Паміж Трампам і Гаагай: гульні Лукашэнкі з ЗША не ўратуюць яго ад трыбуналу?
Лукашэнка, пачаўшы перамоўны працэс з ЗША, напэўна лічыць, што схапіў Бога за бараду. Аднак, як паказваюць падзеі гэтага тыдня, гэта далёка не так. І нават калі не браць у разлік відавочную незадаволенасць Расіі — ніхто самаабвешчанаму беларускаму кіраўніку нічога забываць не збіраецца.

Калаж з planeta.press
Пра магчымую рэакцыю Расіі мы пісалі, але на гэтым тыдні латвійскае Бюро па абароне Канстытуцыі (SAB) выдала справаздачу, якая тычыцца, у тым ліку, Беларусі. З дастаткова кароткай зводкі мы даведаліся шмат цікавага. Але самы непрыемны для ўлады момант заключаецца ўсяго ў некалькіх радках справаздачы.
SAB папярэджвае, што Расія ўзмацняе ўплыў на ўнутрыпалітычныя працэсы ў Беларусі, спрабуючы знізіць рызыкі любых нечаканых змен рэжыму. Паводле ацэнак SAB, любая змена ўлады ў Беларусі без узгаднення з Крамлём успрымаецца як патэнцыйная пагроза. «Таму Расія спрабуе выбудаваць такую сістэму, пры якой будучы лідар краіны будзе заставацца структурна залежным ад прарасійскага курсу», — адзначае латвійская спецслужба.
Па факце справаздача гаворыць пра тое, што Масква ўжо цяпер пачала працу ў кірунку «Беларусь без Лукашэнкі» — прынамсі, так бачыць сітуацыю спецслужба краіны NATO, і ў нас няма падстаў ёй не верыць. Значыць, у Крамлі альбо нешта ведаюць пра стан Лукашэнкі, альбо «плануюць» яго будучы не вельмі прыемны стан. І, вядома, хацелі б стварыць «Лукашэнку 2.0», толькі больш пакладзістага.
Зрэшты, няма ў гэтай сітуацыі нічога новага, трэба толькі згадаць гісторыю. Асабліва зыходзячы з лічбаў даклада SAB, што каля 500 беларускіх прадпрыемстваў інтэграваныя ў ваенна-прамысловы комплекс РФ, грамадзянская эканоміка Беларусі фактычна працуе на ваенныя патрэбы Масквы, і ў будучыні гэтая роля Сінявокай будзе толькі расці.
Людзі старэйшага ўзросту, якія памятаюць першую прэзідэнцкую кампанію 1994 года, ведаюць, на чым «выехаў» Лукашэнка. Ён крычаў, што «запусціць заводы», і пры гэтым казаў, што «без Расіі нам кірдык», бо гэта наш асноўны эканамічны і стратэгічны партнёр. І цяпер, калі Масква задумваецца над «выбарамі без Лукашэнкі», яна ўсімі сіламі імкнецца стварыць тую ж самую сітуацыю і тыя ж перадумовы.
Той з імаверных кандыдатаў у прэзідэнты, хто будзе зноў казаць, што «без Расіі нам кірдык», і яна па-ранейшаму наш асноўны гандлёвы партнёр, і мы не можам ад яе адмовіцца — той, з вялікай доляй верагоднасці і будзе «Лукашэнкам 2.0».
А на Заходнім фронце, на які апошнім часам так спадзяецца кіраўнік РБ, таксама ўсё не бясхмарна. Там нават вырашылі трошкі прадэманстраваць Лукашэнку адрозненне дыктатуры ад дэмакратыі. І пакуль наш «першы» сцелецца пад іх «першага», уступаючы ў дзіўныя Саветы міру, у Кангрэсе ЗША запланаваныя слуханні, прысвечаныя сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі, палітычным зняволеным і працягу ціску на грамадзянскую супольнасць.
Перад слуханнямі Камісія па правах чалавека імя Тома Лантаса пры Кангрэсе ЗША распаўсюдзіла прэс-рэліз, больш падобны на «службовую запіску», у якой кангрэсменам нагадваецца, што такое Беларусь. У паведамленні камісіі тлумачыцца, што ўлады Беларусі на чале з Лукашэнкам вядуць маштабную кампанію рэпрэсій супраць дэмакратычнай апазіцыі.
Камісія, канешне, прызнае, што з ліпеня 2024 года беларускія ўлады пачалі серыю памілаванняў, вызваліўшы больш за 300 зняволеных, а адміністрацыя Трампа аказала дыпламатычную падтрымку гэтым вызваленням. Але пры гэтым «больш за 1100 палітычных зняволеных па-ранейшаму знаходзяцца ў турмах, а беларускі дэмакратычны рух працягвае дзейнічаць у асноўным у выгнанні», — гаворыцца ў прэс-рэлізе.
Глядзіце таксама

Падчас слуханняў удзельнікі абмяркуюць парушэнні правоў чалавека ў Беларусі, пазіцыю ўрада ЗША і магчымыя рэкамендацыі для Кангрэса. Сярод заяўленых выступоўцаў — былы палітвязень Сяргей Ціханоўскі, саветнік Святланы Ціханоўскай Дзяніс Кучынскі, а таксама дырэктар Freedom House у Літве Віціс Юрконіс.
Па-першае, такія слуханні — яркая дэманстрацыя (найперш, беларускаму рэжыму і яго служкам) таго, што не толькі Трамп «руліць» у ЗША. А па-другое, слуханні — гэта, верагодна, падрыхтоўка для працягу «Акта аб дэмакратыі ў Беларусі».
«Акт аб дэмакратыі, правах чалавека і суверэнітэце Беларусі» — гэта амерыканскі закон, які ўпершыню быў прыняты ў 2004 годзе і рэгулярна абнаўляўся. Дакумент пашырае магчымасці ЗША для санкцыйнага ціску на рэжым Лукашэнкі, дапамогі беларускай грамадзянскай супольнасці і незалежным СМІ, жанчынам, якія «выступаюць за свабоду і правы чалавека», палітычным бежанцам, якія ратуюцца ад рэпрэсій у Беларусі, не прызнае легітымнасць Лукашэнкі і прадугледжвае каардынацыю палітыкі ЗША ў дачыненні да Беларусі з іншымі краінамі. Гэты дакумент прымаецца парламентам ЗША кожны год.
У 2020 годзе яго падпісваў цяпер нібыта «вялікі сябар» Дональд Трамп. І не выключана, што ён падпіша яго і цяпер. Не тая Лукашэнка фігура, каб Трамп праз яго лішні раз сварыўся з Кангрэсам.
А яшчэ на гэтым тыдні Парламенцкая асамблея Савета Еўропы прыняла рэзалюцыю па Украіне, якая называецца «Падтрымка прыхільнасці ўсёабдымнаму, справядліваму і трываламу міру для Украіны і бяспекі еўрапейскага кантынента».
У мемарандуме да прынятай рэзалюцыі гаворыцца пра стварэнне Спецыяльнага трыбунала «для прыцягнення да адказнасці расійскіх і беларускіх лідараў за злачынствы агрэсіі супраць Украіны». У дакуменце таксама падкрэсліваецца, што агрэсіўная вайна Расіі, якая ажыццяўляецца пры ўдзеле рэжыму Лукашэнкі ў Беларусі, прывяла да ўзмацнення жорсткасці пазіцый абодвух рэжымаў.
У мемарандуме пазначаецца, што Беларусь, выступаючы суўдзельнікам агрэсіўнай вайны супраць Украіны, умацавала свой ваенны саюз з Расіяй. Асобна адзначаецца ўдзел Лукашэнкі ў дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей на тэрыторыю Беларусі.
Прыняцце падобных дакументаў, асабліва ўлічваючы адведзенае ў ім Беларусі месца, — гэта ўказанне на «доўгую памяць» сусветнай супольнасці. На тое, што ў будучыні будзе не забыты не толькі агрэсар, але і яго бліжэйшы саюзнік. І яму таксама рыхтуюць месца на лаве падсудных будучага трыбунала па Украіне.
Увогуле, зразумела, што Лукашэнку нельга пакідаць прэзідэнцкае крэсла: як толькі ён яго вызваліць, наступствы для яго асабіста апынуцца не вельмі радужнымі.
Вось толькі справаздача SAB мяркуе, што ён можа пакінуць сваю пасаду далёка не па сваёй волі.