайны цалкам інтэграваўся ў расійскую сістэму. «Больш за 80% беларускіх прадпрыемстваў задзейнічаныя ў выкананні расійскага дзяржабаронзаказу і дзяржпраграмы ўзбраенняў Расіі на 2025–2034 гады. Тэрыторыя Беларусі актыўна выкарыстоўваецца для пастаўкі тэхналогій і прадукцыі для прадпрыемстваў расійскага ВПК з мэтай абыходу санкцый», — сказаў ён.
Лугоўскі падкрэсліў, што беларускія прадпрыемствы займаюцца рамонтам бронетэхнікі, ракетна-артылерыйскага ўзбраення, сродкаў сувязі, аўтаматызаваных сістэм кіравання і авіяцыйнай тэхнікі.